У мястэчку Лынтупы Пастаўскага раёна адсвяткавалі Дзень святой Ганны. Сёння, 24 ліпеня, у мясцовым Касцёле Святога Апостала Андрэя з гэтай нагоды прайшла святочная імша. На галоўнай плошчы ладзіліся гулянні. Выданне Reform.by апублікавала з урачыстасцяў вялікі фотарэпартаж.

Святая Ганна (Saint Anne) — у хрысціянстве маці Багародзіцы, бабуля Ісуса Хрыста, жонка святога Іаакіма (St. Joachim), якая нарадзіла дачку цудоўным чынам пасля доўгіх гадоў бяздзетнага шлюбу.
Шанаванне Святой Ганны ў Лынтупах сягае ў гісторыю касцёла і мястэчка. 26 ліпеня 1900 года ва ўрачыстасць маці Багародзіцы ксёндз малітоўнага дома Мацей Бугяніс пасвяціў нарожны камень. Тым самым было распачатае будаўніцтва новага касцёла на месцы драўлянага, які перад тым згарэў.

Сёння ў Андрэеўскім касцёле захоўваецца ікона «Святая Ганна» канца XVII — пачатку XIX стагоддзяў.
Святая Ганна лічыцца апякункай сямейнага жыцця, жанчыны і нараджэння, а гэтаксама майстрыц і майстроў.


На галоўнай плошчы Лынтупаў адбыліся народныя гулянні, прайшоў кірмаш мясцовых майстроў. Свята наведалі сотні чалавек.



Лынтупскі храм сёння гэтаксама вядомы тым, што ў ім служыць ксёндз Аляксандр Баран, які быў затрыманы ў сакавіку гэтага года за «несанкцыянаванае пікетаванне» і «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пробашч прабыў за кратамі шэсць сутак.
Каментары