Кіно

У Канах перамагло «Каханне»

«Залатой пальмавай галінай» 65-га Канскага кінафестывалю ўзнагародзілі «Каханне» Міхаэля Ханэке.

Міхаэль Ханэке ўжо другі раз у сваёй кар’еры робіцца лаўрэатам галоўнай узнагароды самага прэстыжнага кінаагляду свету. Яго цяперашні прыз не ганаровы, а актуальны, асэнсаваны, своечасовы. У Канах-2012 добрая палова фільмаў была так ці інакш прысвечаная каханню, але ніхто не выказаўся па старадаўнім пытанні так выразна і глыбока, як Ханэке. Ён упершыню паказаў сябе больш гуманістам, чым маралістам, і прадэманстраваў рэдкую мудрасць, бясстрашна атакаваўшы зацяганую тэму. Прыз заслужаны, а меркаванні наконт таго, як па-дурному даваць за другі фільм запар тую самую ўзнагароду, не вартыя сур’ёзнай гутаркі.

«Каханне» было найлепшым фільмам фестывалю. Цяпер гэта задакументавана афіцыйна.

Прэтэнзіі да журы, якое ўзначальваў італьянскі рэжысёр і культуртрегер Нані Марэці, выказалі, здаецца, усе. І гэта зразумела: цяжка знайсці тую карціну свету, у якую ўпішуцца адначасова эстэт-радыкал Карлас Рэйгадас і Матэа Гаронэ, што дагаджае папулярным густам, аскетызм румынскай новай хвалі Крысціяна Мунджыу і дыхтоўнае сацыяльнае кіно Томаса Вінтэрберга або Кена Лоўча. Мяркуючы па ўсім, вердыкт журы — сапраўды плён калектыўнай працы, а не спроба паслядоўнага выказвання пра стан свету і кінематографу. Аднак калі гэта і кампраміс, то кампраміс высокага класа.

Сінефілам кінулі костку, даўшы Рэйгадасу за яго «Post Tenebras Lux» рэжысёрскі прыз.

Кіно не з самых удалых, але смелыя эксперыменты трэба заахвочваць. Але і шырокай аўдыторыі Каны павінныя дагадзіць, інакш ім наканавана будзе ператварыцца ў Лакарна або Ратэрдам, страціўшы ўвагу ўсяго свету. Адсюль (а зусім не з мафіёзных меркаванняў, як западозрылі скептыкі) і прысуджэнне прэстыжнага Гран-пры «Рэальнасці» Гаронэ, якаснаму і далёка не дурному ўзору італьянскай сацыяльнай камедыі. Іншы прыклад — атрымала прыз журы «Доля анёла» Лоўча. Таксама смешная і аптымістычная камедыя, таксама з палітычным падтэкстам.

Вядома, тэматычная актуальнасць вельмі важная. Няхай «Паляванне» Вінтэрберга — карціна кансерватыўная, але гісторыя прыстойнага чалавека, якога западозрылі ў педафіліі, своечасовая і надзённая.

Журы мудра абышло сам фільм, але ўручыла прыз бясспрэчнаму ўлюбёнцу публікі Мадсу Мікельсэну, які і сыграў вельмі добра, і ў прызе мае патрэбу больш, чым які-небудзь Брэд Піт (таксама тэарэтычны прэтэндэнт). З іншага боку, Мікельсэн — еўрапейская зорка, а фестывалі павінныя заахвочваць пачаткоўцаў. Раўнавага была адноўленая шляхам прысуджэння прыза за найлепшую жаночую ролю адразу дзвюм дзяўчатам-дэбютанткам, фенаменальна пераканаўчым у драме «За пагоркамі» Мунджыу — Крысціне Флутур і Касміне Стратан.

Цяжка штосьці запярэчыць і супраць узнагароджання самога Мунджыу за сцэнар: румынскі аўтар прайшоў па вастрыі нажа, звёўшы ў адным сюжэце атэістаў і фанатыкаў, закаханых і абыякавых.

Так, яго ж фільм таксама пра каханне.

Верагодна, аналітычнай і віртуознай стужцы Сяргея Лазніцы «У тумане», на думку журы, не хапіла менавіта эмацыйнасці і цяпла, якія адчуваюцца ў кожнай з узнагароджаных карцін. Затое крытыкам гэта не перашкодзіла ўручыць яму прыз міжнароднай прэсы ФІПРЭСІ, а для любога рэжысёра аўтарскага кіно прызнанне крытыкаў важнейшае за іншыя трафеі.

Яшчэ больш пашанцавала ўчорашняй студэнтцы ВГИКа Таісіі Ігуменцавай з паўгадзіннай працай «Дарога на», прадстаўленай у конкурсе дыпломных карцін «Сінефандасьён».

Ігуменцава атрымала першы прыз і 15 тысяч еўра з рук прэзідэнта кароткаметражнага журы Жан-П’ера Дардэна. Дарэчы, яе фільм таксама пра вострую форму кахання, якое перажываюць маладыя касірка і клерк.

Неардынарнай формай выражэння гэтага пачуцця робіцца своеасаблівы перформанс, падчас якога закаханыя, надзеўшы свае найлепшыя касцюмы, прыходзяць ноччу на двор маскоўскай шматпавярхоўкі і голасна пакрываюць яе спячых насельнікаў такім жа шматпавярховым матам.

Вельмі далікатнае кіно і вельмі пацешнае, хоць цяперашнюю канскую лаўрэатку Ігуменцаву і не хацелі атэстоўваць у родным інстытуце — маўляў, няма чаго лаяцца з экрана.

Многія абураюцца тым, што журы насмелілася праігнараваць іх фаварытаў. Далей прозвішчы вар’ююцца: адным крыўдна за Леоса Каракса, другім — за Хона Сан-Су, трэціх абразіла няўвага суддзяў да старэнькага Алена Рэнэ.

Тут час успомніць, што фестываль — усяго толькі ўмоўная гульня ў пераможцаў і пераможаных, і для любых прадзюсараў нашмат важнейшыя продажы фільма на кінарынку і рэцэнзіі пасля афіцыйнай прэм’еры, чым адзнака пра прыз на постары.

У тых жа Каракса і Хона ёсць магутныя фан-базы, якія іх узнясуць без лішніх «пальмаў», а Рэнэ паспелі прысудзіць ганаровую ўзнагароду яшчэ за мінулы фільм (які быў лепшы за цяперашні) і хопіць. Ён, дзякуй Богу, даўно гаворыць з вечнасцю, а не з Нані Марэці.

Апошнім падарункам Канаў стаў паказ фільма «Мад», новай працы аднаго з самых маладых канкурсантаў — 34-гадовага Джэфа Нікалса. Яго адсутнасць у спісе прызёраў можа тлумачыцца рэзкай нелюбоўю Марэці да амерыканскага кіно або тым, што да суботы прызы ўжо былі размеркаваныя, і расклад вырашылі не мяняць.

Так ці інакш, «Мад» стаўся адной з самых кранальных і пацешных карцін пра першае каханне, знятых за апошнія 100 гадоў. Тут каханне не элемент інтрыгі, а разлітая ў паветры субстанцыя, магутная ідэя, гатовая ўвасобіцца ў першым сустрэчным і першай сустрэчнай, якімі б недасканалымі яны ні былі.

Што да сюжэту, то ён з’яўляецца разгорнутым парафразам «Прыгодаў Тома Соера і Гекльберы Фіна». Двое цэнтральных герояў — хлопчыкі, якія жывуць на берагах Місісіпі, а таямнічы Мад (нечакана эфектная роля Мэцью Маконахі) — рамантычны ўцякач, які ўчыніў забойства ў імя каханай дзяўчыны; па сутнасці, індзеец Джо, які робіцца не ворагам, а саюзнікам сучасных Тома з Гекам. Няспынныя апладысменты на фінальных тытрах сведчылі не толькі пра талент Нікалса, рэжысёра насамрэч самабытнага, але і пра тое, што слова «каханне» ў загалоўку самога нашумелага канскага фільма паўстала зусім невыпадкова.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў4

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў

Усе навіны →
Усе навіны

У адзіным у Мінску доме-«калодзежы» прадаюць мансардную кватэру. Гэта трэба бачыць2

З Гродна запусцяць яшчэ тры аўтобусы ў Варшаву2

На міжнародным тэатральным фестывалі ў Магілёве амаль усе пастаноўкі будуць з Расіі1

У Мінску прадаюць самалёт Іл-76

З’явілася ВІДЭА моманту ўдару ўкраінскай ракеты «Фламінга» па Воткінскім заводзе, дзе вырабляюць «Іскандэры»9

«Ці можна абмяняць на Кардаш?». Жонка ўкраінца, выкрадзенага 11 гадоў таму ў Данецку, расказала пра мужа

«Было як землятрус». Украіна знішчыла вытворчасць сыравіны для выбухоўкі ў Смаленскай вобласці побач з Беларуссю12

Расійскі зэк-вайсковец пакрыўдзіўся на слова «апушчаны» і расстраляў шэсць саслужыўцаў25

Што вядома пра 13‑гадовую дачку Кім Чэн Ына, якую лічаць пераемніцай11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў4

«Набліжаецца момант пералому сітуацыі». Вадзім Кабанчук пра план для беларусаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць