Калі ёсць Ася Паплаўская – будзе канфлікт, ведала калялітаратурная тусоўка яшчэ некалькі гадоў таму.

Яна з юнацкім запалам сварылася з літаратарамі і атрымлівала ад іх нецэнзурныя характарыстыкі, білася, а пасля і судзілася з Марыйкай Мартысевіч, выстаўляла асабістае жыццё на агульны паказ і рабіла выгляд, што не разумее, чаму з яе смяюцца…

Беларускамоўнае шоу «за шклом» у інтэрнэт-дзённіку Асі доўжылася некалькі гадоў, аднак першай беларускамоўнай «свецкай ільвіцай» дзяўчына так і не стала.

Скандальнасць адышла на другі план. Цяпер яна жыве пазітывам, толькі зрэдку дае інфармацыйныя нагоды сваім нядобразычліўцам.

Мы сустрэліся з Асяй у першай палове дня ў адной з мінскіх кавярняў, улюблёным месцы мастакоў, пісьменнікаў, журналістаў ды іншых творчых і неардынарных людзей.

У гэтыя суткі Ася зусім не спала – трэба было здаць некалькі артыкулаў. Пра бяссонную ноч здагадацца складана: наша суразмоўца выглядае свежай, энергічнай і пазітыўнай.

«Вучоба на журфаку навучыла мяне не спаць па тры дні запар і пры такім раскладзе адчуваць сябе жыўчыкам, – хваліцца дзяўчына. –

Звычайна за дзень я пішу па 5-6 артыкулаў! Адзін ці два вялікія для партала Naviny.by, таксама інфармацыйныя нататкі ў навінную стужку БелаПАН, ёсць розныя падпрацоўкі, перыядычна праводжу трэнінгі».

«Скандальнасць» паспрыяла прафесійнаму росту

«Так, быў час, калі мяне лічылі скандальнай дзяўчынкай (смяецца). Былі моманты, за якія мне сапраўды сорамна перад сабой.

Калі я толькі прыйшла ў журналістыку і ў інтэрнэт, то не зусім разумела правілы гульні, на якой мове з кожным размаўляць. Ува мне было шмат глупства, пыхі і нават агрэсіі. Я шукала сябе. Пакутліва. Набіваючы шышкі і робячы памылкі. Хтосьці ідзе да сябе ўцішку, у мяне ж гэта адбывалася публічна, са зрывамі і істэрыкамі, непрыемнымі разборкамі і высвятленнем адносін…

Не збіраюся сябе адбельваць. У большасці людзей, якіх сваімі выбрыкамі пакрыўдзіла, я папрасіла выбачэння, і мы сталі добрымі прыяцелямі. Многія змянілі стаўленне да мяне ў лепшы бок, некаторыя і зараз мяне не любяць, кагосьці я люта раздражняю. Ну і хай сабе! З дзяцінства бабуля мяне вучыла не трымаць камення ў кішэні. Я ўсім даравала, ні на кога не трымаю крыўды. Мая так званая «скандальнасць» паспрыяла майму прафесійнаму росту».

Маім любімым выразам было «я сама»

Ася нарадзілася ў Расіі, у горадзе Таржок. Калі ёй было тры гады, з бацькамі пераехала ў Мінск.

Карані ў Асі небеларускія: бабуля з Мардовіі, а прабабуля ўвогуле з Сібіры. Толькі вось бацька з Гомельшчыны.

У сям'і журналістаў няма, бабуля – правізар, матуля – судмедэксперт, усе так ці інакш звязаныя з медыцынай ды хіміяй.

«Бабуля для мяне самы блізкі чалавек. Практычна на ўсіх дзіцячых фотаздымках я з бабуляй альбо з надзьмутым ружовым тэлефонам ці надзьмутым зайцам. Бабуля распавядала, што ў дзяцінстве я была вельмі паслухмянай і самастойнай. У 6 гадоў сама ездзіла на тралейбусе на вакзал… Прызнацца, не ведаю, чаго мяне туды панесла, матуля таксама ўзгадаць не можа.

Маім любімым выразам было «я сама». Па вялікім рахунку, пад гэтым лозунгам з тых часоў і жыву».

Я хадзіла на бокс

«Мяне бацькі нікуды не аддавалі, кірункі дзейнасці я абірала сама. Дзевяць гадоў прафесійна займалася народна-эстраднымі танцамі. Сышла толькі таму, што мая харэограф пераехала працаваць у іншы раён. З самага дзяцінства я вельмі залежная ад настаўнікаў і выкладчыкаў, зараз ад рэдактараў – мне неабходны мудры настаўнік, у якога я буду вучыцца, які будзе мне падказваць, як зрабіць лепш.

А яшчэ я хадзіла на бокс! Хапіла мяне на два разы, праўда, і я збегла, бо зразумела, што дзяўчынка павінна танчыць і маляваць, а не біць твары іншым дзяўчынкам».

У мяне не было ніводнай цацкі

«Была ў мяне адна лялька барбі, якую мне падарыў тата, я пагулялася з ёй два дні і аддала сяброўцы.

У мяне была толькі адна мяккая цацка – вялікі мядзведзь, якога мне матуля купіла, калі я пераходзіла ў 7 клас.

Затое я проста абажала складанкі, маляванкі, кубікі і галаваломкі! Магла суткі сядзець і складаць розныя пазлы. Прывозілі мне іх адусюль, бо ў нас быў дэфіцыт і небагаты выбар. Таму я няправільная дзяўчына, і цацак у мяне не было». (смяецца)

Прафесійная танцорка

«Доўга я думала, што стану прафесійнай танцоркай. Мая харэограф казала мне, што калі я не закіну, то месца мне ў «Харошках». Але ў класе сёмым я пачала задумвацца пра журналістыку. Матуля хацела, каб я была тэлевядучай, але я не адчувала жадання да гэтага. Я рана зразумела, што калі пайду працаваць у газету, то ахаплю большы прафесійны спектр».

Першая закаханасць

«Маё першае захапленне хлопчыкам было ў дзіцячым садку, але яго матуля была супраць, каб мы сябравалі.

А ўжо сур'ёзная закаханасць прыйшла толькі ва ўніверсітэце, на першым курсе журфака. Гэтае пачуццё жыло ўва мне доўга, вельмі доўга…

Я і цяпер з сімпатыяй стаўлюся да гэтага чалавека, але ад былых пачуццяў не засталося нічога. Паміж намі тая цеплыня, якая можа быць толькі з чалавекам, з якім прайшоў праз многае».

За каханне не варта змагацца

«З 6 гадкоў, з той першай цікавасці да хлопчыка, які паслухаўся маму і не адстойваў сяброўства са мной, я за мужчынамі не бегаю (смяецца).

У маім жыцці не было ніводнага мужчыны, за якога я змагалася. Лічу, што за каханне, дарослае, сур’ёзнае пачуццё, не варта змагацца. А калі і трэба, то гэта справа мужчыны».

Не закохваюся на разрыў аорты

«Шалёная закаханасць – гэта раздрай, які мне не падабаецца. Было такое ў маім жыцці і ні да чаго добрага не прыводзіла…

Зараз не закохваюся на разрыў аорты, чаму вельмі рада. Для мяне гэта неканструктыўна. Для кагосьці – гэта азарт, жарсць, натхненне, а я адчуваю сябе гарманічна і шчасліва пры дарослых спакойных адносінах».

Закаханасць вырошчвае цябе ў самой сабе

«Закаханасць, далейшыя адносіны змяняюць стаўленне да многіх рэчаў. Вопыт пераадольвання праблем і цяжкасцей надае табе мудрасці і вырошчвае цябе ў сабе самой. Гэта той стрыжань, маючы які, ты можаш ісці па жыцці».

Хачу не быць «бабай з яйцамі»

«Выбудоўваючы сябе, на пэўным этапе я зразумела, што станаўлюся «бабай з яйцамі», як гаворыць мне мая сяброўка. Бясконцая праца і вялікая адказнасць за заўтрашні дзень ляжыць на тваіх і толькі тваіх плячах.

Так я жыла шмат год. Цяпер мой мужчына вучыць мяне (праўда, пакуль не вельмі ўдаецца) забываць пра працу пасля напісаных артыкулаў. Нягледзячы на тое, што працы становіцца толькі больш, з ім я паспяваю многае. Ён аберагае мяне».

Першы пацалунак

«Мой першы пацалунак адбыўся на першым курсе журфака. У дзяцінстве, чытаючы кнігі і гледзячы фільмы, я малявала герояў, але бабуля вучыла мяне не пераносіць вопыт іншых на сябе. Таму мне было вельмі складана ўявіць, што такое першы пацалунак у дзеянні (смяецца). Ён для мяне быў сапраўдным адкрыццём!»

Жанчына не можа быць шчаслівай без кахання

«Быў час, калі ў мяне была толькі праца, сябры і кот Цімафей. Думаю, па сацыяльных сетках было бачна, што я ўсю сваю пяшчоту накіроўвала на ката… (смяецца). Імкнулася запэўніць сябе, што я шчаслівая і без мужчыны, але разумела, што гэта самападман, я не была цалкам запоўнена. Зараз усё на сваіх месцах (усміхаецца).

Жанчына не можа быць шчаслівай без кахання».

Сапраўднае каханне раз у жыцці

«Чым даўжэй вы з чалавекам, тым больш вы прарастаеце адно ў адным. Тым больш напоўненымі і глыбокімі становяцца адносіны. Толькі тады нараджаецца каханне.

Я веру ў тое, што сапраўднае каханне бывае раз у жыцці і нараджаецца ў сям'і, калі з'яўляецца дзіця».

Каханне – гэта дзеянне

«Словы «я кахаю» лепш увогуле не казаць. Каханне – гэта дзеянне, таму лепш не казаць, а рабіць, сваімі ўчынкамі сцвярджаць свае пачуцці. Любыя адносіны, ці то яны сямейныя, ці то сяброўскія, ці то з каханым, будуюцца толькі разам. Цагліны моста трэба класці з абодвух бакоў, каб на сярэдзіне сустрэцца і напоўніцца гармоніяй і шчасцем».

Да беларускасці праз закаханасць

«Да беларускасці я прайшла праз першую закаханасць.

Да таго ж мне пашчасціла, што ў мяне на журфаку была вельмі крутая беларускамоўная кампанія, з якой мы зладзілі некалькі крэатыўных мерапрыемстваў. Гэта Дзіма Папко, вядомы цяпер як рэпер Vinsent, Юрась Ускоў і Ягор Марціновіч, якія працуюць у «Нашай Ніве», Франак Вячорка, Адар'я Гуштын, Настасся Занько… Гэта актыўныя, творчыя людзі, якія цяпер кожны па-свойму ярка праяўляюцца ў журналістыцы і грамадскай дзейнасці».

7 год размаўляю на беларускай мове

«У школе мяне фактычна не вучылі беларускай мове, дый сям'я ў мяне рускамоўная.

Але на першых курсах журфака, дзякуючы пералічаным людзям, ува мне нешта пераключылася, і я ўжо сёмы год размаўляю па-беларуску.

Мне катастрафічна цяжка пераключацца на рускую мову, калі гэта патрэбна: у размове з бабуляй ці з расійскімі акцёрамі, пісьменнікамі. Усё ўва мне беларускае: думкі, пачуцці, развагі…»

«Собачий язык»

«Мая бабуля не любіць беларускую мову. Калі яна чуе, як я размаўляю па-беларуску, кажа: «Перестань говорить на этом собачьем языке!»

Я не ведаю, адкуль у яе гэта. Яна любіць Беларусь, але з мовай неяк не склалася. Мне вельмі складана з гэтым прымірыцца. Даводзіцца шукаць кампрамісы, бо гэта мой самы блізкі чалавек. Быў час, калі я нават плакала, пачуўшы ад бабулі такое… Гэта адзіная складанасць, звязаная з беларускай мовай».

Усё радзей, калі мяне не разумеюць

«Калі я прыходжу ў нейкую новую кавярню, я фармулюю свой запыт так: «Мне, калі ласка, імбрык гарбаты з зёлкамі». У Мінску ўсё радзей здараецца, што мяне не разумеюць. Беларускамоўным зараз нашмат прасцей.

Я стараюся не пераходзіць на рускую мову ў сферы абслугоўвання. Калі мяне не разумеюць, я проста тлумачу больш простымі словамі чаго хачу, на пальцах паказваю. Галоўнае – ніякай агрэсіі. Чым з большай тактоўнасцю і ветлівасцю, усмешкай ды жарцікамі беларускамоўныя тлумачаць нешта, тым хутчэй будзе змяняцца стаўленне да мовы. Мы самі фарміруем стаўленне да сябе. Часам можна нават папрасіць выбачэння за сваю «няправільную» мову, тады чалавек адчувае сябе вінаватым і незадаволнасць яго пакідае».

Журналісты людзі небагатыя

Будучы незамужняй дзяўчынай, якая мусіць здымаць кватэру, – я прынцыпова не жыву з бацькамі, – якая хоча стылёва апранацца і смачна карміць любімага ката Цімафея, мне даводзіцца працаваць шмат, не адмаўляцца ад падпрацовак. Журналісты людзі небагатыя.

Для таго, каб зарабіць тысячу даляраў, трэба вар'ятна любіць гэту прафесію.

Каб быць запатрабаваным журналістам – нельга халтурыць. Калі ты не будзеш з радасцю, да дрыжыкаў бегчы на чарговае інтэрв'ю, калі не будзеш з матылькамі ў жываце прыдумляць чарговы аўтарскі праект ­– нічога не атрымаецца.

А калі імкнешся зарабляць паболей, пачынаеш халтурыць, бо часу на якасць не стае.

Каб працаваць якасна, у радасць, важна знайсці сваё выданне. Мне пашанцавала – я яго знайшла. БелаПАН – гэта СМІ, пра які я магла толькі марыць. Другі год запар я прачынаюся з усмешкай.

Сыраедства – мінімалізм і клопат пра здароўе

«Цягам апошняга месяца практыкую сыраедства. Гэта зручна з маёй працай, калі я ўвесь час бадзяюся і часта не магу нармальна паесці, а падсілкавацца бананамі ці фінікамі можна ў любым месцы.

Для мяне сыраедства – гэта мінімалізм, да якога я імкнуся ва ўсім, і клопат пра здароўе. Сутнасць такога ладу жыцця ў тым, што ты спажываеш толькі сырую ежу. Зранку адзін грэйпфрут, праз пару гадзін два яблыкі, у абед які-небудзь салацік, фрэш… А вечарам могуць быць грушы ці перцы. Спачатку было цяжка: з'ясі яблык, а такое адчуванне, што праглынуў камень. Цяпер я ўжо двума бананамі наядаюся. Спачатку адольвала апатыя, а цяпер адчуваю лёгкасць і пазітыў. Ці сыраедства філасофія?.. Я не веру, што сыраеды становяцца прасветленымі. Гэтыя словы вельмі пафасныя».

Прафесійнасць не залежыць ад гендару

«Часам можна падумаць, што ў беларускай журналістыцы мужчынам лягчэй, бо яны больш вынослівыя і іх больш чакаюць у рэдакцыях. Але прафесійнасць не залежыць ад гендару. Важна – таленавіты ты ці не».

У нас столькі ўсяго, але людзі гэтага не бачаць

«Я пачынала як літаратурны журналіст. Літаратуру я любіла заўсёды. Мяне захапіла беларуская сучасная літаратура. Для мяне было сапраўдным адкрыццём, што ў нас столькі ўсяго, але людзі гэтага не бачаць. Сучбеллітам я займалася працяглы час, зараз жа мне цікава ўся культура. Штодня я адкрываю для сябе новых людзей.

У беларускай культуры столькі невядомых імёнаў, што тут можна працаваць і гора не ведаць да канца сваіх дзён!»

Кніга пра моманты радасці

«Я пішу кнігу, якая не звязана з маім журналісцкім досведам, я не хачу высоўвацца дзеля таго, каб крычаць, што вось яна я, глядзіце на мяне (смяецца).

Пішу моманты радасці. Хачу назбіраць сотню такіх гісторый, якія складуцца ў кішэнны зборнічак радасці.

Нам вельмі не хапае пазітыву, а ён вакол нас, ён напаўняе і перапаўняе наша жыццё! Я хачу падзяліцца радасцю з іншымі праз такія маленькія гісторыі, якія назіраю практычна штодня».

Жыць так, каб нікога не пакрыўдзіць

«Я вельмі хачу жыць так, каб нікога не пакрыўдзіць. Але часам здараецца крыўдзіць добрых людзей.

Калі зрабіў нешта кепскае, трэба адразу прасіць выбачэння і старацца не паўтараць памылкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?