Архіў

Ён вучыўся ў падпольным ліцэі…

18 траўня 1920 году ў Караля й Эміліі (з Качароўскіх) Вайтылаў, жыхароў Вадовіц пад Кракавам, нарадзіўся сын, якога ахрысьцілі Каралем.

Увосень 1938-га Караль Вайтыла запісаўся на аддзяленьне польскай мовы і літаратуры Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве.

У кастрычніку 1940-га — пачаў працаваць рабочым у кракаўскай каменяломні «Сольвэй».

У кастрычніку 1942-га, падчас акупацыі, пачаў вучыцца ў таемных групах тэалягічнага аддзяленьня Ягелёнскага ўнівэрсытэту як клерык падпольнай духоўнай сэмінарыі.

Увесну 1945 г. адбыўся ананімны літаратурны дэбют: у штомесячніку «Голас Кармэля» была надрукавана паэма «Песьня пра схаванага Бога». Ад 1950 г. ягоную паэзію і паэтычную прозу друкавалі польскі каталіцкі штотыднёвік «Tygodnik Powszechny» i часопіс «Znak». П’есы выйшлі з друку, толькі калі Караль Вайтыла ўжо стаў пантыфікам.

1 лістапада 1946 году быў высьвячоны.

У 1946-м — выехаў для далейшага навучаньня ў Рым.

У 1948-м — у рымскім Дамініканскім унівэрсытэце абараніў доктарскую працу «Паняцьце веры ў сьвятога Яна ад Крыжа». Пачынае выкладаць у Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце.

У 1954-м — атрымлівае знак пешага турыста: у рамках душпастырскай службы ходзіць з моладзьдзю ў горныя й водныя экскурсіі.

У 1958-м — становіцца дапаможным біскупам кракаўскім. Наймаладзейшы біскуп у Польшчы.

1960-ы — да друку падпісана кніга біскупа Вайтылы «Любоў і адказнасьць».

У 1964-м — становіцца арцыбіскупам мітрапалітам Кракаўскім.

У 1967-м — становіцца кардыналам.

1969-ы — да друку падпісана кніга «Асоба й чын», своеасаблівы сынтэз тамізму й фэнамэналёгіі.

18 лістапада 1976 году ў Варшаве кардынал Вайтыла сустрэўся з членамі падпольнага Камітэту абароны рабочых.

16 кастрычніка 1978-га — упершыню з 1522 г. папам стаў неітальянец.

4 сакавіка 1979-га — абвешчана першая энцыкліка Яна Паўла ІІ «Redemptor hominis» («Збаўца чалавека»). Папа заяўляе пра неабходнасьць, каб царква служыла чалавеку. «Роля Касьцёлу службовая (...). Дарогай Касьцёлу ёсьць чалавек». Папа заслужыў сабе рэпутацыю вялікага гуманіста. 2—10 чэрвеня адбылася першая пілігрымка папы на радзіму. 2 чэрвеня ў казані ў Варшаве папа заклікаў: «Хай сыдзе Дух Твой! Хай зьменіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі!» Людзі прачытывалі гэта як водпаведзь камунізму і заклік да перамен.

15—19 лістапада 1980 г. — падарожжа ў ФРГ. У прамове да прадстаўнікоў Эвангелісцкай царквы Ян Павал ІІ параўнаў сябе зь Лютэрам: «Рэфарматар некалькі стагодзьдзяў таму прыбыў у Рым як паломнік, а сёньня біскуп Рыму прыбывае як паломнік да духоўных нашчадкаў Марціна Лютэра». Упершыню папа прамовіў такое на адрас пратэстантаў.

15 студзеня 1981-га — аўдыенцыя для Леха Валэнсы й кіраўніцтва «Салідарнасьці». 13 траўня, калі папа ехаў на «папамабілі» на плошчу Сьвятога Пятра, у яго пацэлілі тры кулі. Аднаго з тэрарыстаў, якія ўчынілі замах, — маладога турка Мэхмэта Алі Агджу — схапілі, астатнія ўцяклі. Агджа належаў да фашысцкай арганізацыі «Шэрыя ваўкі». Да сёньня невядома, хто стаяў за замахам. 27 сьнежня, акрыяўшы, папа наведаў у вязьніцы Алі Агджу. Пасьля размовы зь ім папа сказаў: «Бог падарыў мне — і думаю, ня толькі мне, але і яму — ласку, каб мы спаткаліся як людзі і як браты».

31 студзеня — 11 лютага 1986 г. адбылося падарожжа папы ў Індыю. Ян Павал ІІ наведаў адзін з прытулкаў для самых убогіх, арганізаваны маці Тэрэзай з Калькуты. 13 красавіка ён наведаў зь візытам рымскую сынагогу. Папа сказаў: «Вы нашы ўлюбёныя браты, і ў пэўным сэнсе можна сказаць — нашы старэйшыя браты». Упершыню папа так ушанаваў юдэяў, якіх раней царква нярэдка цкавала.

7 чэрвеня 1992 году падчас чарговае пілігрымкі ў Афрыку папа папрасіў у жыхароў гэтага кантынэнту прабачэньня за «жорсткую зьнявагу», якою быў гандаль чорнымі рабамі. 31 кастрычніка — рэабілітацыя Галілея, асуджанага ў 1633 г. за падтрымку тэорыі Капэрніка.

30 траўня 1994 г. у лісьце да біскупаў Ян Павал ІІ выказаўся супраць сьвятарства жанчын. У верасьні выходзіць кніга Яна Паўла ІІ «Пераступіць парог надзеі», якая неўзабаве стала сусьветным бэстсэлерам. 11 верасьня — візыт у Харватыю. У Заграбе папа заклікаў народы былой Югаславі да ўзаемнага дараваньня. 2 лістапада італьянская «La Stampa» друкуе інтэрвію з папам: «Прыхільнікі капіталізму ў ягоных крайніх формах схільны заплюшчваць вочы на тое, што камунізм зрабіў добрага, — на яго высілкі па ліквідацыі беспрацоўя, клопат пра бедных». Папа адным зь першых узьняў голас крытыкі на адрас бязьлітаснага лібэральнага капіталізму, для якога грошы і раскоша — усё, а дух — нішто.

30 сакавіка 1995 г. — энцыкліка «Evangelium vitae» («Эвангельле жыцьця») асуджае аборты, эўтаназію, самагубствы, а таксама штучнае апладненьне і экспэрымэнты з эмбрыёнамі. 21—27 траўня — візыт у Чэхію. Папа адпраўляе імшу ў польскім Скачове. Ён кажа: «Пад лёзунгамі талерантнасьці ў публічным жыцьці і ў СМІ шырыцца часам вялікая, мо ўсё большая нецярпімасьць. Адчуваюць гэта вернікі. Іх выпіхваюць на пэрыфэрыю грамадзкага жыцьця, зь іх кпяць і кпяць з таго, што для іх найсьвяцейшае». 12 сьнежня папа заклікае ўлады краін, «каб з нагоды Міленіюму дасягнулі міжнароднага паразуменьня ў справе забароны сьмяротнага пакараньня». 17 сьнежня папа выказаў глыбокі жаль з нагоды сьмерці ксяндза Яна Гуса, спаленага ў 1415 паводле рашэньня Канстанцкага сабору.

12 сакавіка 2000 г. — выкупляльнае набажэнства, кульмінацыйным пунктам якога было агучваньне грахоў Касьцёлу. Гучала малітва аб прабачэньні за парушэньне праўды сілай, парушэньне еднасьці Царквы, грахоў, учыненых у дачыненьні да яўрэяў, вернікаў іншых рэлігій, слабейшых грамадзкіх груп, накшталт эмігрантаў і цыганоў, жанчын, убогіх, адрынутых. Папа пакаяўся за грахі інквізыцыі, місіянэраў, якія агнём і мячом навярталі ў хрысьціянства, за дыскрымінацыю прадстаўнікоў іншых канфэсій. 20—26 сакавіка — пілігрымка ў Сьвятую Зямлю. Падчас імшы ў Бэтлееме пасьля казані папа счакаў хвіліну, пакуль у суседнім мячэце ня скончыцца крык муэдзіна, які заклікаў да малітвы. Папа першы ў гісторыі наведаў мячэт — бажніцу Амэядаў у Дамаску.

11 сакавіка 2001г. — найвялікшая бэатыфікацыя ў гісторыі. Сьвятымі былі абвешчаны 233 абаронцы Касьцёлу, закатаваныя падчас грамадзянскай вайны 1936—1939 гадоў у Гішпаніі. 23—27 чэрвеня — пілігрымка ва Ўкраіну. Маскоўскі патрыярхат, у адрозьненьне ад Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, да апошняга працівіўся візыту. Падчас паездкі папы патрыярх Аляксій ІІ дэманстратыўна наведвае беларускае Палесьсе. 16—19 жніўня — невялікае падарожжа на радзіму. Падчас імшы, у якой удзельнічалі 2,5 млн вернікаў, Ян Павал ІІ асудзіў «шумную прапаганду лібэралізму, свабоды бяз праўды й адказнасьці».

2003 год — папа асуджае інтэрвэнцыю ЗША і саюзьнікаў у Ірак. 6 сакавіка адбылася прэзэнтацыя ў Ватыкане й Кракаве паэмы папы «Рымскі трыпціх». На беларускую мову яе перакладзе Рыгор Барадулін.

Каментары

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго13

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Усе навіны →
Усе навіны

Дзе купілі самую дарагую кватэру ў Мінску ў верасні?2

У Беларусі некалькі дзён могуць быць праблемы з інтэрнэтам3

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»16

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях13

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго13

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Галоўнае
Усе навіны →