Архіў

Зьміцер Бартосік. Як я правёў лета

№ 37 (194), 11 — 18 верасьня 2000 г.


 

Як я правёў лета

 

Вось і лета прайшло. Не халоднае і не гарачае — што ў прыродзе, што ў грамадзтве, што ў культуры. Такое сабе проста лета, у якім неяк не раскрыўся ўвесь публічны, скажам так, патэнцыял. Усё ж такі — апошняе лета тысячагодзьдзя! Фэерычная ідэя скульптара Генадзя Лойкі зьляпіць зь пяску Рагнеду, якая раз на тысячу гадоў пакажацца народу і сьвету, была ўвасобленая ў матэрыяле «ў рабочым парадку». Рагнеду зьляпілі ў пясчаным кар’еры ў Заслаўі. Князёўна атрымалася прыгожая і вялікая, не раўнуючы тая атамная падводная лодка, што на імгненьне паказалася з пучыны прадаўняе гісторыі. Але не было пры тым соцень тысяч цікаўных гледачоў, не шумела ўсеагульнае сьвята і вэрталёты з кінаапэратарамі не раіліся ў паветры. Рагнеда паказалася для выбраных, астатнія не заўважылі.

А яшчэ гэта было лета стогадовых юбілеяў. Уладзімер Жылка, Міхась Забэйда-Суміцкі, Уладзімер Дубоўка, Пётра Сергіевіч. Зоркі першае велічыні. Больш-менш інтэнсіўна адзначалі 90-я ўгодкі Ларысы Геніюш, праўда, не тады, калі яна нарадзілася, 27 ліпеня, а чамусьці паводле старога стылю — 9 жніўня, бо так памылкова запісана ў энцыкляпэдыі. Словам, нібы сам лёс імкнуўся зьнівэляваць гэтае лета — каб бяз пышнасьцяў і сымбаляў, без асаблівага сымфанізму, а так, па-простаму. Можа, так яно і добра. Можа, так і больш па-людзку. Бо адзначаць шумна і пры гэтым па-людзку не заўсёды ў нас выходзіць.

Аморфны, на першы погляд, настрой мінулага лета, тым ня менш, пасяляе надзею. Бо насамрэч гэта і не аморфнасьць ніякая, а разьвітаньне са стэрэатыпамі ранейшага часу. Нібы лёс засяроджвае нас на канкрэтным і прыватным у нашым жыцьці, каб мы ў тым прыватным крыху абыліся, набраліся тае душэўнае энэргіі, а пасьля ўжо думалі і пра грамадзкае.

Словам, лета прайшло. І надыход восені заўважаецца найперш ня ў зьмене надвор’я. А ў знаёмых тварах менскай багемы, што вяртаецца ў горад пасьля блізкіх і далёкіх вандровак. Прыемна апошнім цёплым летнім вечарам прайці па праспэкце, задаючы ўсім сустрэчным банальныя пытаньні: «Дзе быў, што бачыў?»

 

Вось з Купалаўскага тэатру выйшаў стомлены працаю актор Віктар Манаеў:

— Лета я правёў на беларускіх Канарах, якія ў 15-ці кілямэрах ад Менску. Гэта Астрашыцкі гарадок. Там ёсьць база адпачынку, якая называецца «Пансіянат Тэатральны». Але з тэатральных дзеячоў там было можа чалавекі два-тры. Бо для сучасных тэатральных дзеячоў нават такія беларускія Канары, якія называюцца «Астрашыцкі гарадок», не па кішэні. А так было цудоўнае беларускае надвор’е. З 23-х дзён было толькі 4 сонечныя дні, і гэта вымушала адпаведна сябе паводзіць. Там на дачным пасёлку, які называецца Каапэратыў «Сябры», ёсьць цудоўнае месца, якое называецца «крама паўсядзённага попыту». Ну й тавары паўсядзённага попыту спажываліся вельмі добра. Улічваючы тое нашае цудоўнае беларускае надвор’е. І цудоўная была тэмпэратура возера. Градусаў чатырнаццаць, што таксама не забараняла нам акунацца пасьля наведваньня крамы паўсядзённага попыту. Я вельмі задаволены сваім адпачынкам і ніколі не прамяняю беларускія Канары на нейкія там замежныя. Так што хай жыве Беларусь зь беларускімі Канарамі.

Не пасьпеў я разьвітацца з Манаевым, як у Цэнтральным сквэры натрапіў на музыку Аляксандра Памідорава, які паліць пасьля канцэрту свайго маскоўскага калегі Мамонава:

— Гэтае лета мне будзе згадвацца Нямеччынай і Адрыятычным морам. Ну і суцэльным нічоганяробствам. Апошні месяц проста бестурботнае было жыцьцё. Без аніякіх справаў, без анічога. А першыя два месяцы былі цікавыя вандроўкі па Нямеччыне, канцэрты разам з Крыві, запамінальныя... Зараз, калі гляджу кіно «Бяжы, Лола, бяжы», зь вялікай прыемнасьцю бачу родныя бэрлінскія мясьціны. Вельмі падобныя да Менску. Але людзі іншыя. А так горад вельмі цікавы, вельмі прыемны. Такі сапраўдны мэгаполіс, але без дурных хуткасьцяў. Усё на сваім месцы, і ў кожнага месца ёсьць свая гісторыя. Гэта такі вялікі казан, у якім нешта варыцца ўвесь час. Там вельмі бурлівае жыцьцё...

У адкрытай кавярні каля Цэнтральнага ўнівэрсаму зноў зьвіўся яе сталы кліент, мастак Артур Клінаў. Кава тут смачнейшая, калі насупраць цікавы суразмоўца.

— Амаль усё лета я правёў у Швэйцарыі. Амаль тры з паловай месяцы я там сядзеў па адной такой стыпэндыі для мастакоў. У адной такой невялічкай вёсачцы. Паглядзеў краіну, натуральна. Швэйцарыя, ясная справа, краіна супэрпрыгожая. Такі маленькі парадыз. Усё, як у казках. Прырода, архітэктура. Але жыць бы я там не хацеў. Калі вобразна акрэсьліць Швэйцарыю, дык ёсьць такі нямецкі выраз — «шпаршвайн». Гэта не абраза. Тлумачыцца як «шпар» — захоўваць, «швайн» — сьвіньня. Сьвіньня-капілка. Гэта ў прынцыпе, нягледзячы на ўсю прыгажосьць краіны. Швэйцарцы — народ працэншчыкаў. Краіна, якая ніколі нікуды ня ўлазіла... Але вось банкі — гэтым яна жыла, і гэта адчуваецца ў характары швэйцарцаў. Краіна, дзе жывуць працэншчыкі. Я, канечне, абагульняю, я не хачу крыўдзіць швэйцарцаў, яны запрасілі мяне пажыць, і гэта выглядае такой няўдзячнасьцю... Але папросту ў мэнталітэце гэта ёсьць. Народ дастаткова закрыты. І ня толькі для іншакраёўцаў, але й самі з сабою яны дастаткова халодна трымаюцца. Я паезьдзіў шмат, і ведаю больш цікавыя краіны, больш камфортныя для мяне. Я ўжо апошні месяц сядзеў і чакаў — калі ж скончыцца гэтая ссылка. У ленінскіх мясьцінах. Бо я там жыў якраз пад Цурыхам, дзе і Ўладзімер Ільліч ссылку адбываў. Ва ўсялякім выпадку, у Менск я вярнуўся зь вялікай радасьцю й яшчэ раз адчуў, наколькі наш горад унікальны й наколькі ён мне падабаецца. Бо ў прынцыпе калі параўнаць са швэйцарскімі мястэчкамі, якія прыгожыя, утульныя, проста расцалаваць, але няма зь імі кантакту. І няма гэтай імпэрскасьці, як у Менску. У гэтым сэнсе Менск — унікальная зьява ў Эўропе. І я веру, што калі-небудзь Менск стане адным з найбуйнейшых турыстычных цэнтраў Эўропы. Бо такога падобнага места ў Эўропе няма. І ня будзе...

А вунь па праспэкце крочыць музыказнаўца Зьміцер Падбярэскі.

— Самае яскравае, бадай што, паездка з Ірынай Дарафеевай на песенны фэстываль «Песьні аб’яднанай Эўропы». Я паглядзеў як гэта там робіцца. Канечне, са сваімі недахопамі, але проста гэта было карысна для прафэсіі. Ну, а па-другое — гэта ўласна сам адпачынак. Практычна месяц я прасядзеў пад Лепелем. Добра так, лічу, адпачыў, загарэў. Усё ў парадку, вельмі шмат арэхаў у лесе, грыбоў. Вельмі шмат вады ў рэчцы, таму рыбалкі ніякай. Толькі на возеры лавілі. Я ўсе гэтыя курорты, дзе процьма народу, проста ня зношу. Фізычна, маральна і гэтак далей. Асабліва там, дзе горача. Ну, гэта не мая прырода, ня мой клімат. А вось так дзе-небудзь пасядзець, дзе ёсьць добры лес, дзе ёсьць добрая рэчка ці добрае возера, для мяне цалкам дастаткова...

Люблю размаўляць пра летнія вандроўкі з таленавітымі людзьмі. Нягледзячы на тое, ці, можа, дзякуючы таму, што загадзя ведаю іх галоўны адказ. Няма лепшай краіны за Беларусь. Яны вяртаюцца таму, што пачынаецца восень і пара прымацца за працу.

Зьміцер Бартосік


Каментары

Цяпер чытаюць

Памятаеце былога памежніка, які стаў дальнабойшчыкам і ў Германіі прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі? З ім бяда24

Памятаеце былога памежніка, які стаў дальнабойшчыкам і ў Германіі прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі? З ім бяда

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі паабяцаў да канца месяца адрамантаваць нафтаправод «Дружба»8

Сацсеткі абмяркоўваюць выступ Джасціна Бібера на фестывалі, за які яму заплацілі 10 мільёнаў даляраў. Што там такога?1

Міністр замежных спраў Літвы выказаў салідарнасць з ЕГУ5

«Гары ў пекле, гніда!» Як Саладуха хадзіў скардзіцца ў КДБ на народную любоў7

«Яна непрымальная». Трампа расцвяліла нават Джорджа Мелоні20

Уласніка мануфактуры «Наш алей» знайшлі жывым1

«Разбярыцеся і пасадзіце. І міністра туды». Лукашэнка даў разнос сваім прызначэнцам за спляжаныя ўгнаенні7

У Расіі скончыў жыццё самагубствам палітзняволены мастак2

Пілот вываліўся, пасажырка засталася ў небе адна — падрабязнасці катастрофы з дэльтапланам пад Мінскам19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце былога памежніка, які стаў дальнабойшчыкам і ў Германіі прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі? З ім бяда24

Памятаеце былога памежніка, які стаў дальнабойшчыкам і ў Германіі прызнаваўся ў любові да Лукашэнкі? З ім бяда

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць