«422 тамы справы на азербайджанскай мове». У Баку пачаўся суд над экс-кіраўніком Нагорнага Карабаха Рубэнам Варданянам
У Азербайджане стартаваў судовы працэс над Рубэнам Варданянам — мільярдэрам і дабрачынцам, які ў 2022 годзе з’ехаў у Нагорны Карабах і стаў прэм’ер-міністрам непрызнанай рэспублікі. Варданян заявіў, што пратаколы ягоных допытаў сфальсіфікаваныя, піша Бі-бі-сі.

У верасні 2023 года Азербайджан у выніку аднадзённай вайны атрымаў канчатковы кантроль над Карабахам. Армянскае насельніцтва — больш за 100 тысяч чалавек — пакінула свае дамы і з’ехала ў Арменію. 27 верасня Рубэна Варданяна затрымалі ў Лачынскім калідоры, калі ён спрабаваў, як і іншыя жыхары, выехаць з Карабаха.
У чаканні суда Варданян правёў паўтара года ў зняволенні. Задоўга да пераезду ў Карабах Рубэн Варданян быў вядомым чалавекам у Расіі. У 1990-х ён стварыў першы інвестыцыйны банк на постсавецкай прасторы, «Тройка-Дыялог», і стаў мільярдэрам. Пасля продажу «Тройкі» Сбербанку Варданян займаўся дабрачыннасцю ў Расіі і Арменіі, інвеставаў у бізнэс-школу «Сколкава», будаваў школу з унікальнай методыкай у армянскім Дыліжане.
Разам з тым расследавальнікі OCCRP сцвярджалі, што банк Варданяна «Тройка-Дыялог» стварыў сетку афшораў, праз якія грошы расійскай эліты тайна выводзіліся за мяжу. Сам Варданян пабудаваў вілу ў адным пасёлку з кіраўніком «Ростехэха» Чэмезавым і кіраваў яго грашыма.
У 2022 годзе Варданян адмовіўся ад расійскага грамадзянства і з’ехаў у Нагорны Карабах, дзе заняў дзяржаўную пасаду. Праз некалькі месяцаў пасля яго прыезду Карабах апынуўся ў блакадзе Азербайджана, якая працягвалася да верасня 2023 года, калі спрэчная тэрыторыя цалкам перайшла пад кантроль Баку.
Абвінавачанні ў тэрарызме
Азербайджанскія следчыя выставілі Варданяну абвінавачанні ў фінансаванні тэрарызму, стварэнні незаконных узброеных фарміраванняў, незаконным знаходжанні ў Азербайджане. З таго часу палітык знаходзіцца ў СІЗА ў Баку разам з іншымі армянскімі зняволенымі.
У турмах Азербайджана знаходзяцца мінімум 23 армянскія палонныя: восем з іх былі затрыманыя, як і Варданян, у верасні 2023 года, калі Азербайджан атрымаў поўны кантроль над Нагорным Карабахам. Яшчэ 15 — ваеннапалонныя і грамадзянскія. Варданян сярод іх — найбольш вядомы, хоць ва ўладзе ў Карабаху ён знаходзіўся ўсяго чатыры месяцы — з лістапада 2022 года да канца лютага 2023-га.
Судовы працэс і галадоўка
На 17 студзеня прызначана першае, папярэдняе пасяджэнне суда па справе Варданяна. Напярэдадні суда палітык змог надыктаваць сям’і па тэлефоне зварот. Ён паведаміў, што не ўдзельнічаў у допытах і не казаў следчым нічога, акрамя свайго імя, але на яго і адваката «аказалі ціск», каб яны падпісалі «сфальсіфікаваныя пратаколы».
«Мне сказалі, што мне прад’яўленыя 42 абвінавачанні, некаторыя з якіх прадугледжваюць пакаранне ажно да пажыццёвага пазбаўлення волі. Але дагэтуль мне не далі магчымасці азнаёміцца з афіцыйным абвінаваўчым заключэннем. Мне і майму адвакату дазволілі толькі прагартаць 422 тамы крымінальнай справы на азербайджанскай мове, якой я не валодаю», — перадаў Варданян, дадаўшы, што на азнаямленне з 422 тамамі ім выдзелілі ўсяго месяц.
У сваім звароце Варданян заклікаў да міру. «Я перакананы, што сапраўдны мір стане магчымым толькі тады, калі лідары краін, уцягнутых у канфлікт, з адабрэння большасці ў іх грамадствах змогуць разам ускласці кветкі да магіл усіх загінулых у гэтай вайне, — сказаў ён. — Я абяцаю зрабіць усё магчымае, каб гэта адбылося пры маім жыцці».
Каментары