Грамадства

Севярынец — мітрапаліту Веніяміну: А калі сёння хтосьці выкарыстоўвае ў палітычных мэтах мантыю архірэя? Мы што, і яе забаронім?

Севярынец напісаў другі ліст-зварот да мітрапаліта Веніяміна. У адказ на першы ліст Паўла Севярынца, які прасіў заступіцца за бел-чырвона-белы сцяг, мітрапаліт сказаў, што каб бчб-сцяг не прызналі экстрэмісцкім, дастаткова не выкарыстоўваць яго ў палітычных мэтах.

Павел Севярынец. Фота Надзеі Бужан

«Мір Вам, Ваша Высокапраасвяшчэнства!

Найперш, дзякуй Вам за тое, што Вы знайшлі час і магчымасць адказаць на мой ліст. Многія казалі: «Адказу не будзе». Ваш допіс сведчыць пра тое, што і Вы разважаеце над лёсам Беларусі. Тым больш цяпер, у час Вялікага посту, калі нам належыць выпрабоўваць свае сэрцы, адкрыць іх ачышчальнаму дзеянню Святога Духа, выпростваць свае шляхі і імкнуцца да праўды ды Святасці Божай.

Вось жа, у святле Божай праўды не магу прыняць некаторыя выказаныя Вамі думкі.

Вы пішаце: «Сапраўды, праваслаўныя архірэі маюць на сваёй мантыі бел-чырвона-белыя палоскі — «струмяні», якія служаць напамінам пра Прачыстую кроў Збаўцы на белай Плашчаніцы. Але дадзенае спалучэнне колераў тканіны стала выкарыстоўвацца, акрамя названага вышэй выпадку, не з рэлігійнай, а з палітычнай мэтай».

Такім чынам, Вы ўсё-такі прызнаеце, што спалучэнне белага, чырвонага і белага — гэта сімвал Прачыстай Крыві Збаўцы Ісуса на белай Плашчаніцы. Добра. Навукоўцы (напрыклад, гісторыкі, супрацоўнікі Акадэміі Навук Беларусі Андрэй Унучак і Юрый Бачышча) пацвярджаюць, што менавіта гэты сімвал за 1000 гадоў гісторыі Беларусі стаў нашым нацыянальным сцягам (а ў 1918-м і 1991—1995-м быў прызнаны дзяржаўным) — і што ён выяўляе менавіта Уваскрэсенне Хрыста. 103 гады таму Свяцейшы Патрыярх Ціхан падтрымаў і блаславіў Беларускую Народную Рэспубліку пад бел-чырвона-белым сцягам, а ў 1995 годзе светлай памяці Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт вызнаў дзяржаўны сцяг сімвалам Крыві Хрыста на белай Плашчаніцы.

Дык у чым жа рэч, Ваша Высокапраасвяшчэнства? У тым, што хтосьці выкарыстоўвае бел-чырвона-белы сцяг у палітычных мэтах? А калі сёння хтосьці выкарыстоўвае ў палітычных мэтах, скажам, мантыю архірэя? Мы што, і яе забаронім? Ці наогул забаронім Самога Хрыста, як спрабавалі зрабіць камуністы ў Савецкім Саюзе?

Пасля таго, як абураны беззаконнем і злачынствамі беларускі народ, узяў сцяг Хрыста як сімвал праўды, свабоды, справядлівасці — узняў як крык да неба, як надзею, як малітву, урэшце! — забаронім?.. Ды камяні ж загалосяць, Ваша Высокапраасвяшчэнства!

Вы пішаце пра палітыку. Наш Госпад і Збаўца Ісус Хрыстос быў укрыжаваны ў выніку сфабрыкаванага палітычнага абвінавачвання (маўляў, называў Сябе Царом Юдэйскім — а значыць, праціўнік кесара — Евангелле паводле Іаана, 19:12,15).

За апошнія сто гадоў у Беларусі камуністы засудзілі ды расстралялі сотні праваслаўных святароў, у тым ліку архірэяў. За што? За «палітычную дзейнасць» — «антысавецкую агітацыю» і «контррэвалюцыю». Не за «рэлігію» — за «палітыку». Дзясяткі з іх ужо кананізаваныя Беларускай Праваслаўнай Царквой, як Вы ведаеце. Іх знішчалі, каб яны не займаліся «палітыкай» — не выкрывалі зло следам за Хрыстом. А хто сёння творыць беззаконне ў Беларусі? Ставіць помнікі Сталіну, выкарчоўвае крыжы ў Курапатах і ломіць жыцці тысяч беларусаў? Тыя, хто ўхваляе савецкую эпоху бязбожжа. Няўжо Вы — з імі?

Гаворка тут не толькі пра сімвалы, як Вы разумееце, Ваша Высокапраасвяшчэнства. Гаворка пра вялізную адказнасць Царквы — і Вас асабіста як прадстаяцеля — за тое, што адбываецца ў Беларусі. На небе Госпад не з каго іншага, а з нас, хрысціянаў, спытае за гэтую зямлю. З кім вы былі тады, спытае Госпад кожнага з нас. З Хрыстом? З яго народам? Ці з тымі, хто тварыў беззаконне? З князем веку гэтага?

Бойцеся Бога — і больш нікога!

Зычу, каб у астатнія дні Вялікага посту, дні пакут Збаўчы Вы адкрылі сэрца не страху, але Богу.

Укрыжаваны Збаўца свету ўваскрос — і пакінуў людзям белую Плашчаніцу са следам Сваёй Прачыстай Крыві, як знак перамогі над злом, страхам і смерцю.

Дай Бог, каб Ён уваскрос у Вашым сэрцы — а таксама ў сэрцах тых, хто палюбіў не святло, а цемру.

Хрыстос Уваскрос — і Беларусь уваскрэсне!»

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня

Усе навіны →
Усе навіны

З 1 верасня ў беларускіх школах увядуць новыя прадметы8

Лінгвістычны ўніверсітэт цяпер будзе звацца іначай. Ранейшую назву Лукашэнка палічыў «мацернай»28

Тэйлар Свіфт абвясціла пра выхад новага альбома4

Марсіянскі метэарыт прадалі на аўкцыёне за вялікія грошы. Улады афрыканскай краіны пратэстуюць2

Сярэдні кошт арэнды кватэры ў Мінску павялічыўся на 10-15%

Удзельнікаў пратэстаў шукаюць па польскай кнізе з фотаздымкамі з маршаў6

Загінуў на вайне зяць Іосіфа Прыгожына5

На якія стыпендыі можна разлічваць пры вучобе на «Гісторыі» ў ЕГУ1

Галоўчанка: Прычын для павышэння стаўкі рэфінансавання няма

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня

Радыёвядучы расказаў пра ўнутраную кухню АНТ — і пра тое, як ператварыўся ў палітвязня

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць