Архіў

Пра інтэлігенцыю, інтэлектуалаў і агаворкі

Артыкул сп.Віктара Марціновіча «Интеллигенция — от слова «телега»?» («Белорусская газета» за 27 студзеня) прысьвечаны тэме ня новай — інтэлігенцыі і яе ролі. Аўтар «исключительно благодаря двум дракам», а таксама з нагоды «собрания интеллигенции» вырашыў задумацца пра тое, «кто он такой, белорусский интеллигент». Задума, безумоўна, вартая, а таму й ухвальная.

Пачатак артыкулу, праўда, можа зьбянтэжыць каго заўгодна — ці то расейскамоўнага, ці то нерасейскамоўнага беларускага інтэлектуала, бо сп.Марціновіч зьнянацку й без усялякіх аргумэнтаў сьцьвярджае: «За границей интеллигенции нет». Ну што ж гэта Вы, спадар-«баценька» Віктар?! Па-першае, як казалі ў савецкія часы, за мяжой ёсьць усё! А па-другое, Вы проста пярэчыце самому сабе, бо на пачатку самі ж і пішыце пра «russian intelligencia». Значыць, за нашай усходняй мяжой яна ўсё ж такі ёсьць. І адмаўляць яе існаваньне зусім ня варта.

Што да інтэлектуалаў, то тут у Вас, спадару Віктар, поўная блытаніна ў галаве. Паводле Вашых меркаваньняў, «прослойка интеллектуалов» — зьява расейская, якая склалася там «благодаря декабристам и нескольким годам красного террора». І гэтыя «інтэлектуалы», як сьцьвярджае сп.Марціновіч, былі гатовыя «не только порождать идеи, но и в первых рядах, с наганом и самодельной бомбой воплощать их в жизнь». Ну што тут скажаш? Адзін з такіх інтэлектуалаў — І.Сталін, аўтар шырока вядомай кнігі «Вопросы ленинизма», суаўтар «Краткого курса истории ВКП(б)».

Добра вядомыя ў нашай краіне й працы другога расейскага «інтэлектуала» У.Леніна, які меў да расейскай інтэлігенцыі вельмі акрэсьленае стаўленьне, дагэтуль папулярнае ў шырокіх народных масах, пра што «БГ» і нагадвае сваім чытачам у другім артыкулы, зьмешчаным на той самай паласе.

З увагі на цяперашнюю беларускую сытуацыю цікавасьць да такога кшталту інтэлектуалізму — рэч невыпадковая, і сп. галоўны рэдактар «БГ» зрабіў правільна, зьмясьціўшы артыкул В.Марціновіча ў рубрыцы «Тэндэнцыі».

Між тым добра вядома, што інтэлектуалы — зьява заходняя. Паўстала яна на традыцыі эўрапейскага рацыянальнага крытычнага мысьленьня, а таму з чырвоным тэрорам, бомбамі й рэвалюцыяй у Расеі нічога супольнага ня мае.

Цяжка ня быць уражаным ведамі аўтара артыкулу пра рэаліі ўсходняга й заходняга культурніцкага жыцьця. Але ўсё ж мушу зьвярнуць Вашу ўвагу, сп.Віктар, на тое, што слова «intelligencia» Вы напісалі няправільна. А прыметнік «Russian» у ангельскай мове заўсёды пішацца зь вялікай літары.

Зазірнулі б Вы ў слоўнік, сп.Віктар, перад тым як разьвешваць гірлянды зь нетутэйшых словаў перад тутэйшай чытацкай публікай.

Сп.Марціновіч агаворваецца настойліва й сыстэмна. Як тут не ўзгадаць сп.Фройда. І як не ўзгадаць шматлікіх тутэйшых зь іхнымі «отечественными ладами и иномарками», з «нашей отечественной культурой» і «нашыми» ў Чачэніі. А таму нядзіўна, што сп.Марціновіча раздражняюць «Вітаўты», «Жыгімонты», «Несьцеркі» і «Яські». «Интересно было бы заглянуць в графу «имя» их паспортов», — піша аўтар артыкулу. Ідэя ня новая. Яе ў папярэднім нумары «БГ» ужо выказаў сп.Грыцанаў, адзначыўшы пры гэтым трасянкамоўнасьць нованароджаных Алесяў і Вінцукоў. Пра трасянкамоўнасьць піша і сп.Марціновіч.

Я разумею, што з чысьцінёй беларускай і расейскай моваў у Беларусі — праблемы. Ведаеце, моўная інтэрфэрэнцыя. Але сутнасьць справы — не ў інтэрфэрэнцыі. Сутнасьць выяўляецца якраз празь некаторыя красамоўныя й істотныя «slips of the tongue». І самай красамоўнай зь іх зьяўляецца агаворка пра замежжа. У Вашай падсьвядомасьці, сп.Марціновіч, замежжа — рэчаіснасьць адназначна акрэсьленая: гэта ўсё тое, што пачынаецца на захад ад Берасьця.

А таму самы час адказаць на Вашае пытаньне пра тое, якую ролю наша інтэлігенцыя адыгрывае «в затянувшемся на 8 лет «переломном моменте». Пагаджуся тут з Вамі: роля гэтая зусім нязначная. Бо істотная частка беларускай інтэлігенцыі, пераважна расейскамоўнай (у тым ліку й Вы), так і ня здолела за дванаццаць год беларускай незалежнасьці выбудаваць культурніцкую, інтэлектуальную й псыхалягічную мяжу з Расеяй. І не пра расейскае тэлебачаньне (глядзець ці не глядзець яго) ідзе тут гаворка. А пра культурніцкія каштоўнасьці й экзыстэнцыйнае мысьленьне, у цэнтры якога заўсёды ёсьць «Я»-творчы суб’ект і мая ўласная культура. Гаворка ідзе пра беларускую культурніцкую традыцыю й гісторыю гэтага народу-нацыі, у якой была свая высокая культура.

Агаворка тым больш істотная, што адсутнасьць выразнай культурніцкай мяжы ў сьвядомасьці вялікай колькасьці расейскамоўнай ці дзьвюхмоўнай (паводле прынцыпу «чего изволите?») беларускай інтэлігенцыі ёсьць адной з самых галоўных прычынаў абсурднага й небясьпечнага працэсу інтэграцыі з Расеяй.

Паспрабуйце, сп.Віктар, з пазыцый чалавека, добра абазнанага ў сваёй (беларускай) культурніцкай традыцыі, пакамунікавацца з расейскімі інтэлектуаламі на якую-небудзь гістарычна-культурніцкую тэму, што тычыцца Беларусі, і Вы пераканаецеся, што культурніцкая мяжа існуе. Дарэчы, беларуская мова гэтую мяжу ўвідавочвае вельмі лёгка.

Ня варта, безумоўна, рабіць мяжу непераадольнай. Але Пушкін усё ж ня ёсьць «нашим поэтом», а «Колобок», якога Вы, напэўна, чыталі ў маленстве, ня ёсьць беларускай казкай. Нашымі яны могуць быць толькі ў той меры, у якой ёсьць нашае культурніцкае «я», нашае культурніцкае «мы» й нашая культура. У адваротным выпадку замежжа для беларусаў, як цяпер для Вас, заўсёды будзе пачынацца з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны.

Спасылаючыся на праф.Цікоцкага, ня варта прыпісваць комплекс культурніцкай непаўнавартасьці беларускім інтэлектуалам ды ўсім тым, хто ўжо мае ўяўленьне пра сваю ўласную гісторыю і культуру. Комплексу папросту няма.

Слава Богу, што шаноўны прафэсар, які прыехаў да нас з-за мяжы, з Расеі, вывучыў беларускую мову й піша падручнікі па беларускай граматыцы. Гэта толькі сьведчыць пра вартаснасьць ягонай справы й нашай мовы.

Інтэлігенцыя — зьява тыпова расейская і ў Беларусь імпартаваная. Да таго ж, за гады камунізму тутэйшая інтэлігенцыя была яшчэ й саветызаваная. А таму, як прадукт імпартаваны, яна ў значнай сваёй частцы прарасейская, правінцыйная, а з гэтага й праінтэграцыйная, калі не прыўладная. Але тыя, хто зьвяртаецца адзін да аднаго «спадар» і «спадарыня», да гэтага фэномэну, сп.Віктар, ужо не належаць. Вы зноў усё пераблыталі.

Да гэтага фэномэну не належаць і беларускія інтэлектуалы, значная колькасьць беларускіх мастакоў, літаратараў, навукоўцаў, музыкаў, журналістаў і ўвогуле добра адукаваных людзей. Так што ў Вас ёсьць шанец. Посьпехаў Вам.

Алесь Анціпенка

Каментары

Цяпер чытаюць

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя7

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя

Усе навіны →
Усе навіны

Наваполацкі макрушнік палічыў, што калі Расія плаціць за забойствы ўкраінцаў, то трэба наймацца. Але прагадаў8

Андрэй Пачобут папрасіў прэм’ера Польшчы выдаваць беларусам дакумент замежніка мінімум на тры гады26

Знайшла сяброўку і пераехала ў публічны вальер. Як цяпер жыве яноціха-нелегалка Ясенія?2

«Жахліва смярдзіць». У Брэсце масава скардзяцца на ваду з-пад крана1

Беларусь папярэдзіла Польшчу пра нібыта рыхтаваны на яе тэрыторыі тэракт3

Стала вядома, у што ператворыцца закінутая грамадская прыбіральня на беразе Свіслачы ў цэнтры Мінска1

Алексіевіч праспансавала сарочку для беларускага этнічнага фотапраекта4

Кампанія Honor правяла рэбрэндынг2

У турме памёр былы супрацоўнік КДБ Мікалай Варапай, асуджаны за шпіянаж на карысць Украіны4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя7

У выніку ўдару «Іскандэрамі» па выставе ўзбраення пад Кіевам загінулі 10 чалавек, 100 параненыя

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць