Архіў

Аляксандар Старыкевіч. Узаемадачыненьні карча і савы

№ 32 (294), 30 жніўня 2002 г.

Узаемадачыненьні карча і савы

Апошнія падзеі на інтэграцыйным фронце між іншага выявілі поўную разгубленасьць кіраўнікоў партыяў і рухаў. Аніякай рэакцыі, акрамя стэрэатыпных заяваў, ад іх так і не дачакаліся. Выглядае, што палітычная апазыцыя знаходзіцца ў клясычным стане “агульнай млявасьці і абыякавасьці да жыцьця”, што не дазваляе ёй адэкватна і своечасова адказваць на захады як мясцовых, так і расейскіх уладаў.

Першымі прачнуліся Аляксандар Ярашук і Леанід Сініцын, якія пабачылі магчымасьць скарыстаць сварку між Лукашэнкам і Пуціным. Старшыня аграрнага прафсаюзу выступіў зь вельмі эклектычнымі тэзамі. У іх можна знайсьці словы і пра сувэрэнітэт, і пра аб’яднаньне з РФ — каму што трэба. З пункту гледжаньня “палітычнага цынізму” Ярашук зрабіў пісьменны крок, спрабуючы выціснуць Лукашэнку зь нішы “галоўнага беларускага сябра Расеі”. Аднак адзінкавыя акцыі ў сёньняшняй сытуацыі ў цэлым малаэфэктыўныя. Спадабацца Крамлю спрабавала ўжо багата народу: той самы Сініцын, чый імідж выдатнага адміністратара разбурыўся падчас мінулагодняй выбарчай кампаніі, робіць адпаведныя заявы ці ня кожны квартал. Аднак вынік пакуль, мякка кажучы, сьціплы. Да таго ж неабходна зазначыць, што прапанаваныя лекі, пэўна, горшыя за хваробу.

Паралельна на старонках “НН” разгарнулася дыскусія адносна стратэгіі дзеяньня незалежніцкіх сіл, якая нагадала старую прыпавесьць: “Да рабіна прыходзяць двое вернікаў, што спрачаюцца зь нейкай нагоды. Першы выкладае свой пункт гледжаньня, і сьвятар робіць выснову: “Ты маеш рацыю, Якаў”. Другі кажа нешта зусім адваротнае. Рабін і яму заяўляе: “Ты таксама маеш рацыю, Мойша”. Яшчэ адзін прысутны вернік не вытрымлівае: “Як жа так, рэбэ? Вы лічыце, што маюць рацыю абодва, хоць яны сьцвярджаюць супрацьлеглыя рэчы!” Рабін ківае галавой: “І ты маеш рацыю, Ісак”.

Слушна заўважае Анатоль Сідарэвіч, што ўлада бароніць не дзяржаву, а саму сябе. Наўрад ці хтосьці будзе спрачацца і з думкай рэдакцыі пра неабходнасьць нацыянальнага адзінства ў пытаньні незалежнасьці. Шэраг разумных прапановаў утрымліваецца ў артыкуле Ігара Лялькова: трэба і закладаць падмурак новай Беларусі, і рыхтаваць кадравы рэзэрв для кіраваньня дзяржавай, і не губляць часу на фальшывыя альтэрнатывы. Нават разважаньні Сяргея Дубаўца ў нечым карысныя, хоць у іх зашмат тэорыі, якая істотна разыходзіцца з рэаліямі. Пажадана па выніках дыскусіі не вызначаць для сябе “адзіна слушнае меркаваньне” (схільнасьць да гэтага характэрная для тутэйшага палітычнага люду), а зьбіраць рацыянальныя зярняткі з розных.

Талакой мы здольныя стварыць стратэгію, якая мае шанцы на посьпех. Праблема ў тым, што самую пэрспэктыўную задуму лёгка пахаваць бяздарным выкананьнем. Доўгі ланцуг такіх прыкладаў у нашай найноўшай гісторыі ўжо ёсьць. Таму галоўнае пытаньне дня ня “што?”, а “хто?”. Апазыцыя, палічыўшы сваёй першаснай функцыяй маральны супраціў, з палітычнай сілы фактычна ператварылася ў дысыдэнцкі рух і ўжо амаль ні на што не ўплывае. З гэтай прычыны любыя праекты дэмакратычных арганізацыяў маюць два варыянты фіналу: альбо карчом па саве, альбо савой аб корч.

Бяз новых лідэраў, ідэяў і структураў беларуская справа асуджаная на прабуксоўку. І ня варта спадзявацца, што яе адтуль выцягне Лукашэнка. Гэтага чалавека ўжо спрабавалі скарыстаць у якасьці бульдозэра дзеля дасягненьня сваіх мэтаў розныя палітыкі. Вынікі вядомыя.

Заўтра Пуцін з Лукашэнкам знойдуць кампраміс, і што тады? Ізноў наракаць на ўладу, якая мела шанец быць беларускай і адмовілася ад гэтага? Але яна ніколі не давала дастатковых падставаў лічыць, што пераўвасабленьне магчымае. У чарговым расчараваньні давядзецца вінаваціць толькі саміх сябе.

Гарантаваць захаваньне сувэрэнітэту Беларусі здольныя толькі сьвядомыя прыхільнікі незалежнасьці краіны. Але, што хаваць, нашы магчымасьці і рэсурсы сёньня занадта малыя, каб забясьпечыць гэта. Таму ўзьнікае спакуса стварыць ілюзію, што Беларусь могуць выратаваць Захад, ці Расея, ці Лукашэнка, ці іншаплянэтнікі. Аднак гэта шлях у нікуды. Трэба нарошчваць уласныя мускулы, а не спадзявацца на некага. Бо інакш увесь час давядзецца адыгрываць незайздросную ролю тае савы.

Аляксандар Старыкевіч


Каментары

Цяпер чытаюць

21‑гадовага курсанта Акадэміі авіяцыі асудзілі за Гаюна1

21‑гадовага курсанта Акадэміі авіяцыі асудзілі за Гаюна

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп: Іран збіў амерыканскі верталёт Apache, які патруляваў Армузскі праліў11

Зяленскі: Я атрымаў патрэбны вынік ад ліста Пуціну

Ксюшы з СМА ўсё ж вырашылі рабіць выратавальны ўкол. Валанцёры збіраюць грошы на арэнду кватэры на час каранціну1

Расія займае ўсё большае месца на беларускім харчовым рынку4

Пры выбуху аўтамабіля ў падмаскоўнай Балашысе загінуў высокапастаўлены вайсковец4

Настаўніца рускай мовы з Ліды падрыхтавала ўжо 16 стобальнікаў на ЦЭ5

На паўднёвым захадзе Масквы выбухнуў аўтамабіль1

УСУ нанеслі ўдар па месцы дыслакацыі расійскага сапёрнага палка на Данбасе

ЗША паведамілі, што вызваленне палітвязняў у Беларусі «адкладзенае на некаторы час»36

больш чытаных навін
больш лайканых навін

21‑гадовага курсанта Акадэміі авіяцыі асудзілі за Гаюна1

21‑гадовага курсанта Акадэміі авіяцыі асудзілі за Гаюна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць