Увечары 16 верасня 1999 года апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і яго сябар бізнэсовец Анатоль Красоўскі былі ў лазні, што па вуліцы Фабрычнай, 20 у Мінску. Каля 22.30 яны выйшлі з лазні, селі ў аўто Красоўскага… Пасьля гэтага ні іх, ні іх «Джып-чэрокі» не бачылі.
Як паведамляла пракуратура, што пачала крымінальную справу па факце знікнення В.Ганчара і А.Красоўскага, непадалёк былі знойдзеныя аскалепкі пласмасавых фараў, сляды тармажэння і ўдару аўто аб дрэва, а таксама сляды крыві.
Беларуская і міжнародная грамадскасць лічыць, што В.Ганчар і А.Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазрае ў датычнасці да іх выкрадання вышэйшых службовых асобаў Беларусі.
7 мая 1999 года на шляху ад аўтастаянкі да сваёй кватэры знік былы міністр унутраных спраў генерал Юры Захаранка.У Беларусі было яшчэ некалькі таямнічых знікненняў і смерцяў палітыкаў.
7 ліпеня 2000 года па дарозе ў мінскі аэрапорт знік тэлеаператар Зміцер Завадскі.
6 красавіка 1999 года раптоўна памёр былы спікер Вярхоўнага Савета Генадзь Карпенка.
Каментары