або Што ў Мінску можна зрабіць са сваімі валасамі.
Здаровыя і прыгожыя валасы — мара кожнай жанчыны. Гэтым карыстаюцца вытворцы касметычнай прадукцыі, пастаўляючы на рынак новыя тавары і паслугі па догляду за валасамі.
За апошнія гады пералік паслуг беларускіх цырульняў і салонаў прыгажосці значна пашырыўся. Мы вырашылі высветліць, для чаго прызначаная тая ці іншая працэдура. Разабрацца ў гэтым дапамагаў стыліст, кіраўнік Дома прыгажосці «Мусон» Аляксандр Кірынюк.
Тэрмастрыжка, альбо стрыжка гарачымі нажніцамі, дае эфект запайвання воласа. Гэта абараняе яго ад шкоднага вонкавага ўздзеяння і захоўвае ўнутры ўсе каштоўныя рэчывы. Пры традыцыйнай стрыжцы кончыкі валасоў застаюцца «адчыненымі», што прыводзіць да крохкасці, «пасечанасці».
Пры тэрмастрыжцы рэжучая частка нажніц награваецца ад электратоку да патрэбнай тэмпературы (80—180єС у залежнасці ад тыпу валасоў). Затым майстар стрыжэ, як звычайна. Можаце не хвалявацца за сваю бяспеку: паверхня нажніц пакрытая ахоўным корпусам з пластыку, што абараняе галаву ад цеплавога ўздзеяння.
Выконваць такую працэдуру спецыялісты раяць раз на 1-2 месяцы. У першую чаргу — ўладальніцам светлых валасоў, а таксама, калі вашы валасы тонкія.
Кошт — каля 150 000 рублёў
Сярод паслуг цырульных салонаў ёсць глазураванне, ламінаванне, элюмінаванне і экранаванне. Усё гэта — працэдуры зберагальнага безаміячнага фарбавання, таніравання валасоў са стварэннем ахоўнай плёнкі, якая надае дадатковае ззянне.
Самай недарагой працэдурай групы з’яўляецца глазураванне — пакрыццё валасоў пластам «глазуры» з керамідамі. Гэта дае дадатковы бляск, што асабліва заўважна на порыстых і пашкоджаных валасах. Глазурная плёнка змываецца за пару тыдняў.
Кошт — каля 300 000 рублёў.
Калі вы хочаце, каб вашыя валасы не толькі ззялі, але і павялічыліся ў аб'ёме, можаце паспрабаваць ламінаванне. На валасы на паўгадзіны наносіцца спецыяльны раствор з карыснымі рэчывамі, які ахінае валасінкі і «заляпляе» пасечаныя кончыкі. Затым «ламінат» змываюць. У выніку валасы атрымліваюць дадатковае ззянне і аб’ём. Такі эфект доўжыцца ад 3 да 6 тыдняў, паступова змываючыся. Беларускі найчасцей робяць ламінаванне напярэдадні важнай жыццёвай падзеі: выпускнога ці вяселля.
Кошт (у залежнасці ад даўжыні валасоў) — 400 000 -- 1 000 000 рублёў.
Экранаванне — гэта догляд за валасамі, які забяспечвае ахову ад уздзеяння навакольнага асяроддзя, сілкаванне і ўвільгатненне. Па меркаванні некаторых спецыялістаў, экранаванне лечыць унутраную структуру валасоў, а ламінаванне — вонкавую.
Кошт — каля 400 000 рублёў.
Калі ламінаванне зробіць вашыя валасы бліскучымі, не змяняючы іх колер, то элюмінаванне — гэта фарбаванне валасоў спецыяльным рэчывам — элюменам. Элюмінаванне называюць яшчэ іонным фарбаваннем, волас зараджаны станоўча, а фарбавальнік — адмоўна. У выніку колер трымаецца даўжэй, а валасы робяцца больш здаровымі, бо фарбаванне элюменам не вымагае акісляльніка. Па ўздзеянні на валасы элюмен параўноўваюць з хной.
Элюмен наносяць на сухія і чыстыя валасы з дапамогай спецыяльнай насадкі і вытрымліваюць 20—30 хвілін. Насадка неабходная, каб фарбавальнік не патрапіў на скуру галавы. Трымаецца элюмен 3-4 тыдні.
Кошт (у залежнасці ад даўжыні валасоў) — 400 000 -- 1 000 000 рублёў.
Каўтэрызацыя — гэта лячэбная працэдура, якая сілкуе і паслядоўна ўзнаўляе пашкоджаны волас: ад унутранай часткі да паверхні. Бывае халодная і гарачая каўтэрызацыя. Апошняя выкарыстоўваецца, калі валасы надзвычай пашкоджаныя. Працэдура ўключае некалькі этапаў: 1. Мыццё галавы спецыяльным шампунем. 2. На вільготныя валасы наносяць каўтэрызацыйную сываратку, пасля чаго іх сушаць фенам і праводзяць парыкмахерскім прасам. Цеплыня неабходная, каб усе карысныя рэчывы патрапілі ў волас. 3. Затым — яшчэ адно мыццё галавы і нанясенне комплексу спецыяльный сродкаў.
Пры халоднай каўтэрызацыі паслядоўнасць дзеянняў такая ж, але без выкарыстання праса. Курс лячэння ўключае чатыры працэдуры ў месяц.
Кошт — каля 300 000 рублёў.
Каментары