Брытанскі прынц Эндру выблытаўся са справы аб сэксуальным гвалце. Ён зрабіў пазоўніцы «істотнае ахвяраванне»
Сын каралевы Вялікабрытаніі Лізаветы II прынц Эндру ўрэгуляваў справу аб сэксуальным гвалце, узбуджаную супраць яго ў ЗША Вірджыніяй Джуфрэ, паведамляе Бі-бі-сі.
Джуфрэ, якой цяпер 38 гадоў, падала ў суд на герцага Ёркскага, сцвярджаючы, што ён тройчы прымусіў яе да сэксуальных адносін, калі ёй было 17 гадоў. Вірджынія Джуфрэ была сярод жанчын, якія падалі ў суд на фінансіста Джэфры Эпштэйна, абвінавачваючы яго ў выкарыстанні непаўналетніх у мэтах сэксуальнай эксплуатацыі.
Эпштэйн скончыў жыццё самагубствам у турме ў 2019 годзе, чакаючы судовага разбору па гэтай справе. Вірджынія абвінавачвала яго ў тым, што яе здавалі ў сэксуальную «арэнду» ўплывовым людзям, сябрам і партнёрам Эпштэйна, уключаючы прынца Эндру.
Прынц Эндру неаднаразова адмаўляў гэтыя абвінавачванні. У дакуменце, прадстаўленым у суд ЗША ў аўторак, гаворыцца, што пара дасягнула пазасудовага пагаднення.
Пагадненне ўключае, у тым ліку, «істотнае ахвяраванне на карысць спадарыні Джуфрэ», вынікае з судовых дакументаў.
У пагадненні таксама сказана, што прынц Эндру ніколі не меў намеру ачарніць асобу спадарыні Джуфрэ і ён прызнае, што яна стала ахвярай жорсткага абыходжання і несправядлівых публічных нападаў.
Таксама ў ім прыводзяцца словы герцага Ёркскага аб тым, што ён высока шануе смеласць Вірджыніі Джуфрэ і іншых людзей, якія перажылі гвалт.
Адвакат Вірджыніі Дэвід Бойс не стаў каментаваць дасудовае пагадненне, заявіўшы агенцтву Press Association, што яно гаворыць само за сябе.
Зрэшты, Эндру і без таго ўжо панёс з-за гэтай справы вялікія рэпутацыйныя страты. У студзені гэтага года Букінгемскі палац абвясціў, што ваенныя тытулы і каралеўскія абавязкі прынца Эндру, трэцяга сына каралевы, былі з яго знятыя. Ён таксама не можа больш афіцыйна выкарыстоўваць тытул Яго Каралеўская Высокасць.
Чытайце таксама:
Лізавета ІІ пазбавіла свайго сына Эндру чыноў і тытулаў. Яго вінавацяць у згвалтаванні
-
Мужчына ў Кітаі застрахаваў жонку на вялікую суму і забіў яе, каб атрымаць кампенсацыю і разлічыцца з прастытуткамі
-
Дзе ў Еўропе навагоднія елкі прэтэндуюць на званне самай высокай?
-
Канал «Россия» расказаў, як сямейная пара расейцаў з тату на твары пакутуе ў Польшчы. А гэта беларусы, і ў іх усё добра
Каментары