«Бомба запаволенага дзеяння». Чаму ў Калумбіі хочуць забіць «какаінавых бегемотаў» Пабла Эскабара
Імя Пабла Эскабара Калумбія спрабуе забыць ужо больш за 30 гадоў. Адзін з самых вядомых злачынцаў усіх часоў быў заснавальнікам сумнавядомага медэльінскага наркакартэля ў 1980‑х гадах і ў свой час лічыўся адным з самых багатых людзей у свеце. Але былы «какаінавы кароль» таксама адказны за экалагічную бомбу запаволенага дзеяння, піша Бі-бі-сі.

Група бегемотаў, якіх Эскабар у 1980‑х гадах завёз у свой прыватны заапарк, размножылася і распаўсюдзілася па адной з галоўных водных артэрый краіны — рацэ Магдалена. Паводле ацэнак даследавання 2022 года, цяпер можа быць да 250 такіх «какаінавых бегемотаў», і пасля дзесяцігоддзяў абмеркаванняў урад Калумбіі абвясціў пра планы знішчыць каля 80 з іх.
«Калі мы гэтага не зробім, мы не зможам кантраляваць папуляцыю, — заявіла міністарка навакольнага асяроддзя Ірэнэ Велес. — Мы павінны прыняць гэтыя меры, каб захаваць нашы экасістэмы».
Зрэшты, зоаабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі гэтае рашэнне. Сенатарка Андрэа Падзілья назвала яго «спрошчаным і жорсткім».
«Я ніколі не буду падтрымліваць забойства здаровых істот, — напісала яна ў X, — тым больш калі, як у гэтым выпадку, яны з'яўляюцца ахвярамі безадказнасці, нядбайнасці, абыякавасці і карупцыі дзяржавы».

Інвазійны від
Калумбійскія навукоўцы даўно сцвярджаюць, што знішчэнне жывёл у дзікай прыродзе з'яўляецца адзіным спосабам змякчыць іх уплыў на навакольнае асяроддзе. Галоўная праблема палягае ў тым, што бегемоты не з'яўляюцца мясцовым відам у гэтай лацінаамерыканскай краіне — ды і наогул нідзе па-за Афрыкай. Гэта азначае, што яны не маюць прыродных ворагаў, такіх як ільвы ці кракадзілы, і могуць практычна бескантрольна размнажацца.

«Відавочна, што нам шкада гэтых жывёл, але як навукоўцы мы павінны быць сумленнымі», — расказвае Бі-бі-сі калумбійская біёлаг Наталі Кастэльбланка, адна з вядучых экспертаў па «какаінавых бегемотах».
«Бегемоты з'яўляюцца інвазіўным відам у Калумбіі, і калі мы зараз не знішчым частку іх папуляцыі, сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю ўжо праз 10 або 20 гадоў. Урад прыняў сумнае, але неабходнае рашэнне. Дзякуй за тое, што прыслухаліся да навукі», — дадае яна.
Кастэльбланка тлумачыць, што «какаінавыя бегемоты» скарысталіся яшчэ адной эвалюцыйнай магчымасцю, акрамя адсутнасці ільвоў і кракадзілаў, якія б стрымлівалі іх колькасць: кліматам.
У Афрыцы ёсць інтэнсіўныя сухія сезоны, якія таксама дапамагаюць кантраляваць памер папуляцыі. У басейне ракі Магдалена сітуацыя зусім іншая — там стабільныя ападкі. Насамрэч умовы ў іх паўднёваамерыканскім доме настолькі ідэальныя, што бегемоты, падобна, нават раней дасягаюць палавой спеласці — прасцей кажучы, пачынаюць нараджаць патомства ў больш маладым узросце.
Як бегемоты наогул там апынуліся
З'яўленне так званых «какаінавых бегемотаў» непасрэдна звязана з забойствам Пабла Эскабара калумбійскімі сіламі бяспекі ў 1993 годзе. Пасля яго смерці Hacienda Napoles — раскошны маёнтак прыкладна за 250 км на паўночны захад ад сталіцы Багаты — канфіскавалі ўлады. Прыватны заапарк Эскабара дэмантавалі, хоць неўзабаве ён стаў часткай папулярнага тэматычнага парку.

Жывёл з Hacienda Napoles спачатку размеркавалі паміж заапаркамі па ўсёй краіне. Але не бегемотаў.
«Лагістычна было складана іх перавозіць, таму ўлады проста пакінулі іх там, верагодна, думаючы, што жывёлы памруць», — кажа Кастэльбланка.
Замест гэтага яны квітнелі.
«Гэта самы вялікі статак бегемотаў па-за межамі Афрыкі, іх прыроднага арэала», — тлумачыць Бі-бі-сі ветэрынар і прыродаахоўнік Карлас Вальдэррама.
І, па прагнозах, іх колькасць будзе толькі расці. Кастэльбланка і яго калегі кажуць, што без знішчэння жывёл папуляцыя сысуноў можа перавысіць 1 400 асобін ужо да 2034 года — усе яны з'яўляюцца нашчадкамі пачатковай групы з аднаго самца і трох самак. У даследаванні 2021 года яны апісалі ідэальны сцэнар, пры якім штогод трэба знішчаць або кастрыраваць 30 жывёл, каб гэтага не здарылася.
Чаму гэтыя бегемоты — такая праблема
Даследчыкі, якія вывучаюць экалагічнае ўздзеянне бегемотаў, лічаць, што іх прысутнасць можа шкодзіць мясцовай экасістэме рознымі спосабамі: ад выцяснення мясцовых відаў, якія ўжо знаходзяцца пад пагрозай знікнення, як, напрыклад, ламанціны, да змены хімічнага складу водных шляхоў, што можа паставіць пад пагрозу рыбалоўства.

«Бегемоты распаўсюджваюцца па найбуйнейшым рачным басейне Калумбіі, за кошт якога жывуць многія тысячы людзей», — кажа Кастэльбланка.
«Бегемотаў бачылі на адлегласці да 370 км ад Hacienda Napoles», — дадае яна.
Яны таксама складаюць рызыку для людзей: хоць у Калумбіі дагэтуль не было смяротных нападаў, бегемоты — тэрытарыяльныя жывёлы і, паводле ацэнак, у Афрыцы яны штогод забіваюць каля 500 чалавек — больш, чым ільвы, кракадзілы ці сланы.
«Гэта як быць у фільме «Парк Юрскага перыяду»
Варта адзначыць, што ёсць эксперты, якія выступаюць супраць ідэі знішчэння жывёл. Энрыке Ардоньес, біёлаг з Нацыянальнага ўніверсітэта Калумбіі, сцвярджае, што «какаінавыя бегемоты» даюць надзею на захаванне сусветнай папуляцыі бегемотаў — міжнародныя арганізацыі, у прыватнасці Міжнародны саюз аховы прыроды (IUCN), лічаць іх уразлівым відам.

Ён з'яўляецца адным з экспертаў, якія абараняюць стэрылізацыю як найлепшы спосаб кантролю папуляцыі. Але такія працэдуры далёка не простыя — і не танныя, — і Карлас Вальдэррама мае з гэтым вопыт. У 2009 годзе ён правёў кастрацыю самца «какаінавага бегемота» ў межах эксперыменту па вывучэнні магчымых спосабаў кантролю росту папуляцыі.
«Мы гаворым пра жывёліну, якая можа важыць пяць тон і быць вельмі агрэсіўнай», — кажа Вальдэррама.
«Нават нягледзячы на тое, што жывёліне ўвялі заспакаяльныя, яна ледзь не перакінула кран, які мы выкарыстоўвалі для правядзення працэдуры. Гэта было як знаходзіцца побач з дыназаўрам у фільме «Парк Юрскага перыяду», — дадае ён.
Ветэрынар кажа, што галоўным урокам эксперыменту стала тое, што сама па сабе кастрацыя проста не з'яўляецца варыянтам — асабліва ўлічваючы рахунак у $50 000.
«Многія з гэтых бегемотаў жывуць у дзікай прыродзе. Проста немагчыма лёгка дабрацца да ўсіх», — тлумачыць ён.
«Тым часам яны будуць працягваць размнажацца. А бегемоты — палігамныя, гэта значыць, адзін самец можа апладніць шмат самак», — дадае Вальдэррама.
Пагрозы смерцю
Раней калумбійскія ўлады аддавалі перавагу іншаму падыходу — адлову бегемотаў і перадачы іх у заапаркі ва ўсім свеце, — але спробы перасялення пацярпелі няўдачу, у прыватнасці праз кошт транспартавання. А адпраўка іх у Афрыку, на радзіму продкаў, ніколі не разглядалася як варыянт.

Народжаныя і выгадаваныя ў Калумбіі — усе нашчадкі аднаго самца і трох самак Эскабара — «какаінавыя бегемоты» маглі б не толькі занесці хваробы ў мясцовыя папуляцыі жывёл, але і ствараць генетычныя рызыкі.
Дык што ж замінала ўладам выкарыстаць больш радыкальныя дзеянні? Кароткі адказ — грамадская думка. Людзі вельмі эмацыйна ставяцца да «какаінавых бегемотаў», што пацвярджае вопыт Наталі Кастэльбланка.
Пасля таго як калумбійскія СМІ паведамілі пра яе даследаванне, біёлаг пачала атрымліваць абразы і пагрозы смерцю ў сацыяльных сетках.
«Мяне называлі «забойцай» і іншымі словамі. У Калумбіі некаторыя людзі могуць вельмі злаваць, калі гаворка заходзіць пра бегемотаў», — кажа яна.
«Гэта натуральная чалавечая рэакцыя. Людзям значна лягчэй зразумець праблему інвазіўных відаў, калі гаворка ідзе пра расліны або больш дробных істот, а не пра велізарнага сысуна, якога многія лічаць мілым», — дадае Кастэльбланка.
Вакол бегемотаў таксама сфармавалася цэлая лакальная індустрыя ў супольнасцях басейна ракі Магдалена. Перабудаваны заапарк у Hacienda Napoles утрымлівае некалькіх паўторна адлоўленых бегемотаў і штогод прыцягвае тысячы турыстаў — што паказальна, пры жыцці Эскабара ён дазваляў публічныя наведванні як піяр-акцыю, і Наталі Кастэльбланка згадвае, як у дзяцінстве ездзіла туды з сям'ёй.
У 2009 годзе, калі калумбійскія салдаты застрэлілі бегемота па імені Пепэ, якога лічылі пагрозай для супольнасцяў паблізу маёнтка, масавае грамадскае абурэнне — падмацаванае выкрыццём таго, што стралкі зрабілі сэлфі з целам, — прывяло да юрыдычнай абароны бегемотаў. Але цяпер сітуацыя стала «дастаткова сур'ёзнай», каб абумовіць змену пазіцыі, расказвае Бі-бі-сі біёлаг Давід Эчэверы з калумбійскага прыродаахоўнага агенцтва Cornare.
«Знішчэнне жывёл — не адзінае рашэнне праблемы росту папуляцыі, але яно неабходнае», — кажа ён.
Спадчына Эскабара
Тупік — гэта тое, чаго Кастэльбланка і яе калегі баяцца амаль гэтак жа, як і распаўсюджвання сысуноў. У сваім даследаванні яны прыводзяць афіцыйную ўрадавую статыстыку, згодна з якой з 2011 па 2019 год стэрылізацыю прайшлі толькі чатыры жывёліны.
«Пакуль што бегемоты ў Калумбіі жывуць у раі, — лічыць Кастэльбланка. — Але яны — экалагічная бомба запаволенага дзеяння».
Больш чым праз 30 гадоў пасля смерці Пабла Эскабара «какаінавыя бегемоты» таксама з'яўляюцца сведчаннем працяглай прысутнасці наркабарона ў Калумбіі.

Калумбія хоча стэрылізаваць «какаінавых бегемотаў», якія размнажаюцца што дурныя
Няўклюдны бегемоцік стаў зоркай інтэрнэту ШМАТ ФОТА
Як пасябравалі дзіцяня-бегемот і гіганцкая чарапаха
Прыватны самалёт, які мог належаць Пабла Эскабару, ператварылі ў раскошнае жытло на Airbnb
У Маямі-Біч разбурылі асабняк наркабарона Пабла Эскабара
Каментары
Да, отловить и перевезти в их естественный ареал обитания - дорого, для коррумпированной и бедной страны, проще провести отстрел.
Как появились, так и пропали.
Такой подход на всех живодёрнях поражённых коррупцией и находящихся в петле нищеты. Касается не только бегемотов, но и населения живущих в этих живодёрнях, странами назвать язык не поворачивается.
Потому что "дешевле убить".
Натуральное варварство!
Даже если отправка одного бегемота в Африку стоит 10 млн. долларов, это обязанность правительства страны сделать всё в лучшем виде.
Привлеките природоохранные фонды для помощи в финансировании - Колумбии весь мир будет аплодировать стоя.
Но убивать... за что?