Архіў

Сяргей Паўлоўскі. Рыса аселасьці

№ 33 (154), 6 — 13 сьнежня 1999 г.


 

Сяргей Паўлоўскі

Рыса аселасьці

 

За апошнія 10 гадоў колькасьць жыдоў у Беларусі скарацілася радыкальна, амаль у 5 разоў — да трыццаці тысяч. У параўнаньні зь перадваенным часам — жменька людзей. Ня стала іх, ня стала і нас. Іх — колькасна, нас — роўна настолькі ж — якасна. Яны перамясьціліся ў Ізраіль і Амэрыку, везучы ў сваіх валізах незапатрабаваныя намі ізумруды нашай гісторыі і нашага духу, з мацерыка Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Яшчэ да вайны жыды складалі палову насельніцтва беларускіх, польскіх і літоўскіх гарадоў і мястэчак. У Расею іх не пускалі, таму рыса аселасьці была тут. Не ў апошнюю чаргу менавіта дзякуючы ім гэтая паласа зямлі ад Балтыйскага да Чорнага мора набыла адзінства і свой характэрны выгляд, які ў нас асацыюецца з ВКЛ. Сёньня мы, беларусы, існуем у стане поўнай адчужанасьці зь літоўцамі ды ўкраінцамі і задаемся пытаньнем: як гэта мы з гэтымі народамі пражылі ў межах адной краіны паўтысячы гадоў? Аднак варта ўявіць сабе колішняга падарожніка ад Каралеўца да Крыма, які паўсюль сустракаў жыдоў, а яшчэ татараў і польскамоўную шляхту, каб зразумець, што гэтая зямля мела адзіны культурны ляндшафт. Менавіта жыды ўтваралі нашую супольнасьць, нашае цэнтральнаэўрапейскае адзінства.

У Расеі іх не любілі, таму слова «жыд» у расейскай мове стала абразьлівым. З русіфікацыяй тое ж панесьлі і сюды. Літоўцы трымаліся за свайго «жыдаса», палякі — за свайго «жыда», інстынктыўна разумеючы, што той, хто зрабіў імя іншае нацыі ў сваёй мове абразаю, не ад тае нацыі адняў, а ад сябе. Не любіць жыдоў у Беларусі не было падставаў ніколі. Нелюбоў прыйшла разам з русіфікацыяй.

Аднак і прынесены нам наўзамен «жыда» куртаты ў беларускім гучаньні расейскі «яўрэй» не прыжываўся. Спатрэбілася забараніць мноства клясычных тэкстаў беларускай літаратуры, у тым ліку і Купалаў верш «Усебеларускія жыды», каб правесьці гэтую ўніфікацыю, каб і мы пачалі разьвіваць у сабе пачуцьцё бытавога антысэмітызму. Зьмены cтаўленьне да жыда сталі зьменаю стаўленьне да беларуса. Калі жыд — абраза, тады і беларус — абраза. Жыд — скнара, а беларус — калхозьнік. І далей — пшэк таргаш, украінец — хахол, літовец — лабус. Абразы, абразы... Харошы толькі расеец, які шчодра дзяліўся з намі сваім імпэрскім шавіністычным досьведам. І мы прымалі, не разумеючы, што фатальна страчваем сябе.

Калі вы шукаеце ў Менску асаблівае духоўнасьці гораду і не знаходзіце, калі вы спрабуеце адчуць дух Вялікага Княства і не адчуваеце, калі ў вас не заладжваецца гаворка з палякам, літоўцам або ўкраінцам, я магу дапусьціць, з-за чаго гэта і якая зьвязка выпала з колішняе супольнасьці. Разам з жыдамі і яшчэ хіба з татарамі, у гэткай чалавечай разнастайнасьці і побач з прыкладамі суседніх тыранічных дзяржаваў ВКЛ нагадвала Амэрыку часоў стварэньня найстарэйшай у сьвеце канстытуцыі. Можа таму паўстаў у нашым краі ўжо ня надта зразумелы сёньня фэномэн талерантнасьці...

Але іх няма. Няма і нас. І калі яны зьехалі зь незапатрабаванымі ізумрудамі нашай супольнай духоўнасьці, дык мы пакінулі сабе ад іх адно голы і ні на чым не ўгрунтаваны антысэмітызм і калхозную беднасьць духу. З тым і засталіся, бясконца задоўжыўшы свой шлях да самых сябе. Беларус не пачуваецца гаспадаром у сваёй краіне, бо жыве не ў Беларусі, а ў чужой пакінутай паласе аселасьці.


Каментары

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Навагодні стол за 20 рублёў: беларуска паказала, што здолела купіць на такія грошы6

«Пасля ўскрыцця не захоўваць». Ці азначае гэта фраза на ўпакоўцы малака, што яго трэба выпіваць адразу?9

Расія з-за зніжак Кітаю і Індыі прадае нафту са стратамі7

Зяленскі: Было б пажадана, каб Трамп прыляцеў ва Украіну самалётам

Вялікі «Зубр» і пустая Плошча. Гісторыя жыцця Андрэя Пятрова16

Туск: ЗША гатовыя паслаць войскі на тэрыторыю Украіны

Ціханоўская прызналася, што абавязкова глядзіць навагодні тэлезварот Зяленскага1

Прызналі небяспечнымі для здароўя шпікі, вырабленыя цэментным заводам7

Пытанне адмены роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй так дагэтуль і не вырашана1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З Новым годам! За «іх там» — за тых, хто не з намі!3

З Новым годам! За «іх там» — за тых, хто не з намі!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць