«Браце мой, клянуся Богам, ёсць навіна, што … адкрыюць адзін бок». Што распавядаюць пра шлях на Захад мігранты, якія ідуць туды і якія дайшлі
Пра гуманітарную катастрофу на польска-беларускай мяжы расказваюць самі мігранты — тыя, хто дабраўся да Нямеччыны, і тыя, хто захрас у памежным лесе. «Наша Ніва» сабрала іх расповеды.
Сёння днём на сваёй старонцы ў фэйсбуку іракец Хардзі Ахмад выклаў 22-хвілінную трансляцыю з лесу з-пад Кузніцы, якая за некалькі гадзін набрала больш за тры тысячы праглядаў. У відэа тое, што ўжо бачыў увесь свет, — пасечаны лес на дровы, вогнішчы, дзеці, намёты.
Каментары таксама вартыя ўвагі. Так, сябры Хардзі пішуць, што вераць і спадзяюцца: адзін з бакоў вось-вось адкрые свае межы, і ўсе суседнія краіны адкрыюць свае межы таксама. «Браце мой, клянуся Богам, ёсць навіна, што … адкрыюць адзін бок… Проста будзь спакойны», — піша нехта па-курдску ў каментарах пад пастом Хардзі.
На кожны такі допіс — некалькі каментароў польскіх актывістаў, якія папярэджваюць пра маразы ў лесе, просяць патэнцыйных мігрантаў не верыць беларускім уладам і не ляцець у Беларусь, а калі ўжо прыехалі і захраслі на мяжы — прасіць польскага прытулку і не спадзявацца на нямецкі.
Некаторыя жыхары Ірака, абураныя навінамі пра сваіх сяброў у Беларусі, пытаюць, чаму тыя не даюць інтэрв'ю, не крычаць пра сваё становішча тамтэйшай (то-бок беларускай) прэсе.
Нехта з каментатараў запрашае мігрантаў на мітынг у Мінску, на якім нібыта будуць беларускія ўлады, каб адказаць на прэтэнзіі ўцекачоў, якія лічаць сябе падманутымі.
Людзі, якім удалося перабегчы мяжу, але якія вымушаныя падоўгу хавацца ў лясах на польскім баку, праз тыя ж сацыяльныя сеткі звязваюцца з актывістамі з Польшчы. Тыя спрабуюць перадаць ім мінімальныя рэчы першай неабходнасці, тэрмасы, грэлкі, і таксама часта намаўляюць падпісаць прашэнне аб палітычным прытулку ў Польшчы. Бо дзеці і некаторыя дарослыя проста не дадуць рады дажыць да Нямеччыны.
Мігранты, якія ўжо апынуліся на польскім баку, не звяртаюцца па медычную дапамогу, баючыся, што іх зноў адправяць у Беларусь.
У фільме The Guardian праваабаронца Пётр усё ж выклікае хуткую для сям’і з чатырма дзецьмі, але раней за хуткую прыязджаюць жаўнеры са зброяй. Тым не менш, дваіх дзяцей у суправаджэнні дарослага шпіталізуюць, а вось астатніх членаў сямʼі зноў выцясняюць да беларускай мяжы.
«Гэта кашмар, — кажа Пётр. — Мы не павінны бачыць дзяцей у такім стане ў цывілізаванай краіне».
За апошнія некалькі месяцаў каля 6000 чалавек усё ж далі рады прарвацца праз беларуска-польскую мяжу і дабрацца да Нямеччыны, паведамляе Штэфен Ангенэндт з Нямецкага інстытута міжнародных спраў і пытанняў бяспекі.
У фільме тэлеканала Аль-Джазіра журналістка размаўляе з двума такімі хлапцамі — Муатасам і Хусайнам.
Маладыя людзі расказваюць, што, ратуючыся ад вайны ў родным Емене, уцяклі спачатку ў Малайзію, а ўжо адтуль, аформіўшы ўсе дакументы ў надзейнай турыстычнай агенцыі (за тысячу даляраў), прыляцелі ў Беларусь.
Калі ж на мяжы Польшча іх не прапусціла, хлопцы патрапілі ў рукі беларускіх памежнікаў, якія, па іх словах, збілі іх і пагражалі забіць на месцы, калі тыя не прарвуцца ў Польшчу. Беларускі бок, сцвярджаюць яны, і выдаў ім нажніцы па метале, каб тыя маглі разрэзаць калючы дрот.
Адзін з хлапцоў правёў 20 дзён паміж беларускай і польскай мяжой у кастрычніку, амаль без ежы і вады. Калі іх у чарговы раз злавілі польскія памежнікі і везлі назад да беларускай мяжы, мігранты прасіліся, каб іх адвезлі ў любое іншае месца, але не назад у Беларусь.
«Мы на дваццаць дзён захраслі паміж Польшчай і Беларуссю. Беларускія паліцэйскія накіроўвалі на нас сваю зброю, ці білі нас, і ўвесь час паўтаралі, каб мы вярталіся ў Польшчу», ‒ кажа Хусайн.
Муатас распавядае пра размову з польскімі вайскоўцамі: «Мы ім сказалі, што беларуская мяжа — гэта так небяспечна, завязіце нас у любое іншае месца. А яны: нам усё адно, ідзіце к чорту».
Прарваўшыся нарэшце ў Польшчу, яны змаглі ўзяць таксі да мяжы з Нямеччынай. Там іх адразу затрымала нямецкая паліцыя, але хлопцы кажуць, што гэта быў доўгачаканы радасны момант.
«А ўжо ў паліцэйскім пастарунку яны сказалі нам, што тут мы ў поўнай бяспецы», — згадвае Хусайн сустрэчу з нямецкімі праваахоўнікамі.
У Нямеччыне Муатаса і Хусайн падалі прашэнне аб прытулку і спадзяюцца, што змогуць пачаць новае жыццё, у якім не будзе вайны.
Але яны таксама просяць іншых эмігрантаў не паўтараць іх маршрут — толькі не праз Беларусь.
Каментары