Архіў

Міхал Плавец: “Апазыцыя інфільтраваная дзясяткамі агентаў”

№ 20 (229), 14 траўня 2001 г.


 Міхал Плавец:
“Апазыцыя інфільтраваная
дзясяткамі агентаў”

Прайшоў час, перш чым я зразумеў, што яны ўрэшце прыйшлі. Зьнікла напружанасьць, у якой я знаходзіўся апошнія некалькі месяцаў. Я яшчэ ня ведаў, што будзе далей, аднак, што яны калісьці прыйдуць, я ведаў дакладна. Выбачайце, забыўся іх прадставіць. “Яны” – супрацоўнікі беларускага Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, КДБ.

Прыйшлі і супрацоўнікі АВІР, аддзяленьня візаў і рэгістрацыяў беларускага Міністэрства ўнутраных справаў. Яшчэ ў кватэры яны хацелі, каб я падпісаў два дакумэнты. Я не падпісаў. Сказалі, што я знаходжуся ў кватэры, у якой я не зарэгістраваны, чым парушаю рэжым знаходжаньня і існыя законы. Я жадаў сустрэцца зь юрыстам і прадстаўніком чэскай амбасады. Не дазволілі. Калі я адмовіўся падпісаць, далі мне пяць хвілінаў, каб я сабраў рэчы, і адвезьлі ў КДБ. Зачынілі ў сьледчым пакоі і зноў прымушалі падпісаць тыя дакумэнты. Нарэшце, дазволілі патэлефанаваць у амбасаду, і чэскі пасол у Менску Алеш Фойцік хутка-хутка быў у мяне. Параіў, каб я па-чэску напісаў, што я ня згодны з фармулёўкай абвінавачаньня. Праз паўтары гадзіны я ўжо праходзіў мытны і пашпартны кантроль у варшаўскім аэрапорце. Толькі там я зноў адчуў, у якім я часе знаходжуся.

 

Я дапамагаў апазыцыі

У Беларусь я ўпершыню завітаў у якасьці журналіста ў 1999 г. Ад сакавіка 2000 г. і аж да свайго выгнаньня я каардынаваў тамака працу Беларускага цэнтру фундацыі “Чалавек у нядолі”. Мы дапамагалі апазыцыйным арганізацыям, адпраўлялі беларусаў у Чэхію, а чэхаў — у Беларусь, ладзілі стажы для журналістаў, эканамістаў, юрыстаў, судзьдзяў. Сьнежаньскі візыт прадстаўнікоў беларускай апазыцыі да прэзыдэнта Вацлава Гавэла – наша праца. Мы здымалі дакумэнтальныя фільмы для чэскага тэлебачаньня. Прэм’ера аднаго зь іх, прысьвечанага лёсу зьніклых людзей, адбылася 9 траўня.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі — апошняя дыктатура ў Эўропе. У 94-м большасьць верыла Лукашэнку. Людзі бачылі ў ім чалавека, які будзе змагацца з карупцыяй, навядзе парадак. Рэфармісты тады прайгралі.

Лукашэнка навязаў краіне зварот да сацыялістычнай эканомікі. Галоўнай перашкодай для яго стала палітычная апазыцыя. Праз год пасьля свайго абраньня ён абвясьціў першы рэфэрэндум, а праз два — яшчэ адзін. Людзі пачалі пратэставаць супраць сучаснага самадзержца.

У маёй памяці назаўсёды застанецца леташні Дзень Волі 25 сакавіка. З самай раніцы на галоўных менскіх вуліцах былі выстаўленыя тысячы спэцназаўцаў, а завулкі брынялі аўтобусамі і грузавікамі з падмогай. Былі вадамёты, нават бронетранспарцёры. Затрымалі за той дзень у адным Менску 420 чалавек, у тым ліку 40 журналістаў. Тады я зразумеў, што галоўная задача журналіста ў Беларусі — не перадаваць інфармацыю, а ўнікнуць затрыманьня.

 

Страх перад выбарамі

Чаму мяне выгналі? Не пазьней за канец верасьня ў краіне маюць адбыцца прэзыдэнцкія выбары. Рэжым усяляк спрабуе абмежаваць альбо цалкам забараніць дзейнасьць апазыцыйных арганізацыяў. Гэта дэкрэт №8, загадкавыя ўварваньні ў сядзібы няўрадавах і праваабарончых арганізацыяў.

Апошні гіт перадвыбарных гульняў — стварэньне атмасфэры шпіёнаманіі. У апошні раз таленавітыя спэцслужбы выявілі замежнага агента 19 красавіка, яму пагражае ад 7 да 12 гадоў турмы. Не зьдзіўлюся, калі гэта хтосьці, хто рабіў такую самую працу, як я.

Дзейнасьць замежнікаў знаходзіцца пад каптуром КДБ. За людзьмі сочаць альбо адкрыта, каб іх застрашыць і панэрваваць, альбо таемна. Тэлефоны праслухоўваюцца, электронная пошта прачытваецца. Апазыцыя інфільтраваная дзясяткамі агентаў, людзі жывуць у атмасфэры страху, чакаюць, калі палец Вялікага брата ўкажа менавіта на яго. Людзі падманваюць адно аднаго, сочаць, адкуль потым зьявіцца фальшывая інфармацыя. Некаторыя зацягнутыя ў багну маны настолькі, што ўжо не адрозьніваюць, дзе праўда, а дзе – не.

Зь мяне, пэўна, хацелі зрабіць паказальны прыклад. Я іх ужо дастаў сваёй адкрытай дзейнасьцю па дапамозе апазыцыі, сваімі артыкуламі, фільмамі пра краіну, дзе заўтра ўсё яшчэ спачывае ў камуністычным учора.

 

* * *

Калі супрацоўнікі КДБ зноў наведаюць апячатаную кватэру і агледзяць яе, яны напэўна знойдуць у замкнёным сэйфіку цыдулку з надпісам “Привет”. Я іх сардэчна віншую з пасьпяховай апэрацыяй і дасылаю паведамленьне такім шляхам. А найбольшыя вітаньні сп.Сьпірыдонаву, аднаму з кіраўнікоў уварваньня.

Пераклад Беларускага Форуму ў Празе “Адраджэньне” паводле тыднёвіка Refleks


Каментары

Цяпер чытаюць

Коўл Лукашэнку: Табе трэба быць больш асцярожным, за сталом кепскіх пацаноў застаўся адзін ты10

Коўл Лукашэнку: Табе трэба быць больш асцярожным, за сталом кепскіх пацаноў застаўся адзін ты

Усе навіны →
Усе навіны

Польская канькабежка, якая на Алімпіядзе атрымала каньком пад вока, расказала, як гэта перажыла

На адной з магіл на беларускіх могілках паставілі сцяг «Вагнера» ФОТАФАКТ8

«Вы нават не ўяўляеце, наколькі моцна яны хочуць заключыць здзелку». Трамп расказаў пра перамовы з Іранам3

У «Вялікім камні» замахнуліся на будаўніцтва самага вялікага ў Еўропе аб'екта4

Стала вядома, па якіх харчовых таварах у Беларусі фактычна няма імпарту1

Ва Украіне мужчына паслаў сваёй сям'і смертаносную пасылку з выбухоўкай1

«Некаторыя змогуць адказаць гадоў праз пяць». Беларуска спытала тых, хто эміграваў у Польшчу, а потым вярнуўся, ці не шкадуюць яны12

«Гомсельмаш» плануе патраціць больш за паўмільёна даляраў на рамонт даху свайго Палаца культуры

Японец, які адседзеў у беларускай турме, напісаў пра гэта кнігу. Ён расказаў, чаму ім зацікавіліся сілавікі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Коўл Лукашэнку: Табе трэба быць больш асцярожным, за сталом кепскіх пацаноў застаўся адзін ты10

Коўл Лукашэнку: Табе трэба быць больш асцярожным, за сталом кепскіх пацаноў застаўся адзін ты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць