У Мінску гэтым летам плануецца высадзіць больш за 2 мільёны кветак.
Напярэдадні сезона азеляняльнікі распрацавалі праекты кветкавага афармлення горада. Новыя кампазіцыі, у тым ліку нацыянальнай тэматыкі, з’явяцца на галоўных мінскіх праспектах — Незалежнасці і Пераможцаў.
Каля аўтавакзала «Маскоўскі» «прызямліцца» бусел з кветак. У якасці дэкаратыўных элементаў будуць прымяняць габіёны — канструкцыі ў форме каркаса з металічнай сеткі, запоўненыя друзам, галькай або камянямі. Навінкі ўпершыню размясцілі ў 2011 годзе ў гатэлі «Планета». Гэтым летам арыгінальныя сеткаватыя кампазіцыі ў форме пірамід з’явяцца на праспекце Пераможцаў і каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук.
Кветкавы сезон азеляняльнікі пачнуць у трэцяй дэкадзе красавіка. Першымі ў сілу іх холадаўстойлівасці высаджваюць браткі. Вясновы ж настрой мінчанам ужо ствараюць гіяцынты і крокусы, высаджаныя на асноўных магістралях горада восенню мінулага года.
Каментары