Яго складальнік Уладзімір Слабін вырашыў спалучыць гістарычныя даты разам з музыкай.

— Я планаваў усё зрабіць паводле прынцыпу — ніводнай даты без песні і ніводнай песні без даты. На справе выявілася, што рэалізаваць яго цяжка. Маем песні, даты, падзеі, і мусім шукаць зону іх перасячэння. Ёсць даты, для якіх не напісаны песні. Ёсць песні, прысвечаныя падзеям (каханне, вяселле, здрада, расстанне), але не прывязаныя да канкрэтных дат. Альбо песні да пэўных сезонаў ці месяцаў. Так што ў перасячэнні гэтых рэчаў часта апынаецца вельмі сціплая колькасць элементаў. Каб іх павялічыць, мусім здымаць абмежаванні. Адсюль і разнастайнасць падзей. Да пачатку працы над календаром я проста назапашваў базу адпаведнасці «песня — дата» (сабраў шэсць з паловай тысяч адзінак). У календары толькі 2011 песень.

Ужо гатовыя чатыры месяцы музычнага календара. Да канца года, як запэўнівае Уладзімір Слабін, праект будзе цалкам завершаны. Пазнаёміцца з працай можна на calendar.secondbelarus.com/

«НН»: Вы вырашылі не засяроджвацца толькі на датах беларускай гісторыі. Чаму?

УС: Не хацеў, бо людзей цікавіць не толькі беларускае, не толькі гісторыя, а калі ўсё-ткі гісторыя, то не звязаная з войнамі. Праз уключэнне міжнародных дзён і святаў каляндар, мяркую, выйграў. Вось некалькі прыкладаў. Песня «Шаленства» (гурт «Алмазный фронт») — Сусветны дзень шаленства (28 верасня), «Каўбасіць ды плюшчыць» («Гарадскія») — Сусветны дзень псіхічнага здароўя (10 кастрычніка). Дзякуючы існаванню Дня ўсіх закаханых (14 лютага), Міжнародных дзён абдымкаў (21 студзеня), пацалункаў (6 ліпеня) і сэксу (30 лістапада) сталася магчымым «укаляндарыць» велізарны масіў лірычных песень.

Пераканаўся, што песень аб усіх значных падзеях і асобах нябеднай беларускай гісторыі яшчэ не праспявана. Быццам бы і багата ў нас герояў, а дзе прысвечаныя ім спевы?

Таксама мала беларускіх прафесійных песень. Скажам, «Танкі» (Neuro Dubel) можна фармальна паставіць на Дзень танкіста, «Тэрмінатар» або «25, 26, 27» (Лявон Вольскі) — на Дзень міліцыі. Але наўрад ці танкісты і міліцыянты будуць надта рады.

«НН»: Каляндар не прысвечаны толькі круглым датам — ён універсальны. Яго можна і надалей выкарыстоўваць ці на наступныя гады маеце іншыя задумы?

УС: Календаром можна будзе карыстацца заўсёды, калі толькі які хохлік не заблакуе сайт. У планах — стварэнне англамоўнай версіі, рубрыкі «Песня дня», бясплатнага сервісу «Песенныя віншаванні-прывітанні». Не выключана, што зменіцца дызайн. Але прынцыпова каляндар не будзе мяняцца, прынамсі, у бліжэйшыя гады.

«НН»: У календары пераважае рок-музыка. Сыходзілі з уласнага густу?

УС: Не. Ні рок, ні тым болей рэп не з’яўляюцца маімі ўлюбёным жанрамі. Але ж гэта не прычына, каб не ўключаць іх у каляндар. Не падабаюцца мне — дык спадабаюцца іншым. Не падабаюцца мне сёння — могуць спадабацца заўтра. Галоўнае, што ўсе гэтыя песні належаць беларускай культуры — выкананы на беларускай мове або на замежнай, але беларускімі спевакамі. Перавага року ў календары часовая, але аб’ектыўная — напружанае, эмацыйнае жыццё ў краіне вымагае адпаведна жорсткага жанру. Менавіта беларускі рок сёння найбольш навідавоку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?