З усіх старон
Тэрор новай эпохі: студэнт вучыўся рабіць бомбы праз Інтэрнэт. Нематываваны тэрор скалануў Фінляндыю.
Нечаканае паведамленьне аб чарговым тэрарыстычным замаху прыйшло зь Фінляндыі. У пятніцу ў гандлёвым цэнтры “Мююрмані” ў перадмесьці фінскае сталіцы адбыўся выбух. 6 чалавек, у тым ліку сам тэрарыст, загінулі на месцы, сёмы сканаў у шпіталі. Больш за 80 асобаў, у тым ліку дзеці, былі параненыя, многія застануцца калекамі. Шкляны дах гіганцкага гандлёвага цэнтру (130 немалых крамаў) разьбіўся, людзі панічна ўцякалі з залітай крывёй пляцоўкі. Трагедыя адбылася а 19.35, калі ў цэнтры знаходзілася каля дзьвюх тысячаў пакупнікоў. Бомба выбухнула каля клоўнаў, што толькі скончылі прадстаўленьне. Сёлета ў бізнэсовым квартале Хельсынкі ўжо выбухала машына-бомба (мафіёзныя разборкі), але тады нікога не зачапіла.
Тэрарыста неўзабаве ідэнтыфікавалі. Гэта Пэтры Эркі Тапіё Герд, 19-гадовы студэнт-хімік, сын нябедных бацькоў, які жыў у перадмесьці Хельсінкі і ніколі ня меў праблемаў з паліцыяй. Ён дзейнічаў сам-адзін і прычыны ўчынку невядомыя дагэтуль. Хельсынскі бамбіст быў ціхмяным самотнікам, любіў граць у баскетбол. Месяц таму Герд паступіў у інстытут. Аднакурсьнікі кажуць, што ён ня браў удзелу ў інстытуцкім жыцьці, усё моўчкі сядзеў сабе ў аўдыторыі. Увесь вольны час бавіў за кампутарам, лазячы па сайтах і форумах для тых, хто цікавіцца хіміяй і самапальнымі выбухамі.
Асабліва ён праславіўся на фінскім “Форуме хатняй хіміі”, дзе яго добра ведалі пад псэўданімам RC. Гаспадар чату распавядае, што RC быў адмыслоўцам у справе рабленьня выбуховак — нават іншых наведнікаў чату кансультаваў. Таму карыстальнікі “Форуму” ў нядзелю пасьля выбуху лёгка здагадаліся, што RC і бамбіст — адзін чалавек, пагатоў, што ён спыніў наведваць чату з моманту тэракту. Гэта быў сьлед, па якім ішлі дэтэктывы. Падазрэньні паліцыі пацьвердзіла памяць Гердавага кампутара і разнастайныя матэрыялы, знойдзеныя ў ягоным доме.
Паліцыянты кажуць, што бомба была незвычайнай канструкцыі і яны яшчэ не аднавілі яе схемы. Адзінае, што вядома: яна была зробленая з разьлікам на як мага большую шкоду, утрымлівала 1,8 кг выбухоўкі і шрот.
Паліцыянты спрабуюць дашукацца прычынаў нялюдзкага ўчынку. Яны дасьледуюць зьмест чатаў, дзе ёсьць выказваньні RC. Ён пісаў пра свае “мары”, кшталту выбуху паліцэйскай машыны, заклікаў іншых дзяліцца гэткімі крозамі. Але канкрэтных матываў пакуль ня выяўлена.
Яшчэ пытаньне — быў ён тэрарыстам-самазабойцам ці бомба выбухнула выпадкова і Герд загінуў па неасьцярожнасьці? Цела было цяжка ідэнтыфікаваць. Зрэшты, у суботу, пасьля абеду, прадстаўнік фінскае паліцыі паведаміў ТБ рысапіс хлопца: рост 178 см, хударлявы, кароткія рудыя валасы. Звычайны фінскі дзяцюк, без асаблівых адзнакаў...
Нямецкі часопіс “Foсus” нядаўна распавёў, што ўсе спробы вылучыць асаблівасьці тыповага тэрарыста праваліліся. Тэрарыст — гэта звычайны чалавек. Пазнаць тэрарыста па твары немагчыма.
Сяргей Радштэйн
Няўдала скочылі
Двое грамадзянаў Беларусi ў цягнiку “Тэрэспаль—Шчэцiн”, пагражаючы нажом, спрабавалi адабраць у нямецкага грамадзянiна 2 тыс. даляраў. Аднак немца пачалi бараніць iншыя пасажыры, i тады рабаўнiкi кiнулiся ўцякаць ды на вялiкай хуткасьцi скочылi з вагону каля Белай-Падляскай. Іх знайшлi каля рэек у цяжкiм стане. Цяпер яны знаходзяцца ў шпiталi Белай-Падляскай.
Палякі ня п’юць
Адзін зь лiдэраў партыйнай арганiзацыi Лiгi польскiх сем’яў зь места Бельска-Бяла Раймунд Поляк падаў у суд на камісара Эўрапейскай камiсіi па пытаньнях пашырэньня Эўразьвязу Гюнтэра Фэрхойгена, бо той намякаў на прыхiльнасьць палякаў да алькаголю.
У iнтэрвiю “Gazecie Wyborczej” Фэрхойген сказаў: “Я ведаю, як у Польшчы п’юць. Я сам быў ахвярай гэтых завядзёнак. Раю палякам выпiць толькi адзiн кілiшак шампанскага цi гарэлкi (з нагоды хуткага далучэньня да Эўразьвязу — А.Д.) ды адразу брацца за працу, бо працы вельмi шмат”. Р.Поляк кажа, што такiя выказваньнi абражаюць ягоных суайчыньнікаў, і дамагаецца, каб Г.Фэрхойген папрасiў прабачэньня празь першую i другую праграмы польскага ТБ, а таксама праз усе агульнанацыянальныя газэты.
Польскі дзеяч
за рэанімацыю “Рацыі”
Прадстаўнiкi арганiзацыяў беларускай нацыянальнай меншасьцi ў Польшчы сустрэліся ў Беластоку зь Янам Новакам-Езяраньскiм — былым жаўнерам Армii Краёвай, кур’ерам памiж ёю ды польскім лёнданскiм уладам, а пасьля — шматгадовым дырэктарам польскай рэдакцыi радыё “Свабодная Эўропа”, значным маральным аўтарытэтам у сваёй краiне. На думку пана Яна, палякi “маюць шанец дапамагчы ўмацаваньню дзяржаўнасьцi Беларусi”. Крокам да гэтага магло стацца стварэньне польскага радыё “Свабодная Эўропа” для Беларусi. “Не дзеля таго, каб ваяваць з Лукашэнкам у этэры, а каб тутэйшыя беларусы маглi несьцi незалежную i праўдзiвую iнфармацыю для беларусаў у Беларусi”, — адзначыў ён. Паводле словаў Новака-Езяраньскага, гэткую ролю магло б выконваць радыё “Рацыя”, якое, з-за фiнансавых праблемаў, ад чэрвеня трансьлюе толькi музыку.
Царква пратэстуе
На Беласточчыне “беларус” часта значыць “праваслаўны” i наадварот. І напярэдаднi выбараў праваслаўная царква Польшчы выступiла супраць “злоўжываньня яе аўтарытэтам у часе выбараў”. “Злоўжываюць” i “прыпiсваюць сабе выключнае права рэпрэзэнтаваць праваслаўную грамаду”, у прыватнасьцi, кандыдаты на пасады мэраў Беластоку i Гайнаўкi. Беларускi выбарчы камiтэт (БВК) заяўляе, што гэткiя заявы царквы нiяк не зьвязаныя зь ягонай дзейнасьцю. Раней арганiзацыi нацыянальных меншасьцяў мелiся ісьці на выбары 27 кастрычніка разам як Форум меншасьцяў Падляшша, аднак пасля таго, як лiдэр Форуму падпiсаў дамову з прадстаўнiкамi ўладнага Саюзу лявіцы дэмакратычнай — Унii працы (СЛД-УП), паводле якога кандыдатам ад меншасьцяў гарантуюцца месцы ў выбарчых сьпiсах СЛД-УП, БВК выйшаў з складу Форуму.
Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава
Нацыянальнасьць — хобіт
У Расеі ў часе перапісу былі выяўленыя хобіты й эльфы. Гэтак вызначыла сваю нацыянальнасьць група пермскіх падлеткаў — прыхільнікаў творчасьці Дж.Толкіна, пачынальніка фэнтэзі. А ў Растове-на-Доне 30 чалавек назваліся скіфамі. Да ўсіх заяваў такога кшталту перапісчыкі ставяцца сур’ёзна. Толькі на адным участку спачатку адмовіліся рэгістраваць “скіфа”, але той здолеў давесьці сваю рацыю. Агульнарасейскі перапіс — адзіны спосаб атрымаць інфармацыю пра нацыянальны склад насельніцтва, бо пункт “нацыянальнасьць” у новых расейскіх пашпартах адсутнічае. У аснову перапісу пакладзены прынцып самавызначэньня, і названая нацыянальнасьць можа разыходзіцца з ранейшымі запісамі, думкай сваякоў і нават колішнімі поглядамі самога чалавека. “Як грамадзянін сябе назаве, так і будзе запісана ў перапісным лісьце — хоць казак, хоць памор, хоць марсіянін”, — кажа старшыня Дзяржкамстату Расеі Ўладзімер Саколін. Апошняе — не перабольшаньне. Падчас нядаўняга перапісу 70 тыс. аўстралійцаў у графе “веравызнаньне” напісалі “рэлігія Джэдай” — наглядзеліся “Зоркавых войнаў”.
Б.Т.
Пра Беларусь зь любоўю
На Палтаўскім абласным тэлебачаньні выходзіць цыкл перадачаў “Пра Беларусь зь любоўю”. Арганізатарамі праекту выступілі Палтаўская тэлерадыёкампанія, аб’яднаньне беларусаў у Палтаве “Агніца”, менскі Чырвоны касьцёл. Аўтар праекту — паэтэса й тэлежурналістка Іна Снарская (Дзідык). Грошы на праект ахвяраваў Віктар Сулкоўскі, дырэктар гандлёвай кампаніі “Дзюна” з Сыктыўкару (Расея).
Алена Тышкевіч, Палтава
Каментары