Архіў

Валуй супраць Рымшы

№ 30 (292), 16 жніўня 2002 г.

Валуй супраць Рымшы

У вядомай казцы “Панская навука” мудры селянін-Рымша лазінай адвучыў фанабэрыстага пана хлусіць. У Лагойску чыноўніка Рымшу спрабаваў правучыць селянін Валуй. Незвычайны працэс слухалі ў Лагойскім раённым судзе на мінулым тыдні. Жыхар вёскі Выгар Лявон Валуй праз суд бараніў “свой нацыянальны і чалавечы гонар”. Адмову начальніка раённага пашпартнага стала прыняць ад яго анкету, запоўненую па-беларуску, ён палічыў абразай. Свае маральныя страты ён ацаніў у мільён эўра (мільярд 800 млн. рублёў). Адказчыкам па ягоным іску была казна Рэспублікі Беларусі.

28 траўня Валуй падаў у Лагойскі пашпартны стол заяву формы I-ВВ на атрыманьне дазволу выехаць за мяжу. Напісаў яе па-беларуску. Начальнік пашпартнага стала Аляксандар Рымша заяву прыняць адмовіўся і, зрабіўшы на ёй шэраг пазнакаў, сказаў, каб Валуй перапісаў усё па-расейску. Праўда, у судзе Рымша адмаўляў, што не прыняў заявы з-за мовы і што патрабаваў запаўненьня па-расейску. Паводле ягоных словаў, заява была напісаная з памылкамі, а Валую ён толькі сказаў, што “ў нас звычайна ўсе пішуць па-расейску”. Даказаць, што ўсё было інакш, Валуй ня змог: размова адбывалася бязь сьведкаў.

Да першага судовага паседжаньня, што адбылося 6 жніўня, Лявон Валуй падрыхтаваўся слаба. Але яму дапамагаў супрацоўнік праваабарончай арганізацыі “Вясна-96” Уладзімер Лабковіч. Адказчыкі, наадварот, да суду падрыхтаваліся добра: у сваіх выступах яны цытавалі дэкрэты, указы, пастановы. Прадстаўнікі Міністэрства фінансаў, спасылаючыся на пастанову Вярхоўнага суду Беларусі ад 28 верасьня 2000 г., патрабавалі патлумачыць, чаму сп.Лявон ацаніў свае маральныя страты менавіта ў мільён эўра. Валуй і Лабковіч казалі, што гэта, маўляў, такая “знакавая сума” для чынавенства, дзяржаўных органаў улады. Аднак судзьдзю Ларысу Мацьвеянкову яны не пераканалі.

Яна, убачыўшы няўпэўненасьць і непадрыхтаванасьць Валуя, задавала яму пытаньні адно за адным. Высьветлілася, што Лявон Валуй, пасьля адмовы Рымшы прыняць ягоную заяву, неўзабаве напісаў іншую, па-расейску. Начальнік пашпартнага стала Рымша яе прыняў. Пры дэталёвым аналізе гэтага дакумэнту Мацьвеянкова высьветліла, што ў ім ёсьць і беларускія словы. Напрыклад, “гаспадарка “Кратоўка” (гэтак Л.Валуй пазначыў сваё месца працы). Значыць, дакумэнт запоўнены не па-расейску, а на дзьвюх мовах, зрабіла выснову судзьдзя. Калі ж Лявон Валуй сказаў, што расейскай мовы ён ня ведае, ды назоў яго гаспадаркі так запісаны ў заснавальніцкіх дакумэнтах, Мацьвеянкова абвесьціла перапынак, каб спраўдзіць, ці гэта сапраўды так.

У панядзелак 12 жніўня распачаліся судовыя спрэчкі, якія ішлі ў асноўным вакол таго, ці былі нанесеныя Валую маральныя страты, ды вакол мовы ягоных заяваў. Прадстаўнікі Мінфіну даводзілі, што ў Лявона Валуя няма ніякіх падставаў спаганяць маральныя страты, і папрасілі суд ягоны пазоў адхіліць. Тое ж казаў і начальнік пашпартнага стала. Ён сьцьвярджаў: калі б Валуй прынёс сваю заяву, правільна запоўненую па-беларуску, яе ўзялі б. Рымша ж прыняў у яго заяву, нават нягледзячы на тое, што ў ёй, побач з расейскімі, былі й беларускія словы. У ходзе судовага паседжаньня высьветлілася, што і адказчыкі, і судзьдзя ня бачылі супярэчнасьці ў такім дзьвюхмоўным запаўненьні дакумэнту. Аказваецца, гэта не супярэчыць закону. Так што, калі вы, запаўняючы нейкую паперу, будзеце чаргаваць расейскія і беларускія словы, чыноўнік яе ў вас мусіць прыняць — галоўнае, каб не было памылак.

Уладзімер Лабковіч у сваім выступе даводзіў, што “справа ня ў суме іску, а ў тым, што ўпершыню ў судавытворчасьці Рэспублікі Беларусі як незалежнай дзяржавы адбываецца разгляд справы, калі чалавек патрабуе, каб звычайны чыноўнік паважаў правы чалавека на ўжываньне роднай мовы”. І сапраўды, чыноўнікі са сталіцы і лагойскія міліцыянты (начальнікі РУУС і пашпартнага стала) няўтульна пачуваліся ў судовай залі. Ня кожны дзень выклікаюць іх у гэтую ўстанову, дзе даводзіцца на роўных размаўляць са звычайным грамадзянінам, які патрабуе ад іх аднаго — паважаць родную мову. І вось расейскамоўны Аляксандар Рымша пачынае называць Лявона Валуя “спадаром” — з павагай. Можна ўпэўнена сьцьвярджаць, што ў наступны візыт Валуя да Рымшы той прыме ад яго дакумэнт на любой мове — атрымаў ужо добрую навуку.

14 жніўня Ларыса Мацьвеянкова зачытала прысуд. Пазоў Лявона Валуя да казны Рэспублікі Беларусі ня быў задаволены. Цікава, што на абвяшчэньне прысуду ў Лагойск не прыехалі прадстаўнікі Мінфіну, нібыта ведалі пра станоўчы для сябе фінал справы. Цяпер Валуй будзе абскарджваць гэтае рашэньне ў Менскім абласным судзе.

Лявон Валуй, які 10 гадоў таму вярнуўся на зямлю продкаў з Эстоніі, дзе быў завадатарам тамтэйшых беларусаў, не ўпершыню судзіцца зь мясцовымі чыноўнікамі. У 1996 г. разглядалася справа пра крадзеж намесьнікам начальніка РУУС і старшынём сельсавету бел-чырвона-белага сьцяга зь ягонага падворка. “Тады яшчэ ня вельмі ясна было, куды павернецца ўлада, судзьдзя прыняў рашэньне вярнуць гэты сьцяг мне, — кажа Валуй. — Аднак сьцяга ўжо не знайшлося. Замест яго мне выдалі герб “Пагоня”, зьняты з райвыканкаму. Магутная такая, прыгожая “Пагоня”.

Цікава, што ў той самы дзень, калі Лявон Валуй атрымаў позву ў суд, зь ягонага падворка зноў зьнік сьцяг. Звычайна яго на ноч здымалі самі гаспадары, а тут забыліся. Нехта бачыў, што ў той вечар каля іх хаты праяжджала міліцэйская машына.

Алег Тачоны


Каментары

Цяпер чытаюць

«Я еду натхніцца ўкраінцамі». Святлана Ціханоўская пачала афіцыйны візіт ва Украіну12

«Я еду натхніцца ўкраінцамі». Святлана Ціханоўская пачала афіцыйны візіт ва Украіну

Усе навіны →
Усе навіны

Дэпартаванай з Беларусі жыхарцы Гвінеі вярнулі дачку, якую трымалі ў дзіцячым доме ў Менску1

Расія нанесла беспрэцэдэнтны ўдар па Украіне: 90 ракет і 600 дронаў, па Белай Царкве ўдарылі балістычным «Арэшнікам»8

У «Мінск-Свеце» — лавіна скаргаў на абслугоўваючую арганізацыю. Улады пагражаюць памяняць яе1

Зорку алімпіяд са Светлагорска асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»7

Памёр бубнач Андрэй Філатаў — музыка рок-гуртоў «Сузор’е», Mojo Blues, «Крама»

Стала вядома пра вызваленне палітзняволенага фаната Тамаза Піпіі

Каля Белага дома адбылася перастрэлка, сакрэтная служба ліквідавала нападніка1

Былы хакеіст зборнай расказаў, хто зарабляе на бестселеры яго памерлай жонкі Надзеі Мялешкі1

«Людзі знаходзяцца ў бамбасховішчах». Усік распавёў пра масіраваны напад на Украіну адразу пасля перамогі над Верховенам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я еду натхніцца ўкраінцамі». Святлана Ціханоўская пачала афіцыйны візіт ва Украіну12

«Я еду натхніцца ўкраінцамі». Святлана Ціханоўская пачала афіцыйны візіт ва Украіну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць