Лукашэнка расказаў Пуціну, што гэта не Расія напала на Украіну. А Пуцін расказаў Лукашэнку пра высокую яўку на рэферэндуме
Сёння Лукашэнка зноў прыехаў да Пуціна на сустрэчу. У СМІ з'яўляюцца цытаты з іх размовы ў прысутнасці журналістаў. Вось, што там казалі палітыкі.
Пра вайну
Украіна атакавала б Беларусь, калі б не прэвентыўны ўдар з боку Расіі, распавёў Лукашэнка.
«Не мы на іх нападалі. Прэвентыўна ВСУ пачалі страляць, калі мы яшчэ за два дні былі ў вас дома. Яны пачалі. А я цяпер вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад», — растлумачыў Лукашэнка.
Ён сказаў, што прынёс на сустрэчу з Пуціным карты, якія раскрываюць планы нападу на Беларусь.
«Таму мы не развязалі гэта. У нас сумленне чыстае. Біялагічная зброя, электрастанцыі атамныя… І ўсё гэта было гатова выбухнуць», — сказаў Лукашэнка.
Ён перакананы, што да канца года людзі забудуць пра канфлікт Украіны і Расіі.
Пра санкцыі
Пуцін паскардзіўся, што па эканоміцы РФ наносіцца масіраваны ўдар. Але з іншага боку, санкцыі — час магчымасцяў для ўмацавання свайго эканамічнага і тэхналагічнага суверэнітэту, упэўнены ён.
«СССР жыў ва ўмовах санкцый і дасягаў каласальных поспехаў», — сказаў Пуцін.
Ужо цяпер Расія адчувае дабратворны ўплыў санкцый.
«Дзе Захад увёў абмежаванні і санкцыі, набытыя новыя кампетэнцыі і адноўленыя старыя», — сказаў Пуцін.
Пра рэферэндум і дыялог з народам
Прэзідэнт Расіі павіншаваў Лукашэнку з праведзеным рэферэндумам, адзначыў высокую яўку на ўчастках для галасавання і падтрымку грамадзян Беларусі.
«Больш, чым на прэзідэнцкіх выбарах, дарэчы, на паўтара працэнта», — заўважыў у сваю чаргу Лукашэнка.
«Думаю, што гэты палітычны працэс, які вы ініцыявалі, дыялог, які вы ведзяце з людзьмі, надзвычай важны для таго, каб сітуацыя была ўстойлівай і стабільнай. Толькі пры такой сітуацыі можна казаць і аб эканамічным развіцці», — дадаў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Каментары