Тарчэўскі Ян (Іван) (10 кастрычніка 1881 г. — 29 верасьня 1929 г.) нарадзіўся ў засьценку Асінаўка Ашмянскага павету. Беларускі адраджэнец нашаніўскай пары. На пачатку свайго самастойнага жыцьця Ян Тарчэўскі быў даверанай асобай — камісарам, кіраўніком маёнтку Варата Санкт-Пецярбурскай губэрні Лугаўскага павету ў палкоўнічыхі Ганэнфэльт (аднак нядоўга). Кінуўся ратаваць спуджаных коней, і палкоўнічыха яго звольніла: «Гэта павінны былі рабіць мужыкі, а ты ў мяне кіраўнічы». Неўзабаве вярнуўся на родную Ашмяншчыну.

На пачатку свайго самастойнага жыцьця Ян Тарчэўскі быў даверанай асобай — камісарам, кіраўніком маёнтку Варата Санкт-Пецярбурскай губэрні Лугаўскага павету ў палкоўнічыхі Ганенфэльт (аднак нядоўга). Кінуўся ратаваць спуджаных коней, і палкоўнічыха яго звольніла: «Гэта павінны былі рабіць мужыкі, а ты ў мяне кіраўнічы». Неўзабаве вярнуўся на родную Ашмяншчыну.

Падчас рэвалюцыі 1905—1907 г. у Ашмяне і ў сваім засьценку Асінаўка праводзіў палітычную і агітацыйную працу, падымаў нацыянальную сьвядомасьць тутэйшага люду, ладзіў патаемныя сходы, вечарыны, дзе чытаў беларускія кніжкі, адозвы і іншую рэвалюцыйную літаратуру. Пашыраў на Ашмяншчыне «Нашу Ніву», пісаў у яе за рознымі псэўданімамі. Браў удзел у дыскусіі, якім шрыфтам друкаваць «Нашу Ніву». Вось пазыцыя гэтага «шляхціца з-пад Ашмяны»:

«Выпісваю тры газэты: беларускую, польскую і расейскую. Значыцца, чытаю ў трох мовах і, здаецца, не павінен я прыдаваць якую-колечы ўвагу да шрыфту. Але ўсё-такі стаю за лацінку і, каб «Наша Ніва» далей друкавалася гэтымі літарамі, даў бы 3 руб. замест 2 руб 50 кап. — а калі і гэтага мала, падпішуся адразу на 10 год, каб хаця дзеткі мае дачакаліся газэты ў тым шрыфце, у якім чытаем малітэўнікі. Мне б, папраўдзе, усё роўна, якімі літарамі чытаць, але ўсё-такі што забаронена, тое і бліжэй сэрцу, і смачней. Няможна вучыць дзетак на лацінскіх літарах, у школках таксама ня вучаць — дзеля таго і стаю за лацінку».

Як згадваюць сучасьнікі, Тарчэўскі не адзін раз быў у першых шэрагах розных маніфэстацыяў, якія праводзілі ў тую пару ў Ашмяне. Дух барацьбіта віраваў у Тарчэўскім.

Паводле слоў В.Пакульневіча, сябра КПЗБ, Тарчэўскі быў паліткатаржнікам. У 1911 г. Тарчэўскі спрабуе заняцца прыватным праўніцтвам на Ашмяншчыне, пра што сьведчыць копія даверчага ліста ад 15 студзеня 1911 г., выдадзеная ашмянскім натарыюсам. Пры канцы 1915 г. Тарчэўскі ўжо ў Туле: разам з Т.Будзькам спрабуе заснаваць фотапавільён, фатаграфічную майстэрню. Аднак тульская гарадзкая ўправа не змагла забясьпечыць майстэрню электрычнасьцю. Тарчэўскі вяртаецца зноў на Ашмяншчыну, заводзіць сям’ю, займаецца гаспадаркай і асьветніцкай працай.

На пачатку 20-х, ужо пры Польшчы, ён апякуецца школьніцтвам, вучыць дзяцей беларускай мове, беларускай гісторыі, бярэ самы чынны ўдзел у розных беларускіх соймах, якія ладзіліся ў тую пару ў Вільні нацыянальнымі дзеячамі. Тарчэўскі быў кнігаром ашмянскай кнігарні Беларускага выдавецкага таварыства. Ставіў спэктаклі паводле п’есаў Аляхновіча — «Птушка шчасьця», «Страхі жыцьця». Блізкімі сябрамі яго былі ксяндзы Гадлеўскі і Станкевіч, а таксама вядомы заходнебеларускі дзяяч Стэфановіч.

На нацыянальны грунт Тарчэўскі прыйшоў праз творчасьць Францішка Багушэвіча, быў параднёны з Багушэвічавым родам, меў шлюб з Марыяй, дачкой Францішкавай сястры Ганны. Багушэвічаву асобу лічыў узорам служэньня Радзіме, узорам грамадзянства. Доўгі час у засьценку Тарчэўскага перахоўвалася Багушэвічава бібліятэка, сямейны Багушэвічаў альбом, мэдальёны зь імёнамі сьвятых, шпалеры...

Паводле нэкралёгу, зьмешчанага ў газэце «Bielaruskaja krynica» (30.V.1929), быў шчырым, беззапаветным працаўніком на беларускай ніве. За што не адзін раз цярпеў вобыскі, рэвізіі, сядзеў у астрозе. Тарчэўскі быў шырока знаны на Ашмяншчыне і ў суседніх паветах як чалавек добрай душы і беларускі дзяяч яшчэ з часоў нашаніўскай пары. Як стары прадстаўнік на беларускай ніве...

Тарчэўскі знаў адно — Беларусь і да гэтага праз усё жыцьцё сваё імкнуўся. Маючы здаровы беларускі розум, не любіў і ўважаў за шкодную праяву падзел беларускага адраджэнскага руху на партыі, не хацеў фармальна належаць ні да аднае беларускае палітычнае партыі і ставіўся да іх нагэтулькі прыхільна, наколькі дадзеная партыя стаяла на грунце арыентацыі на Беларусь. Ён стараўся заўсёды аб’ядноўваць як беларускія палітычныя арганізацыі, так і паасобныя адзінкі, не баючыся публічна сказаць праўду ў вочы і найбліжэйшаму нават асабістаму прыяцелю, калі бачыў шкоднасьць ягонай дзейнасьці для справы беларускай.

Пахаваны Тарчэўскі на Ашмянскіх каталіцкіх могілках паблізу каплічкі. Першапачаткова надпіс на крыжы быў зроблены па-беларуску.

Уладзімер Содаль

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0