Уладзімер Крукоўскі
Ліст Мацея Бурачка
Быў 1981 год. Перадапошні год кіраваньня славутага генсэка, пяцікратнага Героя Савецкага Саюзу і Сацыялістычнай Працы. Гіганцкі этнічны кацёл ад Берасьця да Ўладзівастоку ўжо забрадзіў, чуліся глухія гукі, сям-там усплывалі бурбалкі. З Аўганістану ішлі драўляныя і мэталічныя труны. Напружаньне расло, грамадзтва скураю адчувала непазьбежнасьць выбуху.
Ня спала і ціхмяная Беларусь. Ужо працавала дысыдэнцкая групоўка “На Паддашку”, па руках хадзілі “Сказ пра Лысую гару” і “Па сьлядох аднаго міту”, прагучалі ўнівэрсытэцкая справа Алеся Разанава зь сябрамі і акадэмічная (Алесь Каўрус, Сьцяпан Місько, Мікола Прашковіч, Міхась Чарняўскі, Валянцін Рабкевіч), ужо звольнілі з працы Зянона Пазьняка і забілі Лявона Баразну. У Менску ўтварылася Сьпеўна-Драматычная Майстроўня, выдаецца падпольнае “Люстра дзён”, у Наваполацку Ўладзя Арлоў і Вінцэсь Мудроў арганізуюць самвыд, толькі што ізноў арыштаваны Міхась Кукабака; пару месяцаў таму, напрыканцы 1980-га году, творчая і навуковая інтэлігенцыя адсьвяткавала 1000-годзьдзе Беларусі.
КДБ працаваў напружана і натхнёна, а на небасхіле маячыла непазьбежнае і радаснае ўліцьцё беларускае мовы ў “свободный и правдивый русский язык”.
Вось на такім фоне пісьменьнікі БССР рыхтаваліся да свайго чарговага, VIII зьезду. Ішлі перадзьездаўскія справаздачы, прэса аж трашчала ад посьпехаў. А што ж тады ўяўляў сабою Саюз пісьменьнікаў? 336 правадзейных “інжынэраў чалавечых душ”, зь іх — дзясяткі два генэралаў ад літаратуры, абвешаных мэдалямі і ордэнамі, народных і заслужаных, залашчаных партыяй і ўрадам. Усе пры ўплывовых пасадах (ЦК, выдавецтвы, камісіі і камітэты, рэдакцыі і катэдры). Яшчэ зь дзясятак — ад безвыходнасьці сьпіваліся на вачах у абыякавых калегаў. Столькі ж шчыра і сумленна працавалі на беларускай ніве. Астатнія жылі, як і ўся беларуская інтэлігенцыя сярэдняй рукі: біліся за дармовыя кватэры, інтрыгавалі, езьдзілі па правінцыі з так званымі літканцэртамі (дзеля заробку і прапаганды дасягненьняў беларускай літаратуры), мянялі жанок і адпачывалі ў дамох творчасьці. І друкаваліся, друкаваліся, друкаваліся. І амаль ніхто не пісаў у шуфляду.
Рыхтавалася да зьезду і наша суполка з “Паддашку”. Быў прыдуманы адмысловы ход: зварот да пісьменьнікаў з таго сьвету. Называлася гэта “Ліст Мацея Бурачка” (аўтар ідэі і першапачатковага тэксту — Яўген Кулік). Тэкст доўга дапрацоўваўся, пабыў ён і ў руках Зьмітра Санька, адзінага на той час у нашай групоўцы рэдактара-прафэсіянала. Вось ён з дакладнасьцю да літары:
“Шаноўным
Ягамосьцям
панам пісьменьнікам беларускім
Жупраны.
Лета 1981-га,
красавіка
14-га дня.
Браткі-пісьменьнікі мілыя, дзеці Зямлі-маткі Беларусі нашай! Мушу пагаварыць з Вамі трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове.
Чытаў я ці мала старых папер і ксёнжак па трыста, пяцьсот гадоў таму пісаных ў зямлі нашай і мовай нашай чысьцюсенькай — і летапісы, і метрыкі, і Біблію Скарыны, і адзіны на ўсю Эўропу Статут наш славуты сапежынскі…
… І думаў: Божа ж мой Божа, што ж мы такія за бяздольныя, што мову для нас сьвятую, Богам нам дадзеную, як і другім добрым людцам, так ужо самі пусьцілі на зьдзек. А найперш паны нашы вялікія, што ўладу маючы, бараніць яе па законе павінны. Ды яны, паны гэтыя, людзі высокія, падобна той старасьвецкай шляхце нашай, якая пасьля Вуніі бацькоўскую веру мяняла на срэбнікі, першымі выраклісь роднай мовы.
Дык цяпер ужо, браткі, нават не тое. Бо і людцы нашы простыя, сьледам за панствам высокім, словам сваім грэбаваць пачалі, язык у роце выкручваюць, каб не сказаць па-свойму. А чаму?
А таму, браткі, што ў гаворцы нашай спрадвечнай быццам больш і патрэбы няма. І адмаўляюць ёй, гаротнай, у жыцьцёвым праве на зямельцы нашай, і павыганялі ўжо яе зайздросьнікі і непрыяцелі з устаноў дзяржаўных і з канцылярый судовых, і з нарадаў палітычных, і адусюль, адкуль толькі можна. І туляецца яна, бедная, сірацінаю па чужых халодных кутох: сям-там у газэтах-часопісах, трошкі на радыё, ды ў трох тэатрыках беларускіх, што ледзьве ліпяць.
Ды й перакруцілі ж яе, перарабілі пад свой капыл розныя дабрадзеі нашы. Ужо й словы беларускія спрадвечныя заменены на расейскія, і гэтак яна зьнявечана дзеля казённага яе ўжытку, што ўжо й не разважыш, па якому гавораць.
Школкі ж нашы беларускія паўсюдна на зямлі нашай перарабляюцца на расейскія, ды шпарка так, што ў местах ды мястэчках ніводнай ужо не засталося. А дзеткі нашы не чуюць роднага слова а ні ў хаце ад бацькоў выкшталцоных, а ні ў садзе дзіцячым ад мамак і выхавацелек іхніх, ні ў школках тых пераробленых ад настаўнікаў, ні ў вуніверсітэтах ад прахвесараў, дзе мову нашу родную, не раўнуючы як мёртвую лаціну, гадзіну-дзьве на тыдзень не хочучы выкладаюць.
А й памрэ беларус, то і надпіс на камені надмагільным па-расейску атрымае.
Браткі мілыя, пісьменьнікі! Хачу спытаць у Вас цяпер, хто ж чытаць будзе тое, што Вы пішаце, ды праз дзесятак гадкоў, ці мо праз дваццаць. Ці ж патрэбны будуць каму з беларусцаў ксёнжачкі Вашы пекныя, у перакладах з расейскае мовы сьвет зваяваўшыя. Ды й Вы самі ўраз з імі. Га?
Бо шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек перад скананьнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі.
Дык ратуйма ж мову нашу беларускую, каб не ўмёрлі!
Мацей Бурачок”.
Гучыць актуальна, ці ня праўда?
Тэкст быў памножаны фотаспосабам, з намі тады супрацоўнічаў адзін фатограф, у якога было неабходнае абсталяваньне і матэрыялы. Ліст у канвэртах быў падкінуты напярэдадні зьезду ў паштовыя скрынкі дзесьці 40 адрасатам з наіўнай надзеяй разварушыць іх ці хаця б разбудзіць. Найбольш складаная задача выпала на долю Разанава, ён раскідаў асноўную частку накладу па крэслах у залі зьезду. Усё абышлося, калі не лічыць эпізоду з Ірынай Марачкінай, на якую данёс супэрпільны сусед Макаёнка, падгледзеўшы, як яна кладзе ў скрынку канвэрт. Але даказаць органы нічога не змаглі.
Вас цікавіць, як прайшоў зьезд? Звычайна.
ЦК КПБ павіншаваў пісьменьнікаў з падзеяй і выказаў “цьвёрдую ўпэўненасьць у тым, што літаратары Савецкай Беларусі прыкладуць усе сілы для ажыцьцяўленьня гістарычных рашэньняў ХХVІ зьезду КПСС”.
Пісьменьнікі, у сваю чаргу, заявілі, што ўсе свае здольнасьці, вопыт і талент аддадуць “на выкананьне адказных і высокіх ідэйна-творчых задач, якія пастаўлены ХХVІ зьездам КПСС”.
Абавязковы панэгірык заканчваўся абавязковымі воклічамі: “Слава Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу — натхніцелю і арганізатару ўсіх нашых перамог! Няхай жыве ленінскі Цэнтральны Камітэт КПСС! Няхай жыве камунізм — сьветлая будучыня ўсяго чалавецтва!” Во як.
Рэакцыя на ліст Мацея Бурачка, вядома ж, была. Запіс зь дзёньніка Зьмітра Санька:
“30 верасьня 1981 г. КДБ настойліва расьсьледуе справу пра ліст Мацея Бурачка 14 красавіка г.г. Можа, яны і не ўзяліся б за яе гэтак сур’ёзна, калі б самі сябе ня вымусілі. У справаздачы пра VІІІ зьезд пісьменьнікаў БССР, пасланай імі ў Маскву, было адзначана, што некаторыя пісьменьнікі атрымалі лісты, хаця ва ўсім астатнім зьезд прайшоў бездакорна. І з Масквы загадалі высьветліць, хто пісаў лісты”.
Мінула амаль два дзесяцігодзьдзі. Шмат што зьмянілася з таго часу. Роўна празь дзесяць гадоў пасьля вышэйзгаданых падзеяў трэснулі сталёвыя абручы катла, і мапа Эўразіі зьмянілася ў адзін дзень. І адбылося гэта тут, у Беларусі, у векавечнай пушчы. Як і пачалося.
Зьмяніўся і наш Саюз пісьменьнікаў: зараз у ім 492 карыстальнікі мовы.
Каментары