У Беларусі выкананы яшчэ адзін смяротны прысуд. Паводле даных праваабаронцаў, расстраляны жыхар Лідскага раёна Гродзенскай вобласці Іван Кулеш.
Як паведаміў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда, аб прывядзенні прысуду ў выкананне яму стала вядома ад сваякоў асуджанага да вышэйшай меры. Меркаваная дата прывядзення прысуду — 5 лістапада. Дакладная дата будзе вядомая пасля атрымання сваякамі пасведчання аб смерці.
20 лістапада Гродзенскі абласны суд прысудзіў 28-гадовага Івана Кулеша да пакарання смерцю за забойства трох жанчын, крадзеж і разбой. Па версіі следства, у верасні 2013 года Кулеш забіў двух прадаўцоў у Лідзе і скраў з крамы грошы і тавары больш чым на 37 млн. рублёў. У лістападзе 2014 года забіў яшчэ аднаго прадаўца ў Лідскім раёне — нанёс жанчыне больш за 10 удараў сякерай і скраў з крамы грошы і тавары. Акрамя таго, Кулеш прызнаны вінаватым у замаху на забойства сына прадаўшчыцы, які застаў яго ў краме. 29 сакавіка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі пакінула прысуд без змяненняў.
Як адзначыў Андрэй Палуда, сам Кулеш не спрабаваў абскардзіць прысуд у Вярхоўным суддзе, скаргу падаваў яго адвакат. Асуджаны таксама не стаў падаваць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта і накіроўваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Па словах праваабаронцы, апошні раз сваякі бачылі Кулеша ў верасні 2016 года. Лісты ён пісаў рэдка, знаходзіўся ў дэпрэсіўным стане.
Гэта ўжо другі смяротны прысуд у Беларусі, прыведзены ў выкананне ў 2016 годзе. У маі стала вядома пра пакаранне смерцю жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова, які быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве знаёмай дзяўчыны.
Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе прымяняюць смяротнае пакаранне. Менавіта з гэтай прычыны яна не ўваходзіць у Раду Еўропы — у 1993 годзе беларускі парламент атрымаў статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, але ў 1996-м быў пазбаўлены яго пасля рэферэндуму, які захаваў смяротнае пакаранне. Кожны смяротны прысуд у Беларусі традыцыйна асуджаецца інстытутамі Рады Еўропы.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за апошнія 20 гадоў у Беларусі пакарана больш за 400 чалавек. Толькі адзін з асуджаных да смяротнага пакарання за гэты час быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам. На сёння ў «калідоры смерці» ў чаканні выканання прысуду знаходзяцца трое: Генадзь Якавіцкі (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі), Сяргей Хмялеўскі (прызнаны вінаватым у забойстве трох суседзяў), а таксама Сяргей Вострыкаў (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзвюх жанчын, згвалтаванні і выкраданні).
-
«У Грузіі няма зацэментаванай аўтарытарнай дзяржавы з жорсткай вертыкаллю». Беларус расказаў, у чым спецыфіка грузінскіх пратэстаў
-
Па дамоўленасці з сірыйскімі паўстанцамі байцы курдскіх Сірыйскіх дэмакратычных сілаў пакінулі раён Алепа
-
Расследаванне крушэння самалёта DHL у Вільні: Доказаў тэракту няма
Каментары