Архіў

Грааль са стандартнай трансьмісіяй

Чытаць Браўна — што блукаць па кунсткамэры ўначы. Каб не разьбіць галавы, вазьмеце з сабой лямпу, запраўленую здаровым глуздам. Чытаў Браўна Алесь Кудрыцкі.

Месяцы чатыры таму па старой завядзёнцы я зазірнуў у сьпіс бэстсэлераў на сайце газэты «Нью-Ёрк Таймс». Замест заўсёдных Грышэмаў ды Кінгаў на першым месцы быў «Код да Вінчы» аўтарства Дэна Браўна. Тлумачэньне сюжэту было даволі скупым: галоўны герой накіроўваецца на пошукі закадаванай таямніцы, якую хавае Джаконда. Стала цікава. Няўжо на першае месца літаратурнага гіт-параду прабілася кніга з прэтэнзіяй на інтэлектуальнасьць? Яшчэ цікавей зрабілася пасьля таго, як я заўважыў, што твор Браўна тыднямі ня злазіць зь вяршыні сьпісу найлепш прадаваных кніг. Нарэшце здабыў арыгінальны ангельскі тэкст і стаў чытаць.

Калі вы чыталі бэстсэлеры, тады, мусіць, ведаеце: забойства (безь яго — аніяк) звычайна адбываецца ў першым сказе. Гэта нажыўка, на якую павінен паквапіцца пакупнік, які блукае па кнігарні, праглядаючы першыя старонкі кніжных навінак. У Браўна забойства адбываецца значна пазьней — на першай старонцы. «Пісталет грохнуў, і куратар адчуў пякучую гарачыню кулі, што трапіла ў ягоны страўнік». Мабыць, Браўн доўга вымучваў зь сябе мэтафару. Ягоная ангельская мова беднаваценькая, поўная банальнага патасу, ажно на зубах хрусьціць. Аднак чытаем далей.

Жак Саньер, 76-гадовы куратар Люўру, засьпеты зьнянацку таямнічым незнаёмцам-альбіносам у Вялікай галерэі музэю. Пагражаючы пісталетам, незнаёмец выведвае ў Саньера нейкі сакрэт, а потым забівае старога стрэлам у жывот — каб памучыўся. Аднак ён ня ведае, што Саньер паведаміў яму падманку, а сапраўдны сакрэт вырашыў перадаць сваёй унучцы Сафі ў закадаванай форме. Дапамагчы расшыфраваць паведамленьне можа толькі малады амэрыканскі навуковец Робэрт Лангдан, які надоечы прыляцеў у Парыж, каб прачытаць лекцыю па сэміялёгіі.

У выніку для Лангдана раніца пачынаецца няўдала: замест унівэрсытэту яго вязуць на месца злачынства. Зачапіла вока дэталька: Браўн мімаходам пазначае, што паліцыянт вядзе ня проста аўто, а Citroлn ZX.

У Люўры перад Лангданам паўстае невытлумачальная карціна: перад сьмерцю Саньер цалкам распрануўся і лёг на падлогу, раскінуўшы рукі ды ногі — у паставе знакамітага малюнку Леанарда да Вінчы «Вітрувіянскі чалавек». На сваім жываце ён намаляваў крывёю зорку-пэнтаграму, а побач пакінуў цыдулку «Адшукайце Робэрта Лангдана!».

Паліцыя ўспрымае просьбу літаральна і прывозіць навукоўца ўжо ў якасьці падазронага, пра што сам Лангдан, аднак, яшчэ не падазрае. Але пра гэта ўжо ведае Сафі, якая працуе ў паліцыі шыфравальшчыцай. З дапамогай нескладаных хітрыкаў яна адхіляе ўвагу паліцыі, што дае ім з Лангданам час паспрабаваць разгадаць загадку Саньера, чым яны й будуць займацца на працягу ўсёй кнігі.

У гэты час бляндын-забойца (Браўн ахрысьціў яго Сіласам), дарэмна пашукаўшы таямніцу ў адным з парыскіх касьцёлаў, разумее, што яго падманулі. Сілас — агент таямнічага фундамэнталісцка-каталіцкага ордэну Opus Dei, які жадае зьнішчыць таямніцу, якую Саньер перадаў Сафі ды Лангдану. Сіласаў заступнік — біскуп Арынгароза з Opus Dei — накіроўвае яго на пошукі Сафі ды Лангдана.

Тыя ж, рашыўшы некалькі сэміятычна-лічбавых галаваломак, нарэшце знаходзяць ключ, схаваны за рамай «Мадонны ў скалах» Леанарда да Вінчы. Ключ ня просты — ён адчыняе сэйф у адным з парыскіх аддзяленьняў швайцарскага банку. Але ў аматараў загадак новая праблема: паліцыя пранюхала падман. Пачынаецца шалёная пагоня па начным Парыжы. Куртатае Браўнава мастацтва апісаньня дэталяў зноў працуе ў адмысловым кірунку. Цытую: «Гэты аўтамабіль быў самай маленькай машынай, якую Лангдан бачыў у сваім жыцьці. «SmartCar», — сказала Сафі. Адзін літар паліва на сто кілямэтраў».

Зноўку падмануўшы дурнаватых паліцэйскіх ды разгадаўшы новы рэбус, Сафі ды Робэрт забіраюць з банку невялічкую каробачку, якую можна адчыніць, толькі ўвёўшы адмысловы шыфр. Паступова ім робіцца зразумелым: яны знаходзяцца ў пошуках Сьвятога Грааля. Браўн павольна, хоць і досыць няўклюдна, падводзіць чытача да «солі» сваёй кнігі. Паводле яго перакананьня, царква — шайка круцялёў, а Ватыкан — злосны рассаднік сэксізму. Сапраўдная сутнасьць веры была зьмененая стагодзьдзі таму — замест жаночага пачатку бацькі царквы зрабілі боскім пачатак мужчынскі, наўмысна распаўсюдзіўшы «няпраўду» пра боскасьць Хрыста. Паводле Браўна, ён быў толькі чалавекам, хоць і царом юдэйскім, а Магдаліна — ягонай жонкай. І прапаведваў Хрыстос нібыта тое, што трэба пакланяцца багіні-жанчыне. Пасьля ўкрыжаваньня Магдаліна, ужо цяжарная, бяжыць у Францыю. Сьвяты Грааль — гэта рэшткі Магдаліны, а таксама дакумэнты, якія пацьвярджаюць гэтую тэорыю. Сіёнскі Прыярат — сакрэтная арганізацыя, якая ахоўвае таямніцу. Яе апошнім кіраўніком і быў дзядуля Саньер, які да сівых валасоў спраўна выконваў рытуал, у якім жрэц займаецца сэксам з кабетай на алтары.

Пошукі Граалю робяцца лягчэйшымі пасьля таго, як Сафі ды Робэрт зьвяртаюцца па дапамогу да сэра Лі Тыбінга, багацея-ангельца, апантанага шукальніка Граалю, які жыве ў замку пад Парыжам. Але тут на іх галаву звальваюцца маньяк-Сілас ды паліцыянты. Шукальнікі Граалю драпаюць ад іх на аўто па бездарожжы. Паліцыя, уварваўшыся ў палац сэра Лі Тыбінга, бачыць на сьцяне ключы ад ягоных машын. «Даймлер», «Ролс-ройс», «Астон-Марцін», «Поршэ»… Апошні цьвічок пусты. Прачытаўшы назву аўто, паліцыя разумее, што яе справы — дрэнь.

«Ну вось, зараз Браўн будзе рэклямаваць чарговую аўтапрадукцыю. Напэўна, ангельскую. Хутчэй за ўсё — заводу Land Rover, — падумаў я і не памыліўся. Чытаем: «Разьдзел 67. Range Rover (дарагая мадэль Land Rover) быў колеру яванскага чорнага жэмчугу, з поўным прывадам, стандартнай трансьмісіяй, поліпрапіленавымі лямпамі павышанай магутнасьці і з рулём справа». На жаль, я не аўтамэханік і ня змог перакласьці rear light cluster fittings — яшчэ адна дэталь машыны, на якую «неназойліва» ўказаў мне Браўн. Я люблю чытаць кнігі, а не рэклямныя праспэкты — таму мне зрабілася сумна і рэшту старонак я проста прагартаў. Фінал быў прадказальны: Сафі аказалася прамым нашчадкам Хрыста й Магдаліны, чые парэшткі ляжаць пад шкляной пірамідай Люўру. Хэпі-энд: прапра…праўнучка Хрыста знаходзіць таго, каго ёй не хапала для поўнага шчасьця, — навукоўца са Злучаных Штатаў. God bless America.

Ну й накруціў гэты Браўн. Відаць, што не адзін працаваў — прыдумляць загадкі яму дапамагаў бацька, настаўнік матэматыкі, а жонка-мастацтвазнавец забясьпечвала «культурную» частку. Браўн папрацаваў як мэнэджар, які сабраў усе факты ў адзін тэкст ды ўдала прадаў яго выдавецтву.

Дакладней — як прадусар. Рэч у тым, што Браўн піша так, нібыта праглядае сваю кнігу па тэлевізары, трушчачы папкорн, і насьпех крэмзае на паперцы тое, што ўбачыў. Кніга — выкладзены на паперы відэарад, які разбаўляе зацягнутыя ды нуднаватыя пераказы баек ды легендаў.

Аўтар «Коду да Вінчы» шмат кажа пра чашу — сымбаль жанчыны. «Бярыце і піце зь яе ўсе», — паводле Браўна, Хрыстос казаў гэта пра багіню-жанчыну падчас Таемнай Вячэры. Чытацкаму ўяўленьню застаецца толькі дамалёўваць працяг таго рытуалу. Але чаму тады Хрыстос казаў пра тое, што ягоная кроў — віно — будзе праліта за людзей? Браўн гэтага так і не тлумачыць. І пры чым тут хлеб, які Хрыстос таксама, ламаючы, даваў апосталам? Хаця, зрэшты, у Браўна «адмазка» простая: усё тое ў Эвангельлі, што ня ўпісваецца ў ягоную тэорыю, ён аб’яўляе наўмысна скажоным царквой і перапісчыкамі.

Сэкс, забойства, таямніца — і ўсё разам — «забаронены плод». Ня дзіўна, што Браўн і мультымільянэрам зрабіўся, і аўтавытворцаў не пакрыўдзіў. Хай бы й зарабляў сабе як пісьменьнік-рэкляміст. Але Браўн — ня проста фантазэр, але й дробны брахун, прычым з самага першага слова ягонай кнігі. «Код да Вінчы» пачынаецца так: «Факт. Сіёнскі Прыярат — эўрапейскае сакрэтнае таварыства, заснаванае ў 1099 г. У 1975 г. у Парыскай нацыянальнай бібліятэцы былі знойдзены пэргамэнтныя аркушы, вядомыя пад назвай Les Dossiers Secrets, якія пералічваюць сяброў Сіёнскага Прыярату, сярод якіх былі сэр Ісаак Ньютон, Батычэлі, Віктор Гюго і Леанарда да Вінчы». Астатняе — мая інтэрпрэтацыя гэтага невялічкага, але бясспрэчнага факту», — сьціпла сьцьвярджае Браўн. Праблема ў тым, што гэты «факт» — аніякі ня факт і ў гэтым пераканаецца кожны, хто паспрабуе яго праверыць. Але хто з чытачоў будзе гэта рабіць? Таму ў той час, як мастацтвазнаўцы ды гісторыкі надрываюць жываты ад рогату, просты люд выпраўляецца ў «туры па Браўну», хоць для таго, каб схапіць аўтара за руку, дастаткова крыху паварушыць мазгамі. Парада таму, хто ўсё-такі будзе чытаць кнігу: набывайце пераклады. Карыстацца мовай горш за Браўна наўрад ці магчыма.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Усе навіны →
Усе навіны

Забойца з Мінска падпісаў кантракт проста ў расійскай калоніі. Паваяваць да палону атрымалася два дні2

Што танная нафта прынясе Беларусі?6

20‑гадовы мінчук адважна і перпендыкулярна выехаў перад трамваем4

Гомельскага прадпрымальніка прызналі дармаедам, калі ён квартал спрацаваў без прыбытку6

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі1

У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн7

Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў4

Як у Амерыцы. У Бабруйску гандлёвы цэнтр адчынялі з помпай, пераразаннем чырвонай стужкі і штурмам дзвярэй7

У Венесуэле ў выніку землятрусу — больш за 200 загінулых, тысячы людзей лічацца зніклымі без вестак1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць