Макей: Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв'ю «Беларусь 1» па выніках паездкі ў Стакгольм на пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў АБСЕ заявіў, што праз санкцыі ніхто не дасягне сваіх мэтаў.
«Беларусь рызыкуе страціць дзяржаўнасць, калі санкцыйны ціск будзе працягвацца. Хоць мы зробім усё, каб такога не здарылася, а Еўрасаюз назаўжды страціць Беларусь. І я думаю, што гэта абсалютна не ў інтарэсах Еўропы. Пэўнае разуменне ёсць, але, на жаль, у сілу звыклых паводзінаў тут гэта меркаванне абмяркоўваецца кулуарна праз боязь быць раскрытыкаваным з боку так званай грамадскай думкі сваіх краін або так званых свабодных сродкаў масавай інфармацыі сваіх краін», — сказаў Макей.
У аргументацыі ён спаслаўся на пазіцыю Зянона Пазняка, які таксама выступае супраць санкцый.
«Нават, у маім разуменні, сапраўдны апазіцыянер, загартаваны апазіцыянер, такі як Зянон Пазняк, ужо шмат разоў выказваўся на гэтую тэму і казаў пра тое, што тыя людзі, якія цяпер заклікаюць да санкцый супраць свайго народа, не толькі па-дурному паводзяць сябе, яны ідыёты. І ён робіць выснову, што Беларусь можа ў выніку сапраўды страціць суверэнітэт, незалежнасць і дзяржаўнасць. Я абсалютна згодны з меркаваннем Зянона Пазняка і лічу, што шмат у чым вінаватыя тыя людзі, якія сёння заклікаюць да санкцый», — заявіў Уладзімір Макей.
Ён таксама рэзка выказаўся аб прысутнасці Святланы Ціханоўскай на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АБСЕ ў Стакгольме, не згадаўшы яе імя.
«Старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ — прадстаўнік Швецыі — запрасіла вядомую мадам на шэраг мерапрыемстваў па-за пасяджэннем міністраў замежных спраў АБСЕ. Натуральна ў мэтах папулярызацыі вядомых асоб. Шэраг маіх калег мне распавялі пра тое, што вядомая мадам дамагалася сустрэчы з імі, тэлефанавала настойліва па тэлефонах. Хтосьці пагадзіўся, хтосьці адмовіўся — я ведаю, хто адмовіўся. Мэта зразумелая: праз такога кшталту фотапіяр паказаць сваю значнасць», — выказаўся Макей.
Ён таксама распавёў пра нейкія таемныя сустрэчы ў Стакгольме, пра якія нібыта прасілі не паведамляць.
Каментары