Архіў

Паліхромная Брытанія

Лёнданскіх галубоў разганяюць з дапамогаю мэгафонаў і адмыслова навучаных сокалаў.

Зь пяці тысячаў птушак на пляцы застаецца дзьве сотні самых зацятых, што нагадвае колькасныя суадносіны ўдзельнікаў колішніх і цяперашніх акцыяў роднай апазыцыі.

Эмануэль Свэдэнборг верыў, што пад Лёнданам знаходзіцца яго падземны адбітак — горад з тымі самымі пляцамі, вуліцамі, прытонамі й піўніцамі, але населены нябожчыкамі, якія пакрысе ператвараюцца ў анёлаў або дэманаў.

Трэба меркаваць, што за два з паловаю стагодзьдзі сам вучоны і містык ужо набыў адпаведнае Божай волі канчатковае аблічча і, ня выключана, таксама рухаецца цяпер у такт маім вечаровым крокам па тагасьветным лёнданскім раёне Фінчлі, кіруючыся ў тамтэйшы паб «The Torrington», куды, хочацца спадзявацца, пускаюць як дэманаў, так і анёлаў — каб апошнія не адрываліся ад народу.

У згаданай установе я зь яшчэ большай надзеяю думаю, што зьмены ў гэтых Лёнданах-блізьнятах адбываюцца ўсё ж не сынхронна і няхай хаця б знакаміты швэд засьпее стары ўтульны інтэр’ер з учарнелымі дубовымі панэлямі ды ліпучымі ад «Гінэсу» сталамі, якія — на гэтым сьвеце — чулі некалі галасы Лява Гарошкі, Кастуся Акулы і мой уласны голас, калі ягоны ўладальнік да краёў наліваўся густым і цёмным ірляндзкім пітвом, не падазраючы, што празь дзесяць гадоў убачыць тут нешта накшталт менскай «Крыніцы», якая бруіцца на праспэкце Скарыны трохі наўскос ад КДБ.

Пасьля наведаньня дзясятка пабаў, зь якіх дзевяць ужо зьнявечаныя пад «стандарт», маніцца паслаць на неба блюзьнерскую sms’ку прыкладна такога зьместу: «Госпадзе, якую б іпастась ты ні абраў для мяне, — і анёлам, і дэманам буду антыглябалістам».

* * *

Некалькі ангельскіх прафэсараў-славістаў, якія часам выступаюць як экспэрты ў праблемах Усходняй Эўропы, а значыць, і маёй краіны, уважліва прагледзеўшы відэастужку зь менскімі вулічнымі акцыямі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, з хвіліну занепакоена пераглядваюцца. Нарэшце адзін з вучоных мужоў фармулюе агульнае пытаньне: ці няма ў гэтых дэманстрацыях і мітынгах нечага расісцкага? Адказваю непаразумелым позіркам, і прафэсар тлумачыць: яны ня ўбачылі сярод удзельнікаў ніводнага цёмнага твару.

Адразу ўспамінаецца, што ў клясе, дзе вучыцца сын лёнданскага прыяцеля, усяго трое белых — роўна столькі, колькі было ў вагоне падземкі, калі ехаў на сустрэчу з экспэртамі.

Захад абавязкова дапаможа маёй сінявокай краіне.

Менскія вуліцы Маркса, Энгельса й Леніна, відаць, аблюбуюць жаўтаскурыя браты па розуме. Учора некалькі дэлегацыяў якраз такога колеру доўга заміналі мне зь сябрамі даступіцца да Марксавага надмагільля на Гайгейцкіх кладах, каб учыніць невялікі пэрформанс з прывезенай здалёк постмарксісцкай газэткай, пляшачкай і, на жаль, без забытага кавалка сала.

Духоўныя спадкаемцы Ўсамы бэн Ладэна, пэўна, атабарацца на Камуністычнай, дзе некалі быў прапісаны Лі Харві Освальд, якому малады Станіслаў Шушкевіч, калега з радыёзаводу, на заданьне начальства даваў урокі расейскай мовы. Цікава, а што прычынілася б, каб Станіслаў Станіслававіч узяўся вучыць амэрыканскага таварыша па-беларуску? Можа, колішні жыхар дому №4 абраў бы прыцэлам ня Джона Кенэдзі, а каго іншага?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Уладзімер Арлоў

Каментары

Цяпер чытаюць

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране25

Светабнаўляецца25

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране

Усе навіны →
Усе навіны

Эміграцыя з ЗША ўпершыню перавысіла іміграцыю. Выязджаюць найбольш у Еўропу. Чаму і куды?11

«Не прапусціла служба бяспекі». Польскі банк адмовіў беларусу з ДНЖ, але пратэрмінаваным пашпартам у адкрыцці рахунку для ІП4

Зяленскі мяркуе, што можна дасягнуць міру ва Украіне да лістапада1

Заснавальніка расійскага прапагандысцкага тэлеграм-канала на 2 мільёны падпісчыкаў затрымалі за махлярства

Трэнд сярод беларускіх зумераў і міленіялаў: усё больш моладзі вяртаецца жыць да бацькоў28

Міністра Рыжанкова здымаюць з кіраўніцтва Федэрацыі баскетбола5

На дзяржаўным тэлебачанні прагучала «Купалінка» — яе выканаў сербскі іераманах, які шмат гадоў жыве ў Беларусі1

У Польшчы арыштавалі групу тэлефонных махляроў. Сярод іх былі і беларусы

Пракоп’еў: З каманды ёсць толькі я і Сяргей Ціханоўскі54

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране25

Светабнаўляецца25

Ізраіль пры падтрымцы ЗША нанёс ракетны ўдар па Іране

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць