Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»11

Французы згадалі пра Бярэзіну...

Сарказі зь ягоным лёзунгам мадэрнізацыі па выніках двух запар электаральных кампаніяў атрымаў безумоўны крэдыт даверу. Беларусь тым болей мае патрэбу ў рэформах, але... Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

"Гэта Бярэзіна!" — пісалі францускія левыя газэты пасьля першага туру парлямэнцкіх выбараў. То бок "капец усяму" (этымалёгію выразу, зьвязаную з разгромам Напалеона, беларусам тлумачыць ня трэба :-). Сапраўды, здавалася, што "сіняя хваля" (гэта колер партыі Сарказі) захлісьне краіну, як цунамі.

У першым туры правыя кансэрватары са "Зьвязу за народны рух" ўзялі 104 мандаты, а сацыялісты — толькі адзін. Што дало агенцыі БЕЛТА падставу выдаць нататку пад загалоўкам "У Францыі апазыцыі дасталося толькі адно месца ў парлямэнце" :-) Маўляў, няма чаго нам тыцкаць, хай на сябе паглядзяць...

Цяпер трэба рабіць невялічкую:-) папраўку. Бо пасьля другога туру, што адбыўся ў мінулую нядзелю, левая кааліцыя займела 226 мандатаў (усяго ў ніжняй палаце 577 месцаў). Нечакана для саміх сябе сацыялісты ды іхныя хаўрусьнікі ўзялі частковы рэванш. Зрэшты, гэта хутчэй шараговыя выбарцы схамянуліся, каб не было вялікага перакосу. Бо друк ужо залямантаваў быў ледзьве ці не пра пагрозу дыктатуры.

(У разбэшчаных дэмакратыяй мадам ды мусью свае меркі, вядома. Памятаю, калі давялося стажавацца ў Францыі, тамтэйшыя калегі даводзілі, які бяспраўны іхні Нацыянальны сход. Маўляў, прэзыдэнт зь яго вяроўкі віць можа. А тым часам у бістро, дзе мы сядзелі, кіраўніка дзяржавы высьмейвалі на тэлеэкране у іхніх "Ляльках" :-)

Зараз жа, пасьля другога туру выбараў у парлямэнт, на палітычным Алімпе будзе працаваць клясычная схема стрымак і процівагаў. Як кажуць тамтэйшыя дзеячы, Францыя будзе абапірацца на абедзьве нагі. Сапраўды, з аднаго боку, Сарказі займеў у заканадаўчым органе абсалютную бальшыню (346 месцаў з улікам хаўрусьнікаў) і можа праводзіць любыя рашэньні. Зь іншага боку, моцная апазыцыя пастараецца, каб і яму служба мёдам не здавалася. Пэўна давядзецца і новы ўрад (стары пасьля гэтых выбараў паводле традыцыі сышоў у адстаўку) разбавіць цэнтрыстамі ды схільнымі да кампрамісу левымі.

Пры гэтым і самім сацыялістам трэба перабудоўвацца пасьля электаральных паразаў. Адсякаць лявацтва, выпрацоўваць новую праграму. На гэтым тле нават разьвітаньне Руаяль, няўдалай экс-суперніцы Сарказі, з грамадзянскім мужам Аландам, фармальным лідэрам сацыялістаў, міжволі выглядае і як сымбаль разрыву са старой партакратыяй :-)

Увогуле ж у маштабах краіны мы бачым нармалёвы палітычны працэс, які падштурхоўвае грамадзтва да разьвіцьця. Сарказі па выніках двух запар электаральных кампаніяў атрымаў безумоўны крэдыт даверу. Паказальна, што французы сьвядома прагаласавалі за праграму мадэрнізацыі, хаця гэта працэс не бязбольны. Бо пэрыяд застою (менавіта так называюць час Мітэрана і Шырака) хоць і выглядаў камфортна (35-гадзінны працоўны тыдзень, букет ільготаў), але пахіснуў канкурэнтаздольнасьць эканомікі, запаволіў яе рост. Адзін толькі штрых: паводле ВУП на душу насельніцтва краіна за чвэрць стагодзьдзя адкацілася з сёмага месца ў сьвеце на 17-е.

Яшчэ трохі — і сапраўды была б "Бярэзіна"!

Разам з тым, новаму францускаму прэзыдэнту давядзецца быць абачлівым рэфарматарам, бо тамтэйшы электарат — нашчадкі Вялікай рэвалюцыі, забадай іх камар! — мае звычку ледзь што выходзіць на вуліцы.

Беларусь таксама мае патрэбу ў мадэрнізацыі. Але паралелі не на нашу карысьць. Ва ўлады няма волі трансфармаваць анахранічную, неканкурэнтную мадэль. Кіроўныя вярхі пачынаюць не з рэформаў, а з адбіраньня льготаў. Потым, мусіць, пойдзе з малатка "фамільнае срэбра"... Але і электарат, які адымаюць ад дзяржаўнай цыцкі, яшчэ ня ўцяміў, што да чаго.

Вялікі прагрэс хіба што ў апазыцыі. Патаемнымі сьцяжынамі пратачыўшыся ў Вільню, яна прыняла гістарычнае рашэньне: пайсьці на наступныя парлямэнцкія выбары. А то магла б і горда паказаць рэжыму дулю! :-)

P.S. А ў былога прэзыдэнта Францыі, здаецца, пачынаюцца праблемы. Імунітэт скончыўся, і цяпер у сьледчых шмат пытаньняў у зьвязку аж зь пяцьцю справамі аб карупцыі ды фінансавых злоўжываньнях. 80% суайчыньнікаў лічаць, што Шырак мусіць трымаць адказ нягледзячы на былы статус і харызму. Сэ ля ві!

Каментары1

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі2

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Азаронак расказаў, як у пачатку вайны прысутнічаў на закрытай нарадзе Рады бяспекі16

Без імёнаў і надмагілляў. Жыхары латвійскага памежжа паказваюць, як хаваюць мігрантаў, якія спрабавалі трапіць з Беларусі6

Аўтарку лозунга «Стоп таракан» адразу асудзілі завочна, а потым вызвалілі па амністыі4

«Гэта бомба!» Пад Лідай жанчына знайшла зайздросную паляну баравікоў1

У Літве на мяжы з Беларуссю пачынаюцца вучэнні НАТА

У Берліне адкрылі самыя высокія арэлі Еўропы ВІДЭА

У Бабруйску жанчына загінула проста на сваёй кухні

Раман Пратасевіч назваў памер свайго заробку як зваршчыка26

Віталь Гуркоў скончыў спартыўную кар'еру19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі2

«Зашмат у вас дзяцей». Як жыве сям'я з сямю дзецьмі, якой давялося выехаць з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →