У ідэалягічным аддзеле Менгарвыканкаму лепш ведаюць, што глядзець менчукам.
Ад панядзелку ў праграмны пакет этэрнага тэлебачаньня «Космос ТВ» уключана тэлепраграма «НТВ‑Беларусь». Яна трансьлюецца заміж каналу «Наше кино». Зьмены ў праграмным пакеце «Космос ТВ» адбыліся ў адпаведнасьці з распараджэньнем Міністэрства інфармацыі. Рэтрансьляцыя каналу «НТВ‑Беларусь» абавязковая для ўсіх апэратараў шматканальнага тэлебачаньня на тэрыторыі Беларусі. Кабэльнае тэлебачаньне ўключыла ў праграмны пакет гэты канал ад 1 студзеня. Пры канцы году з сетак кабельнага тэлебачаньня быў выдалены кнаал навінаў CNN – з‑за нізкага рэйтынгу.

Інфармацыя пра магчымыя зьмены ў праграмных пакетах зьявілася амаль два тыдні таму на форуме сайту «Космос ТВ». Ананімная мэнэджэрка каналу выказала думку, што гэта пачатак «чысткі» дзіцячых і ня толькі тэлеканалаў. Нагодай для гэтага, на яе думку, маглі стаць лісты нібыта абураных гледачоў.
Сярод іншага яна паведаміла, Менгарвыканкам ня даў ўзгадненьня на вяшчаньне музычнага тэлеканалу «А‑One», зь якім ужо заключаная дамова аб вяшчаньні. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў начальнік упраўленьня ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму Генадзь Курбека:«Нам не спадабалася тое, што трансьлюе гэты канал, тым больш музычных тэлепраграмаў у нас не бракуе». Па яго словах у «Космас ТВ» зьбіраюцца зьвярнуцца ў Рэспубліканскую экспэртную камісію па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці, якая мусіць ацаніць маральна‑этычныя вартасьці праграмаў каналу «А‑One». Калі камісія дасьць дабро, Менгарвыканкам адразу ж дазволіць яго трансляцыю, кажа сп. Курбека. Па яго словах, канал «Nickelodeon» таксама «не вучыў дзяцей чыстаму і сьветламу», таму яго й зьмянілі.
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец называе дзеяньні Міністэрства інфармацыі і Менгарвыканкаму цэнзурай. Па яго меркаваньні гэтыя структуры, як органы выканаўчай улады, не павінныя ўмешвацца ў такія справы, як фармаваньне праграмных пакетаў тэлекампаніяў. Тым больш, калі телекампанія ўжо мае дамову з праваўладальнікам аб трансляцыі каналу, як у выпадку з каналам «А‑One».
LJ-user
Каментары