Архіў

Літаратурны працэс

Людзей пасадзілі за верш, якога не наважыліся агучыць ні пракурор, ні судзьдзя

Праўда, калі быць дакладным, прагучалі дзьве цытаты — па адным радку — на другі дзень працэсу, але гэта была падвойная цытата: пракурор зачытаў урыўкі з допытаў у КДБ. Зачытаў, назваўшы прозьвішча маёра, які дапытваў Аляксандра Васільева, намесьніка старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Валер’я Леванеўскага, якога падчас працэсу ўвесь час трымалі ў клетцы, як небясьпечнага злачынцу. І яшчэ ў другім цытаваным радку было слова на нашай другой дзяржаўнай мове, зь якога пракурор прачытаў толькі першыя літары. Зрэшты, у самім вершы так і было надрукавана.

Валер’я Леванеўскага і Аляксандра Васільева пакаралі двума гадамі зьняволеньня кожнага за вершаваную ўлётку, якая нібыта публічна абразіла прэзыдэнта Лукашэнку. Хаця да самага канца так і ня высьветлілася, ці чытаў ён сам вершык. Ну, але затое чыталі сьледчыя КДБ і пракуратуры, проста Міліцыянты і амапаўцы, судзьдзі і тысячы іншых гарадзенцаў. Вось за гэта і крымінальную справу распачалі супраць Леванеўскага і Васільева, што яны выкарысталі вершык у агітацыйных мэтах. Праўда, не было ў ім ні прозьвішча, ні імя, ні афіцыйнай пасады абражанай асобы. Пра гэта дзясяткі разоў гаварылася ў сьледчых кабінэтах і на судзе. Але ў абвінаваўчага боку былі «неабвержныя доказы» — паказаньні сьведкаў, палова зь якіх, як звычайна бывае ў беларускіх судах, самі міліцыянты, якія хоць і невялікія знаўцы паэзіі, затое ў ідэалягічным сэнсе маюць неабходную пільнасьць.

Паводле суду, Леванеўскі і Васільеў вырабілі двухбаковую ўлётку: здымак Леванеўскага і заклік прыйсьці на першатравеньскі мітынг з аднаго боку, сатырычны вершык — з другога. У выніку начальства пакінула мітынг ні з чым, сьвяточна-пампэзную імпрэзу прадпрымальнікі ператварылі ў мітынг пратэсту, сказалі рашучае «Не!» трэцяму тэрміну і запатрабавалі адстаўкі Лукашэнкі. Акцыя выйшла досыць гучная. Асабіста Леванеўскага перад мітынгам арыштавалі, каб не прамаўляў.

З паказаньняў сьведкаў

Адвакат: Вы лічыце, што плякаты з выявай прэзыдэнта і словам «далоў» абражаюць гонар і годнасьць?

Міліцыянт-сьведка: Так, лічу.

Затым адвакат пацікавіўся, ці праўда, што ў пракуратуры міліцыянт сказаў, што бачыў на мітынгу Васільева. А цяпер гаворыць, што ня ведае Васільева.

Адвакат: Дык значыцца, вашы паказаньні запісаны няслушна?

Міліцыянт: Я ня ведаю.

Судзьдзя: Дык якія паказаньні браць за аснову — ранейшыя ці сёньняшнія?

Міліцыянт: Напэўна, тыя…

Гэты сьведка быў адным з «каронных», бо дапыталі толькі невялікую частку сьведкаў, пасьля чаго пракурор сказаў, што яму для абвінавачаньня цалкам хапае пачутых паказаньняў. І хаця абвінавачваныя і адвакат патрабавалі выслухаць усіх астатніх, пракурор застаўся няўмольным, як само беларускае правасудзьдзе.

Пракурор: З тэксту вы зразумелі, на адрас каго накіраваны яго словы?

Сьведка-пэнсіянэрка: Нашага прэзыдэнта.

Пракурор: У адрас прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. А зьмест — нармальны?

Сьведка: Там пра жабрацтва — гэта праўда: я і мае знаёмыя жабракі, а маты ў вершы мне не спадабаліся.

Пракурор: Вы добраахвотна аддалі ўлётку міліцыянту?

Сьведка: Так, нават не паглядзела пагоны. А цяпер думаю: навошта я яго ўпусьціла?

Адвакат: На падставе чаго вы вырашылі, што гэта да прэзыдэнта мае дачыненьне, — на падставе якіх фраз, выразаў?

Сьведка: Там пра камунальныя паслугі напісана. З майго пункту гледжаньня — хто ў нас самы галоўны ў нашым жыцьці? А я ніхто.

Адвакат: Ці была там указана пасада?

Сьведка: Ня памятаю, не. Не зацыклівалася на дакладнасьці такой. Можа, я і памыляюся, у мяне сярэдняя адукацыя. Ня ведаю, кожнаму зразумела. А можа, у мяне мазгі тупаватыя?

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Максімовіч, Горадня

Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Усе навіны →
Усе навіны

Выбухнуў і загарэўся Амурскі газахімічны комплекс на мяжы з Кітаем за 6500 кіламетраў ад Украіны2

Ці можна ў Ірландыі замовіць вячэру па-ірландску? Эксперымент блогера, які стаў вірусным22

У цэнтры Мінска прадаюць кватэру з уласным смеццеправодам1

Памылка пры павароце: у Мінску сутыкнуліся два грузавікі МАЗ і Mercedes

Допыты і пагрозы. Што адбываецца са студэнтамі ЕГУ пасля прызнання ўніверсітэта «экстрэмісцкім»7

Адміністрацыя Трампа збіраецца адклікаць 200 тысяч турыстычных віз у тых, хто прыехаў па іх у краіну і папрасіў прытулак4

Беларусы прывезлі з Капенгагена «крыж каралевы Сафіі». Гісторыкі называюць яго біжутэрыяй за 4000 еўра15

У Купалаўскім тэатры расійскія рэжысёры правядуць творчую лабараторыю, у якой абяруць спектакль для рэпертуару12

Каб захаваць першы радок у сусветным тэнісе, Арыне Сабаленцы трэба толькі перамагаць на US Open11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць