Ліст Мядзведзеву і Пуціну публікуе расійская "Новая газета". Ірына Халіп просіць за заступіцца за яе мужа Андрэя Саннікава.
Жонка
Паважаныя Святлана Уладзіміраўна і Людміла Аляксандраўна!
Я, грамадзянка Беларусі Ірына Халіп, звяртаюся да вас як жонка палітвязня Андрэя Саннікава і маці чатырохгадовага Данііла Саннікава. Спадзяюся, што вы, як жонкі і маці, зразумееце мяне.
Мой муж, кандыдат у прэзідэнты Беларусі, быў кінуты за краты ў дзень выбараў. Яго прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у выбарах і мірнай дэманстрацыі пратэсту. Лукашэнка расправіўся з ім за ўсё — за тое, што Андрэй быў моцным супернікам, за тое, што мае досвед дзяржаўнай службы, за тое, што, сыйшоўшы ў адстаўку з пасады намесніка міністра замежных спраў у рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, застаўся значнай фігурай у палітыцы. Ён меў усе шанцы перамагчы на выбарах (калі б яны былі сумленнымі) і выбудаваць нармальныя адносіны і з Расіяй, і з Захадам. За гэта і сядзіць у турме.
Зараз сітуацыю можна назваць крытычнай.
Беларускія спецслужбы робяць усё, каб ператварыць мяне ва ўдаву, а нашага сына — у сірату.
На жаль, наш Даня ўжо мае сумны досвед сіроцтва: 19 снежня я была арыштаваная разам з мужам, а Даню дзяржава спрабавала забраць у дзіцячы дом. Я не хачу, каб ён стаў сіратой.
Вы таксама — жонкі і маці.
І я прашу вас пераканаць вашых мужоў выкарыстоўваць усе магчымасці, каб не дапусціць фізічнага знішчэння майго мужа Андрэя Саннікава і запатрабаваць ад Лукашэнкі вызваліць яго і іншых беларускіх палітвязняў.
Я не сумняваюся, што вы знойдзеце патрэбныя словы.
З павагай і надзеяй на разуменне.
Ірына Халіп
Каментары