Архіў

Сяргей Харэўскі. У сьмерці жыцьцё

№ 25 (146), 1999 г.


 

Сяргей Харэўскі

У сьмерці жыцьцё

 

Ілюстраваць творы Эдгара По даволі лёгка. Яшчэ ў мастацкай школе мы дзеля забавы малявалі вусьцішныя карцінкі паводле ягоных апавяданьняў. Зазвычай гэта былі сцэнкі гішпанскае інквізыцыі альбо карыкатурныя выявы звар’яцелага арангутанга.

Калі пазьней давялося зноў зьвяртацца да твораў По, я зразумеў, чаму гэтак проста даюцца ягоныя вобразы, чаму іх лёгка можна выяўляць на паперы. Эдгар По друкаваў свае апавяданьні ў газэтах, а таму дасягаў максымальнае завершанасьці, не пакідаючы розначытаньняў. У ягоных творах няма фантастыкі, якая цяжка паддаецца візуальнаму асэнсаваньню. Усё, што ён напісаў, магло адбыцца наяве. Бо любая крымінальная кроніка ў газэце, пагатоў амэрыканская мінулага стагодзьдзя — давала плойму завершаных і жудасных сюжэтаў. Як у апавяданьні «Чорны кот»:

 

«Абамлеўшы, я адхінуўся да супрацьлеглае сьценкі. Нейкае ймгненьне паліцыянты заставаліся нерухомыя, апанаваныя жахам і пакорлівым страхам. У наступны міг тузін моцных рук завіхаўся каля сьцяны. Яна адразу абрынулася. Труп, ужо падгнілы і ўквэцаны крывёю, стаяў проста перад вачыма сьведкаў».

Згадзіцеся, гэта ўяўляецца адразу, нібы на экране тэлевізару. Але, акрамя простае канстатацыі, аўтар уводзіць яшчэ й перажываньні саміх злачынцаў, распавядаючы ад іхнага імя. Вось дзе зьяўляецца тая паўмістычная атмасфэра, якая і нясе ў сабе мізантрапічную абаяльнасьць ягонае літаратуры. Узяўшыся за алавік, мастак-ілюстратар малюе не дэтэктыўную сцэну, а нешта большае, што ляжыць па-за рэчаіснасьцю.

У адрозьненьне ад сваіх сучасьнікаў, напрыклад Вашынгтона Ірвінга, Эдгар По пераўвасабляў рэчаіснасць у сюррэалізм, апярэдзіўшы гэты стыль на паўстагодзьдзя. А Ірвінг, якога побач з По ўважаюць за пачынальніка амэрыканскае літаратуры, наадварот, сюррэалістычныя паданьні Новае Англіі пераўвасабляў у штодзённасьць, пазбаўляючы іх таямніцаў. Такая «рацыяналізацыя» была даспадобы новым эмігрантам. Мо таму Ірвінга і лічаць заснавальнікам уласна амэрыканскае прозы. А чытаючы Эдгара По, мала хто задумляецца, адкуль ён родам. А тут яшчэ й характарыстыкі канкрэтнага гістарычнага часу прападаюць у ягоных творах. Як у вершы «Анабэль Лі»:

І таму я ўначы тут ляжу на плячы
Самай юнай каханай і пекнай з жанчын
Ў каралеўстве прыморскай зямлі —
Тут, у склепе прыморскай зямлі...

Я ўяўляю сабе шырачэзны дыяпазон візуальнага адлюстраваньня гэтых радкоў: ад клясычнае графікі з прысмакам рэтра, да найноўшага кліпу на МТV. І зноў-такі — ніякіх розначытаньняў. Склеп, нябожчыца, ейны каханак.

Нашмат цяжэй намаляваць партрэт самога Эдгара По. Колькі я ні браўся за гэтую задачу, заставалася пачуцьцё, што малюю нежывога чалавека. Сярод прыжыцьцёвых партрэтаў пісьменьніка няма ніводнага, дзе ён бы паўставаў гэткім, якім быў: алькаголік з заечай губою, з паталягічна ўвагнутым тварам. Усе ягоныя партрэты прыхарошаныя. І ў іх не разгледзець самога чалавека. Бадай, правобраз рэальнага По можна знайсьці толькі ў ягоных творах.

У пісьменьніка ёсьць навэла «Авальны партрэт» — пра мастака, які маляваў партрэт дзяўчыны. Але чым лепей атрымліваўся партрэт, чым больш у ім было жыцьцёвасьці, тым горш станавілася дзяўчыне. Мадэль урэшце памірае, калі перад мастаком на палатне паўстае ягоны шэдэўр. Гэтая навэла спарадзіла цэлую галерэю літаратурных твораў, прысьвечаных тэме партрэта і чалавека. Дарэчы, у першым сваім варыянце, 1842 году, твор зваўся «У сьмерці жыцьцё». Бясконцыя варыянты сьмяртэльных сюжэтаў По забясьпечылі яму доўгае жыцьцё.


Каментары

Цяпер чытаюць

«Казаў, што знішчыць мяне, бо ў яго сувязі і пагоны». Былая жонка ваюе з падпалкоўнікам. Таго панізілі да ўчастковага16

«Казаў, што знішчыць мяне, бо ў яго сувязі і пагоны». Былая жонка ваюе з падпалкоўнікам. Таго панізілі да ўчастковага

Усе навіны →
Усе навіны

Англійскі футбольны клуб дыскваліфікавалі за шпіянаж за супернікамі1

Паслухайце песню «Зямля бацькоў», якую на «Фестывалі надзеі» выконвалі тройчы15

Нацыянальны мастацкі музей набыў слуцкі пояс даўжынёй больш за чатыры метры4

У Беларусі запусцяць расійскую сістэму, якая прэзентуецца як аналаг Starlink3

Праз два гады ў Еўропы будзе новы пастаўшчык газу

Мужчыну прызналі зніклым без вестак, ягоным дзецям выплачвалі пенсію. А пасля ён знайшоўся1

Украіна адкрыла дарогу сваім дронам для ўдараў па Расіі, знішчыўшы прыфрантавую СПА

У мінскім метро назвалі пяць найбольш загружаных станцый1

Сын Калаўра кінуў хлебную працу і ўзначаліць першы беларускі крыптабанк11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Казаў, што знішчыць мяне, бо ў яго сувязі і пагоны». Былая жонка ваюе з падпалкоўнікам. Таго панізілі да ўчастковага16

«Казаў, што знішчыць мяне, бо ў яго сувязі і пагоны». Былая жонка ваюе з падпалкоўнікам. Таго панізілі да ўчастковага

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць