Меркаванні1111

Фаервэрк для нацыі

Калісьці ТБМ заклікала: гаворым усе па‑беларуску! Дзе б ні былі. Кожны дзень і кожную хвіліну. Мы — на сваёй зямлі. Спрабавалі? І было вам утульна на сваёй зямлі?

Дзікае і недарэчнае здарэнне. Вядомы літаратуразнаўца выходзіў з метро. Сціснуты ў натоўпе, адчуў сябе зусім кепска. Паспяшаўся знайсці лекі, якія апошнім часам даводзілася заўсёды трымаць напагатове. Праглынуў таблетку, пайшоў далей. Падбегла дзяўчынка: нешта вы згубілі. Азірнуўся. На каменных плітах ляжалі некалькі газет. Натоўп іх старанна абыходзіў. Вярнуўся, падняў. І ўбачыў перад сабой міліцыянта.

Сталага, паважанага ўсімі чалавека, адвялі ў міліцэйскі пакой. Далей — паводле незабыўнага верша Аркадзя Куляшова: доўгі і нудны пачаўся дапрос. Хто такі? Навошта столькі газет? Чаму не тыя, якія чытаюць усе? Ішоў час. У міліцэйскім бункеры было ўжо цяжка дыхаць. Лекі не дапамагалі. А міліцыянт па тэлефоне старанна дакладаў начальству аб затрыманні падазронага. У якога сумка, поўная газет. Не тых. І апошні, важкі аргумент: «гаварыт па‑беларуски».

Ці то ў начальства хапіла розуму ўцяміць, што інцыдэнт на ордэн не пацягне, ці пільны вартавы заўважыў перамены ў абліччы затрыманага, але хуткая дапамога была выклікана. Брыгада сваю справу ведала. Хвораму дапамаглі. І нават дадому адвезлі. Нязначнае, увогуле, здарэнне. Можа, і не варта ўзгадваць пра тое.

Калісьці Таварыства беларускай мовы заклікала: гаворым усе па‑беларуску! Дзе б ні былі. Кожны дзень і кожную хвіліну. Мы — на сваёй зямлі.

Спрабавалі? І было вам утульна на сваёй зямлі? І на замову славутай філіжанкі кавы паўсюдна бачылі добрую ўсмешку ў адказ? І высокі чыноўнік, да якога акалічнасці змусілі звярнуцца, пачуўшы беларускую гаворку, не наліўся чырванню, а паспяшаўся перайсці на спрадвечна дзяржаўную мову Беларусі?

Ды што там гэта сумнавядомая філіжанка кавы! Афіцыянтачка, нявіннае дзіця рэжыму, магла і сапраўды не чуць ніколі пра тую філіжанку. А вось Нацыянальная (заўважце!) акадэмія навук Рэспублікі Беларусь, для якой дзяржаўнасць мовы не сакрэт, адказвае на запыт грамадскай арганізацыі. Дыскутуецца пытанне даўняе, бязмежна абрыдлае ўсім тутэйшым установам — неабходнасць адкрыцця універсітэта, у якім вялося б выкладанне на мове беларускай.

Акадэмія навук — установа грунтоўная. Гэта не міліцыянт у метро. Услухаемся ў велічныя словы класікаў тутэйшай навуковай думкі. «Нельга згадзіцца з прапановай аб стварэнні ў Мінску шматпрофільнага беларускамоўнага універсітэта. Беларуская мова з»яўляецца дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь. У ВНУ дысцыпліны чытаюцца ў тым ліку і на беларускай мове (напрыклад, «Гісторыя Беларусі» і шэраг іншых)… Разам з тым, неабгрунтаваным з»яўляецца сцвярджэнне аўтараў звароту, што ў сённяшніх умовах адбываецца «дэнацыяналізацыя і самаўдушэнне беларусаў». Наадварот, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, дзякуючы захадам кіраўніцтва нашай дзяржавы, а таксама намаганням навукоўцаў і педагогаў, ўсё больш усведамляюць сябе як самастойную і суверэнную нацыю з багатай гісторыяй і культурай, якая здольна забяспечыць усе неабходныя ўмовы для свайго паспяховага развіцця».

Вось так, няхай ведаюць розныя там правакатары! Нездарма ж падпісвае адказ не які‑небудзь дробны кручок з акадэмічнай абслугі, а сапраўдная навуковая кагорта — намеснік Старшыні прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік А.Лесніковіч, старшыня камісіі па гісторыі навукі ў Беларусі, акадэмік М.Барысевіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар А.Каваленя.

Якая моц! Невыпадкова ж менавіта нашы навукоўцы вылічылі, што цэнтр Еўропы — тут. Летувісы, славакі ды іншыя паспяшаліся знайсці ў сябе пад бокам адпаведны цэнтр. Але пасля такога адкрыцця, як вышэйзгаданае пасланне, ім лепш бы памаўчаць. Дзе яшчэ можа быць цэнтр, калі не тут? Хіба французскія акадэмікі — а яшчэ «несмяротныя»! — здолелі дадумацца да таго, што паколькі гісторыя Францыі «і шэраг іншых» выкладаюцца на французкай мове, усе астатнія дысцыпліны варта выкладаць на ангельскай, або на той жа рускай. І ўвогуле, навошта краіне, дзе французская мова — дзяржаўная, франкамоўныя універсітэты.

Пашчасціла не ўсім жыць у цэнтры Еўропы. А там, далей, што толькі не здаралася. Хто ж не памятае, як кайзераўскі яфрэйтар, няўдалы мастак, дарваўшыся да ўлады, загадаў на адзенне пэўнай часткі насельніцтва нашываць жоўтыя зоркі. І давялося каралю Даніі выходзіць да сваіх падданых з гэткай жа зоркай, бо сорамна было за дзікунства ў Еўропе.

Але што нам тамтэйшыя зараснікі палітычных хмызнякоў! У нас, у цэнтры, усё прыстойна, далікатна. Розныя там гета, нашыўкі на адзенні, калючыя драты — гэта ўбогія ідэі цемрашалаў. Сучаснае жыццё вымагае прастаты. Паставіў знакаміты рэжысёр не той спектакль — і няхай сабе. Навошта пасылаць па яго таварышаў у ботах? Проста ветліва спытайце, як яму дзесяты год без тэатра? Галоўны рэдактар часопіса быў надта неабачлівы ў падборы аўтараў і твораў. Хіба яго хто папракнуў? Але пасля марных пошукаў працы, пагадзіўшыся нават на месца вартаўніка, так яго і не дамогся. Краіна невялікая. А прозвішча прыкметнае. Ды што рэдактар — увесь Саюз пісьменнікаў, які не зразумеў своечасова, пра што і на якой мове яго сябрам варта пісаць, дзе цяпер туляецца?

З нічога, ніадкуль узнікае непрыкметная, няўлоўная лінія, якая жорстка і дакладна аддзяляе сваіх ад чужых. Было ж абвешчана ўсім: беларусы — гэта рускія, толькі са знакам якасці. Вам няўтульна пад гэтым знакам? У вас алергія на спалучэнне чырвонага з зялёным? Жыць не можаце без клятай філіжанкі кавы? Калі ласка, — вось за тую лінію. Там няма «ні жаровен, ні чарцей». Там не так ужо кепска. Да таго ж там лепшыя людзі, якімі яшчэ нядаўна так ганарылася краіна.

Гуманізм — адметнасць усёй Еўропы. А тым болей — яе цэнтра. І вось ужо ААН скасоўвае пасаду пастаяннага дакладчыка па правах чалавека ў Беларусі. І тым, хто захацеў бы сёння захаваць узровень прыстойнасці, так высока ўзнятай тым незабыўным каралём, сёння нечага нашыць у знак пратэста. Няма ніякіх сімвалаў уціску. А віртуальная лінія падзелу — дзе яна? Хто яе бачыў?

І запрасілі ўсіх, без выключэння, 3 ліпеня сабрацца каля славутай стэлы — сімвала сталіцы. І ўсім у адзіным парыве, разам з родным амонам і пераапранутым КДБ заспяваць узрушана і шчыра: «Мы, беларусы, мірныя людзі…» На беларускай жа мове, дарэчы!

А потым — шыкоўны феерверк. Мора папсы. І піва — хоць заліся. А што яшчэ чалавеку ў цэнтры Еўропы патрэбна для поўнага шчасця?

«Дзякуючы захадам кіраўніцтва…а таксама намаганням навукоўцаў…усё больш усведамляюць…»

Уладзімер Халіп, Хартыя'97

Каментары11

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.
Спам-фільтр: падлічыце, колькі будзе... не бачу сімвалы
  

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА19

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

У Індыі мужчына вырашыў ахвяраваць грошы на храм і выпадкова выкінуў у скрыню свой айфон

Шахматыста Магнуса Карлсэна дыскваліфікавалі на чэмпіянаце свету за вернасць джынсам4

Чаму хобіты жывуць у беларускіх вёсках, а эльфы гавораць старабеларускай. Перакладчык «Валадара Пярсцёнкаў» адказвае на ўсе пытанні18

«У 2020-м два сыны ўгаворвалі Лукашэнку ляцець з Беларусі»31

«Газпрам» спыняе пастаўкі газу Малдове

Арменія не збіраецца вяртаць пасла ў Мінск2

Рэцыдывіст, які скраў унітаз у суседа. Расказваем, хто той найміт з Беларусі, якога ўзялі ў палон ва Украіне3

Шэф ChatGPT пра Маска: «Хам і хуліган, але і прадпрымальнік легендарны»

Пуцін выбачыўся перад Аліевым за атаку на самалёт Баку — Грозны8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА19

На магільным помніку Макея выбілі частку шыфру каліноўцаў ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →