Фота: Rp.pl

Фота: Rp.pl

Мова навучання польская, а падручнікі на рускай

У Гродне ў школе з польскай мовай вучацца каля 600 вучняў, у Ваўкавыску — каля 250. 

Называць гэтыя школы польскімі — не зусім правільна. Дзеці там вучацца па стандартнай праграме, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Падручнікі, якія выкарыстоўваюць вучні, — рускамоўныя. Цалкам па-польску напісаны толькі падручнікі па польскай мове і літаратуры.

Як нам патлумачыла мама адной з вучаніц школы № 36 у Гродне, падручнікі па іншых прадметах на польскай у дзяцей ёсць, але яны не з’яўляюцца афіцыйна перакладзенымі, таму імі карыстаюцца толькі дома. 

«У школе навучанне адбываеца па рускамоўных падручніках, але настаўнікі гавораць па-польску. У сшытках дзеці таксама пішуць на польскай. Перакладзеныя падручнікі могуць быць проста раздрукаванымі ці знаходзіцца ў PDF-фармаце».

Маці вучаніцы кажа, што навіна аб пераводзе школы на рускую мову не стала для яе вялікай нечаканасцю. Такія гаворкі вяліся не адзін год, але дырэктарцы ўдавалася адстаяць школу.

«Раней на лінейку заўжды прыязджаў консул, выступаў перад вучнямі, рабіў падарункі першакласнікам, падтрымліваў школу. Цяпер адносіны паміж краінамі сапсаваліся, таму заступіцца за школу проста няма каму», — кажа жанчына.

Яна лічыць такое рашэнне несправядлівым, але разумее, што ў цяперашніх умовах немагчыма на нешта паўплываць.

І тым, хто па-беларуску, прапанавалі на рускую

Іншая мама школьніцы з Гродна распавяла, што аб планах па скасаванні навучання на польскай мове яна чула яшчэ месяц таму, але не думала, што гэта можа быць праўдай.

Тым не менш, на гэтым тыдні ў школе пачалі праводзіць сходы, на якіх паведамілі, што, згодна з дзейным заканадаўствам, школьнае навучанне ў Беларусі можа адбывацца толькі на адной з дзяржаўных моў. Аднак, як падкрэслівае суразмоўца, ніякай гаворкі пра магчымасць навучання на беларускай нават не вялося. Па змоўчанні школа павінна перайсці на рускую. 

«У нас зараз ёсць адзін клас, які вучыцца па-беларуску, падручнікі ў іх беларускамоўныя. Клас маленькі — усяго 14 дзяцей. Але самае цікавае, што да іх таксама звярталіся з пытаннем, чаму яны не пішуць заявы, каб далей дзеці вучыліся на рускай мове. Сярод бацькой правялі апытанне, высветлілася, што за пераход на рускую мову былі толькі чацвёра. Астатнія дзесяць выступілі катэгарычна супраць. Гэтыя дзеці зараз у другім класе, але, наколькі вядома, з пятага класа яны ўсё адно будуць вымушаны працягваць навучанне на рускай», — кажа жанчына. 

Яе дачка была вельмі расчараваная, калі даведалася, што з наступнага года больш не будзе вучыцца па-польску. 

«Мне таксама гэта вельмі не спадабалася, я лічу, што вывучэнне розных моў карысна для дзяцей. У іх былі падручнікі на рускай мове, таму фактычна яны вывучалі ўсё адразу на дзвюх мовах. У пачатковай школе была вельмі добрая падрыхтоўка па польскай. Далей колькасць гадзін на вывучэнне польскай скарачалася, але да гэтага моманту дзеці ўжо вельмі добра валодалі ёй».

Мама школьніцы распавядае, што большасць бацькоў вельмі абураны такімі навінамі. 

«Адзінае, што хоць трошкі суцяшае, — што польская мова застанецца прадметам, а не факультатывам. Але ўсё адно крыўдна, што ніхто не пытаў ні саміх вучняў, ні бацькоў. Я была гатовая збіраць подпісы, аб’яднацца з бацькамі з Ваўкавыску, каб неяк паўплываць на сітуацыю, але мне далі зразумець, што гэта ўсё без сэнсу. Бо рашэнне ўжо прынята». 

З улікам таго, што вучыцца на польскай будзе немагчыма, чытачка была б не супраць, каб яе дзіця працягнула навучанне на беларускай. Падобнае пытанне абмяркоўвалі і ў бацькоўскім чаце, але рэакцыя некаторых вельмі здзівіла нашу суразмоўцу.

«Я разумела, што большасць хутчэй за ўсё будзе абыякава ставіцца да такой прапановы, але знайшлося некалькі бацькоў, якія выказаліся радыкальна супраць навучання па-беларуску. Іх довады меня вельмі здзівілі.

Адны пачалі казаць, што мова ўжо мёртвая, на ей ніхто не размаўляе, што яна нам чужая, што гэта мова выдуманая Тарашкевічам, а нашы продкі ніколі на ей не размаўлялі. Было толькі двое бацькоў, якія не бачылі нічога дрэннага ў пераходзе на беларускую мову, бо самі на ёй калісьці вучыліся. Каля дваццаці чалавек ніяк не адрэагавалі на моўнае пытанне. Стаўленне да беларускай мовы сярод некаторых бацькоў мяне вельмі здзівіла і расчаравала».

Не хапала настаўнікаў, якія валодаюць польскай

Бацька вучаніцы з Ваўкавыску распавёў «Наша Ніве», што ў іх школе ніякіх сходаў яшчэ не было. Яны запланаваны на наступны тыдзень. Аб переводзе школы на рускую мову бацькі і дзеці даведаліся ад настаўнікаў і СМІ. 

«Настаўніца матэматыкі на гэтым тыдні сказала, што пачнем навучанне на рускай, каб дзеці патроху прывыкалі. Аднак афіцыйнай інфармацыі да бацькоў пакуль не данеслі, — кажа мужчына. —

Натуральна, што нас ніхто не пытаў, ці хочам мы прыпыняць навучанне на польскай. Каб патрапіць у гэтую школу, мне давялося стаяць у жывой чарзе. У Ваўкавыску тры гады таму набіралі ўсяго 2 класы па 18 чалавек, толькі 36 чалавек на ўвесь горад». 

Размовы пра тое, каб прынамсі частку школы зрабіць рускамоўнай, узнікалі і раней, але менавіта апошнім часам усё было спакойна. 

У Ваўкавыску, як і ў Гродне, дзеці вучыліся па рускіх падручніках, але, як сцвярджае суразмоўца, у пачатковай школе карысталіся і польскамоўнымі варыянтамі. Пры гэтым у старэйшай школе некаторыя прадметы вывучалі выключна на рускай, бо банальна не хапала настаўнікаў, якія валодаюць польскай. 

«У пачатковай школе з навучаннем па-польску ўсё было вельмі добра. Напрыклад, у трэцім класе дзеці вывучаюць тры разы на тыдзень польскую мову і два разы на тыдзень літаратуру. У старэйшых класах урокаў значна менш — па адной гадзіне літаратуры і мовы». 

З новага навучальнага года ў незалежнасці ад класа на вывучэнне польскай мовы і літаратуры будзе адведзена па гадзіне на тыдзень.

Школа пяройдзе на адну з дзяржаўных моў. Па змоўчанні ёй будзе руская.

Клас
3
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
10
Абуральна
36