Архіў

Уладзімер Ракіцкі: «У Бялынічах была страшная гісторыя»

№ 3 (160), 17 — 24 студзеня 2000 г.


 

Уладзімер Ракіцкі:
«У Бялынічах была страшная гісторыя»

 

Перад самымі праваслаўнымі Калядамі ў беларускім друку прамільгнула паведамленьне пра тое, што прэміі «За духоўнае адраджэньне» атрымала чарговая група беларускае інтэлігенцыі. Сярод астатніх тут ёсьць і Ўладзімер Ракіцкі, вядомы беларускі мастак-рэстаўратар. Гэта першае ў гісторыі Беларусі дзяржаўнае прызнаньне творцы, які ахвяраваў свой талент на тое, каб ратаваць зь нябыту й ніштоства неацэнныя здабыткі нашае старасьвеччыны.

І ягонымі рукамі таксама былі альбо ўзноўленыя, альбо адкрытыя, альбо адрэстаўраваныя фрэскі ў Амсьціславе, Магілёве, Лошыцы, Пустынках, Бялынічах і найперш у Полацку, дзе яму належыць слава першаадкрывальніка самага старажытнага жывапісу Беларусі ў Спаса-Эўфрасіньнеўскай царкве. Таму першае нашае пытаньне, натуральна, было пра гэты помнік...

 

Уладзімер Ракіцкі: На тым дыплёме, які я атрымаў, намаляваны фасад тае царквы. Колькі яе ні малявалі, ніколі не патраплялі яе выявіць як сьлед. Яна то большая, то меншая... І кожны робіць гэта толькі ў адпаведнасьці са сваім уяўленьнем. Адпаведна з часам, з модаю ці асабістым густам. І ў гэтым ёсьць праблема рэстаўрацыі як уяўленьня пра тое, чаго няма... Сёньня рэстаўратар можа сказаць: вось гэтак было, і мы адновім усё гэтак. І робяць дасёньня гэтак. Але з досьведу працы ў Спасаўскай царкве мы ведаем, што было шмат рэканструкцыяў, напластаваньняў. Цяпер ізноў спрабуюць пачаць чарговую рэканструкцыю, але ніводзін з праектаў не вытрымлівае крытыкі, бо яны не адпавядаюць тым знаходкам, што ўвесь час адкрываюцца нам. І дакумэнтальна нельга пацьвердзіць ніводнае рэканструкцыі.

А між тым, Спасаўская царква ёсьць, і яе асяродзьдзе ніколі не зьмянялася. Вонкавы яе выгляд крыху зьмяніўся, але ўсе прапорцыі, закладзеныя яшчэ дойлідам Іаанам, засталіся. Засталася бязь зьменаў верхняя частка царквы, той славуты п’едэстал, які ўтрымлівае барабан. Упершыню ў сьвеце менавіта ў гэтай царкве былі вынайдзеныя й прымененыя гэтак званыя «какошнікі». І паводле гэтага ўзору пайшло разьвіцьцё ўсёй ўсходнеславянскай архітэктуры, ажно да XVII ст. І з гэтым трэба абысьціся ашчадна, а ня гэтак, як расейскі архітэктар ХІХ ст., Паўлінаў, які заклікаў надаць царкве бізантыйскі стыль. Старажытнае дойлідзтва — гэта толькі вапна. На вапне стаіць царква. Вялікі цуд, што яна захавалася. І другі цуд, што там захаваліся фрэскі. Працуючы над імі, я зьвярнуў увагу, што людзі вакол мяне гэтага не заўважаюць. Ім цяжка ў тое паверыць, уявіць... І тая плінфа, пра якую гаворыцца нават у «Жыціі Эўфрасіньні», што яе не хапала пры пабудове. Памаліўшыся, яна прачнулася, і ўсе пабачылі тую плінфу ў печах. Гэтая плінфа ўся захавалася. Папросту звонку яна затынкаваная, у сярэдзіне захаваўся жывапіс.

Гэта больш як 500 квадратных мэтраў. Адрэстаўраваны жывапіс барабана, парусоў і скуф’і. І там можна прачытаць усю іканаграфію пачатковага жывапісу. Там захаваліся апостальскі й прарочы шэрагі, арнамэнтальны пасак і чатыры эвангелісты на парусах.

 

«НН»: Як Вы паставіліся да тае прэміі, што адчулі?

Уладзімер Ракіцкі: Я ня ведаў, што мне будуць даваць нейкую прэмію! Пазванілі — прыяжджай! Я ня ведаў і ня ведаю, як да гэтага ставіцца. Праца нашая была карпатлівая й доўгая. І не лічу гэтую прэмію пэрсанальнай. Хачу гэта асабліва падкрэсьліць. Калі дзяржава адзначыла нашую працу — гэта заслуга ўсіх маіх паплечнікаў і памочнікаў, якія большую частку свайго жыцьця праводзяць сярод гэтага гістарычнага пылу, у якім знаходзяць вялікія каштоўнасьці. Сапраўдныя дыямэнты духу. Бо тое, што намі адкрыта — гэта сапраўды зьдзіўляе й радуе.

 

«НН»: Назавіце тады вашых калегаў, сяброў-паплечнікаў...

Уладзімер Ракіцкі: Іх многа. У нас свая творчая майстэрня Хадыкі Алега, дзе працуюць спадар Сарока, Мікалай Залатуха, Юры Маліноўскі. Вось зь імі мы й пачыналі рэстаўрацыю манумэнтальнага жывапісу. Перадусім галоўнае, што за чалавек працуе ў рэстаўрацыі. Якія абавязкі, які цяжар ён на сябе ўскладае. Наколькі шчыра ён ставіцца да сваёй працы. Вось Юры Маліноўскі адзін паехаў у Мсьціслаў і зрабіў рэстаўрацыю касьцёлу кармэлітаў! Гэта яго ўласная заслуга. Не было грошай, не было людзей, а ён узяў і зрабіў найперш дах над бажніцаю. Працуючы над помнікам, аддаеш частку свайго жыцьця, частку ўражаньняў, частку душы. Гэта неад’емна...

 

«НН»: Распавядзіце пра свае працы, дзе й на якіх аб’ектах вы тварылі...

Уладзімер Ракіцкі: Першы мой аб’ект я добра памятаю. Калі яшчэ вучыўся ў інстытуце, дык мяне запрасілі аднавіць пляфон у доме Якуба Коласа, столь у кабінэце. Да 90-х угодкаў з дня нараджэньня. З таго часу засталася байка, што у Азгурава Коласа на плошчы мусіў быць яшчэ капялюх — побач з паэтам ляжаць. Але на яго грошай не хапіла, бо яны пайшлі на той мой пляфон у Акадэміі Навук!

...Пасьля быў палац у Жылічах, пасьля кляштар брыгітак у Горадні, дзе мы аднавілі сграфіта па фрызе. За дваццаць дзён разам з Маліноўскім мы зрабілі тое сграфіта, анёльчыкаў. Трывае дасёньня. Тады Мсьціслаў... Гэта была цэлая эпоха! І там студэнтаў-манумэнталістаў гадавалі, на практыцы, сярод якіх быў і Валодзя Адамчык. Потым Магілёў быў, касьцёл Станіслава... У Слоніме сынагогу й касьцёл Андрэя рабілі. Гэта, вядома, праца цэлых калектываў. У Менску — у Лошыцкім палацы працавалі, у саборы Пятра і Паўла яшчэ працягваюцца работы.

 

«НН»: Я чуў нейкую неверагодную гісторыю пра бялыніцкі касьцёл, які дашчэнту зьнішчылі, а Вы пасьпелі адтуль зьвезьці росьпісы...

Уладзімер Ракіцкі: У Бялынічах была страшная гісторыя. Вось гэткімі днямі нас пасьля Новага году выклікалі туды. Там данішчалі ўнікальны велізарны сабор і кляштар кармэлітаў. Ён быў як цэлы горад... Мы хацелі пакінуць хоць гэтыя аскабалкі, закансэрваваць, як напамін. Але зруйнавалі. Заставалася руіна, і ў ёй выявілі старасьвецкія росьпісы. Хацелі ўсё зносіць, але, нешта пабачыўшы на сьценах, усё ж выклікалі нас. І вось мы паехалі туды ўзімку. Самае апошняе, што мы маглі зрабіць — гэта зьняць жывапіс са сьценаў ужо прысуджанага да зьнішчэньня помніка дойлідзтва. Мы той жывапіс уратавалі. Зьнялі яго з чатырох сьценаў і пляфону й пераходу. Там была такая цікавая лесьвіца, пераход ад кляштарных кельляў у сабор. Там былі гэткія сюжэты пераўтварэньня, як сон Якуба пра лесьвіцу ў неба — нясеньне Крыжа. Менавіта гэткія сюжэты, прыдатныя для выяваў па доўгім пераходзе, калі чалавек уздымаецца прыступка за прыступкай. І мы іх зьбераглі. Яны цяпер знаходзяцца ў закансэрваваным выглядзе. Пакуль іх немагчыма пабачыць. Але калі-небудзь усё гэта можна будзе аднавіць.

 

«НН»: Вы з уласнае ініцыятывы ўратавалі й росьпісы з манастыра ў Пустынках...

Уладзімер Ракіцкі: У Пустынках, сапраўды, мы знайшлі адзін цікавы росьпіс. Мы позьняй восеньню езьдзілі туды на роварах і тыдзень, а мо й болей, здымалі гэты жывапіс. Туды да нас прыяжджаў Уладзімер Караткевіч, дарэчы, і ў Амсьціслаў таксама... Цяпер фрагмэнты сьценапісу з Пустынак закансэрваваныя таксама.

 

«НН»: Ці праўда, што ў Менску, у 2-й гарадзкой бальніцы, былым базылянскім кляштары, былі знойдзеныя цікавыя росьпісы XVIII ст.?

Уладзімер Ракіцкі: Так, гэта праўда. Але йзноў я вяртаюся да пытаньня адказнасьці рэстаўратара. Ён вырашае, куды цяпер яму ехаць, а што і прапусьціць. Што ён у стане пабачыць, а дзе папросту не пасьпее. Вось калі йзноў прыйдуць рабочыя і будуць там аббіваць усё малаткамі, мы змушаныя будзем тое ратаваць. Як у саборы, што на Нямізе, як пачалі ўсё чысьціць, дык адкрыліся цудоўныя росьпісы. І цяпер нашая майстэрня працуе і там.

 

«НН»: Ці можна чакаць, што ня толькі ў той бальніцы, але і ў іншых былых кляштарах і касьцёлах Менску ды іншых гарадоў мы яшчэ можам знайсьці старасьвецкія фрэскі, росьпісы?

Уладзімер Ракіцкі: Вядома. Заўсёды кожны такі помнік можа зьберагаць у сабе ўнікальныя мастацкія творы. І трэба быць пільнымі, бо ніколі не вядома, што табе адкрыецца. На любым кроку, у любым месцы Беларусі можна знайсьці гэткі жывапіс. Галоўнае, хацець гэта ўбачыць... Яскравы прыклад — тая ж Спасаўская царква. Калі глядзіш на ўсю тую чарнату й напластаваньні, тынк, дык ня можаш нават памысьліць сабе, што там ёсьць нечуванае хараство... А яно ёсьць. Пачынаеш мыць, чысьціць, прамываць, і перад табою раскрываюцца дзівосы, гэткай мастацкай сілы малюнак, гэткай сілы колеры, што гэта бянтэжыць... Гэта й сапраўды так. Нібы ўсё дасьледавана, перагледжана. Можа гэтак і ёсьць у сьвеце, але ня ў нас. Мы толькі прыадчыняем той куфар, пакінуты нам продкамі. І мы, спадкаемцы, яшчэ доўга будзем адкрываць сваю спадчыну. І манумэнтальны жывапіс — гэта, бадай, найвялікшае з таго, што мы яшчэ адкрыем. Бо гэтыя сьцены захоўваюць і намоленасьць. І на іх напісаныя добрыя й кепскія рэчы з нашай гісторыі. І іх трэба чытаць.

 

«НН»: Багата, напэўна, зьнішчаецца пад час рэстаўрацыі, я маю на ўвазе пазьнейшыя слаі, якія могуць быць і цікавейшымі за першапачатковы?

Уладзімер Ракіцкі: І да таго жывапісу, што быў напісаны пазьней, мы ставімся зь вялікай пашанаю. Мы яго не счышчаем на падлогу, а расслойваем і пераносім па пластах на халсьціны й захоўваем. Бо ў нас вельмі шмат чаго было марна зьнішчана з абразоў і скульптуры, як здымалі слой за слоем, да гэтак званага «аўтарскага», а там нічога магло й ня быць. На вялікі жаль, гэтак у магілёўскім касьцёле Станіслава быў счышчаны ўнікальны жывапіс ХІХ ст. У мяне засталося колькі здымкаў. Існуе багата законаў, розных хартыяў, аднак усё ўпіраецца ў сумленьне й шчырасьць самога рэстаўратара. У ягоныя, калі хочаце, чыста рамесныя ўмельствы. Бо пракантраляваць мастака-рэстаўратара амаль немагчыма. Усё на ягоным сумленьні. Бяз розьніцы, у якой гэта дзяржаве. Бо мы працуем з гэткімі рэчамі, рэсурсамі, што не аднаўляльныя ў прынцыпе. Можна ачысьціць паветра й ваду, пасадзіць лес, а тое, што страчваецца ў нашай працы, — ня будзе адноўлена ніколі. І гэта вялікі цяжар адказнасьці.

 

«НН»: Як вы сталі рэстаўратарам?

Уладзімер Ракіцкі: Мая біяграфія ў чымсьці тыповая для мастака, які нарадзіўся ў сярэдзіне ХХ, мінулага стагодзьдзя. Нарадзіўся на Пружаншчыне. Нас у маці засталося чацьвёра дзяцей. Бацька заўчасна памёр. Школіўся па інтэрнатах. Мяне рана забралі ў інтэрнат Ахрэмчыка, як у нас у вёсцы казалі, «для адуронных дзяцей». Там маляваў. Пасьля ў 75-м скончыў мастацкі інстытут. Тады быў вялікі пад’ём у аднаўленьні нашае спадчыны. Была самаадданасьць, ахвярнасьць. З 82-га году я займаюся рэстаўрацыйнай справай. Але вучыўся і далей, стажыраваўся ад Рыму да Масквы.

Але я й малюю для сябе. Вось летась была мая выстава малюнкаў за 25 гадоў. І сёлета будзе таксама. Я наагул не лічу сябе рэстаўратарам, я — мастак. Я занепаконы некаторымі прафэсіяналамі. Ёсьць гэткі тэрмін «прафэсійны крэтынізм», і гэтага стану я баюся, ратуючыся маляваньнем для сябе.

 

«НН»: Распавядзіце, калі ласка, пра сваю беларускасьць...

Уладзімер Ракіцкі: Усё пайшло з майго дзяцінства. Калі гэта забываш, дык губляеш усялякія повязі ў гэтым сьвеце. На мяне найбольшы ўплыў зрабілі мае родныя дзязькі. Іх гісторыя, іх жыцьцё для мяне сталі ўзорам жыцьцярысу. Старэйшы зь іх — Уладзімер Шышко, сябра Рыгора Шырмы, рабіў скрыпачкі, складаў вершы. Ён вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі. У яго выкладаў Язэп Драздовіч. А ягонай каханаю была родная сястра Танка — Марыя Скурко. За сваю беларускасьць пасьля сядзеў. Другі, дзядзька Міхал, быў польскім вайскоўцам. Па памяці чытаў Міцкевіча. Прайшоў палон, лягеры. Але і ён ня страціў сваёй беларускасьці. Ад яго я спазнаў, што ёсьць прапорцыя. Ад мамы, Шышкоўны, у мяне засталіся ёю тканыя настольнікі, посьцілкі, покрывы. Я мяркую, што ўся архітэктурная й ткацкая тэрміналёгіі супадаюць, вынікаюць адна з адной. Калі я бачу тыя колеры, тыя ўзоры, што выткала мая мама, я разумею, што гэтае адчуваньне плястыкі й колеру не бярэцца зь ніадкуль. Да мяне гэтыя яе рэчы прамаўляюць — гэта і ёсьць ты, гэта і ёсьць тваё...

Гутарыў Сяргей Харэўскі


Каментары

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

Германія рыхтуецца афіцыйна абвінаваціць Расію ў падрыхтоўцы атакі ў Лейпцыгу і ўвесці «маштабныя санкцыі»11

У ЗША маці застрэліла 11‑месячнага сына, каб бацька ніколі не атрымаў над ім апеку4

На Балі швейцарскі турыст напляваў на мясцовыя традыцыі. Наступны год ён правядзе ў турме10

Чаму ў Мінску ўсё часцей можна сустрэць дзікіх жывёл?1

КДБ затрымаў групу людзей, якіх вінавацяць у зборы закрытай інфармацыі пра абаронныя прадпрыемствы17

У ЗША блогер пагладзіў у нацыянальным парку сурка і атрымаў праблемы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць