Арт-дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра, выканаўчы дырэктар Creative Politics Hub Мікалай Халезін быў сярод тых, хто актыўна лабіраваў санкцыйны спіс супраць лукашэнкаўцаў у Еўрасаюзе. Спадар Халезін засмучаны выніковым трэцім санкцыйным блокам, які 17 снежня прыняў ЕС, — лічыць яго закароткім, сказаў ён «Нашай Ніве».

Мікалай Халезін. Фота з фэйсбука.

«Для мяне гэта выглядае як кпіна. Самае жахлівае, што над гэтымі кейсамі працавала аграмадная колькасць людзей — журналістаў, расследавальнікаў, супрацоўнікаў розных спецслужб. Шмат людзей папрацавала над тым, каб падаць Еўрасаюзу самы поўны спіс.

Там было больш за сотню суддзяў, з падрабязным апісаннем іх дзеянняў, нашмат больш за сотню сілавікоў. І калі казаць пра «кашалькоў», то былі прадстаўлены кейсы на ўсіх, хто працуе з сям’ёй Лукашэнкі — гэта пару дзясяткаў прозвішчаў. Гэта самыя шырокія кейсы з падрабязнай інфармацыяй пра кампаніі, якія зарэгістраваныя ў розных краінах свету, усё ўзята з афіцыйных рэестраў, аж да бенефецыяраў кампаній.

У выніку ж мы ўбачылі спіс, які складзены абсалютна па незразумелай схеме. Ясна, што ўзялі адусюль пакрыху, але тыя людзі, што складалі канчатковы спіс, не маюць уяўлення, як уладкаваная сістэма ў Беларусі і ўвогуле як жыве Беларусь. Яны нават не разумеюць сутнасці санкцыйнага працэсу. Часам не трэба нават вялікая колькасць, але замарожваць патрэбна цэлыя сегменты.

Умоўна кажучы, у спісы трапіў Мікалай Варабей, але сэнсу ў гэтым няма абсалютна ніякага. Калі мы гаворым пра кампанію «Брэміна груп», якой аддадзеныя правы на спагнанне грошай на транзіт, то там займаюцца тры бізнэсмены — Зайцаў, Варабей, Алексін. А ў выніку толькі адзін чалавек трапляе ў спісы. Гэта значыць, што праца не спыніцца.

Што толку, што ў спіс трапіў Шакуцін? Набор ягоных кампаній у сённяшнім выглядзе ніякага прыбытку прыносіць не будзе, бо дзяржава трапляе цяпер у зону такой турбулентнасці, што будзе цяжка весці высокатэхналагічны бізнэс. Пытанне грошай, якія круцяцца вакол «сям’і». Гэта перакладванне дзяржаўных грошай у прыватную кішэню. Мы тут можам гаварыць пра фармакалогію, цыгарэтны бізнэс, гандаль нафтай і каліем.

Для мяне проста смешна, што зрабіў Еўрасаюз. Гара нарадзіла мыш. Ніхто не пацерпіць ад гэтага, толькі што спадарыня Качанава не з’ездзіць у Ніцу. Але мне гэтага мала!

Я разумею, што яна адказная за большыя грахі. У нас ёсць усе кейсы, і мы будзем думаць, што з імі рабіць. Ёсць варыянт апублікаваць, ёсць — перадаць на расследаванне міжнародным буйным групам, ці проста спыніцца, але апошняга мы не хочам. Бо гэта не наш бізнэс, а справа беларускага народа.

Хутчэй за ўсё, гэта была нейкая праца лабістаў Пуціна і Лукашэнкі. І гэта не класічны палітычны лабізм, а, калі казаць на турэмным жаргоне, «крысятнічаства». Нейкі пацук нібыта спецыяльна прыбраў усе суб’екты, якія маглі б нанесці шкоду Лукашэнку. Іх усіх прыбралі! Аднаго з іх, Алексіна, выкраслілі ў апошні момант, проста ручкай, калі ўжо прайшло ўсе ўзгадненні. Вельмі дзіўная гісторыя. І мне здаецца, што ўнутры ЕС павінны разабрацца, хто так эфектыўна папрацаваў над гэтым.

Я мяркую, што Машэнскі не трапіў у санкцыйныя спісы, бо катаўся на лыжах у Сочы з Лукашэнкам і Пуціным. На каго-каго, а на Машэнскага кейс вялікі, з усімі ягонымі прыгодамі. Але калі ты катаешся на лыжах, то, вядома, нікуды не трапіш. Справа ў тым, што ад такіх санкцый пацярпелі б ад 300 да 500 расійскіх кампаній, якія працуюць разам з беларускімі, таму расійскія лабісты працавалі вельмі шчыльна. Усё гэта выкраслена! Уплыў Лаўрова і Пуціна, безумоўна, ёсць.

Нас запэўніваюць, што ўсе яшчэ трапяць у чацвёрты спіс. Але ж я разумею, што лабісты з другога боку будуць таксама працаваць і яны свае аргументы будуць даваць. Цяпер мы крыху не разумеем, што рабіць далей, і гэта адбываецца ад неразумення рэчаў, якія адбываюцца ўнутры Еўрасаюза».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?