Стала вядома, ці дазволіў пашпарт БНР яўрэйскай эмігрантцы даехаць у 1920-я гады да Амерыкі
Амерыканскі калекцыянер знайшоў пашпарт, які быў выдадзены дыпламатычнай місіяй БНР, пісалі мы днямі. А выданне Palatno змагло адшукаць, ці сапраўды Куіна Лібін скарысталася з гэтага пашпарта і змагла з ім з’ехаць у Амерыку.
Пашпарт для імігрантаў
Амерыканскі калекцыянер змог адшукаць пашпарт, які выдала дыпмісія БНР Куіне Лібін. Жанчына атрымала пашпарт у 1923-м на адзін год.
Пашпарт быў выдадзены Надзвычайнай місіяй БНР, а подпіс у дакуменце належыць тагачаснаму кіраўніку місіі Андрэю Бароўскаму. Так беларуская місія зарабляла грошы на існаванне: выдавалі ахвотным патрэбныя дакументы для іміграцыі. За ўвесь час было выдадзена каля двух тысяч падобных пашпартоў.
Пашпарт Куіны Лібін
Пашпарт Куіны Лібін
А што вядома пра саму Куіну Лібін? З пашпарта вынікае, што дакумент дапамог жанчыне атрымаць амерыканскую візу. Пашпарт Лібін атрымала 22 чэрвеня 1923 года, а візу ў Амерыку — 10 кастрычніка 1923 года. Таксама вядома, што яна была замужам і жыла ў той час у Данцыгу.
Праз паўгода была ў Амерыцы
Palatno высветліла, што Куіна Лібін змагла выехаць у ЗША ў тым жа самым годзе, як атрымала пашпарт і амерыканскую візу. Гэта адбылося восенню 1923 года, што пацвярджае архіў Нацыянальнага музея іміграцыі ЗША.
Куіна Лібін разам з мужам Абелем Лібінам знаходзілася ў Данцыгу каля месяца, перш чым адплыць у Амерыку. На той час Данцыг быў буйным транспартным хабам для імігрантаў з Расійскай Імперыі, якія збіраліся ў Амерыку. Карабельныя кампаніі ўладкоўвалі спецыяльныя месцы, дзе жылі людзі, пакуль чакалі карабля.
Куіна і Абель адплылі ў ЗША на караблі «Палонія» з Данцыга. Карабель адправіўся ў Амерыку 25 кастрычніка 1923 года, а прыбыў 7 лістапада таго ж года ў порт Эліс у Нью-Ёрку. Порт Эліс быў найбуйнейшым портам, куды прыбывалі імігранты з розных куткоў свету.
У карабельным маніфесце пазначана, што Куіна Лібін з’яўляецца яўрэйкай, у графе прафесія — жонка, ёй было 42 гады. Абель Лібін быў друкаром, яму было 48 гадоў, калі з’язджаў у Амерыку. У абодвух пазначана, што ехалі ў Амерыку з Саратава. Хаця ў Куіны ў пашпарце запісана, што яна нарадзілася ў Харкаве. У маніфесце адзначаецца, што ў Саратаве ў Абеля застаўся брат.
У карабельным маніфесце памыліліся з іменем Куіны Лібін
Хутчэй за ўсё, пры запаўненні дакументаў дапусцілі памылку: замест імя Куіна (Kuina) у маніфесце карабля пазначана імя Крына (Krina). Гэта магла быць наўмысная памылка: часамі імігранты спецыяльна называлі крыху іншыя, змененыя імёны і прозвішчы, каб лепш адаптавацца ў Амерыцы. А маглі памыліцца выпадкова ў карабельнай кампаніі, калі запаўнялі дакументы.
У дакументах Лібіных было пазначана, што пара збіралася да сястры Юліі Пяроўскай у Пітсбургу. Яна ж аплаціла білеты для Куіны і Абеля да Амерыкі. У Злучаныя Штаты яны прыехалі з 33 доларамі.
Карабельны маніфест «Палоніі», 7 лістапада 1923 года
Дадаткова пазначана, што Лібін у анкеце да пашпарта спасылаецца на арганізацыю HIAS. HIAS дапамагала яўрэйскім імігрантам па ўсім свеце. Напрыканцы XIX і ў XX стагоддзях арганізацыя дапамагала пераехаць яўрэям з Расійскай Імперыі, а пасля і Савецкага Саюза ў заходнія краіны, пераважна ў ЗША.
Лёс Куіны/Крыны Лібін і яе мужа губляецца пасля іх прыбыцця ў Амерыку.
Каментары
больше так делать не будут. - говорю