Данія стала першай краінай у Еўропе, якая адмовілася ад дастаўкі папяровых лістоў
Прычынай такога кроку стала рэзкае падзенне попыту.

Данія стала першай краінай у Еўропе, якая цалкам адмовілася ад дастаўкі папяровых лістоў паштовай службай, паведамляе CNN.
Прычынай такога кроку стала рэзкае падзенне попыту. Паводле даных за 2024 год, аб’ём адпраўляемых у краіне папяровых лістоў скараціўся больш чым на 90% у параўнанні з пікавымі паказчыкамі пачатку 2000‑х гадоў.
Грамадзяне і бізнэс даўно перайшлі на электронныя сродкі камунікацыі, а дзяржаўныя паслугі амаль цалкам пераведзены ў лічбавы фармат.
Нацыянальны паштовы аператар PostNord ужо прыступіў да практычнай рэалізацыі рэформы: па ўсёй краіне пачаўся дэмантаж каля 1500 вулічных паштовых скрыняў. Іх продаж нечакана стаў папулярным сярод датчан, ператварыўшы старыя сінія скрыні ў настальгічныя артэфакты мінулай эпохі. Пры гэтым кампанія працягне і нават нарошчвае дастаўку пасылак, чаму спрыяе бум электроннага гандлю.
Каментары