Архіў

Афіша чэрвеня

Рок-канцэрты

3 чэрвеня ў менскім клюбе «Стэп» выступаюць «Сініца», «Ірыс», «Белыя твары». 4 чэрвеня ў Гомелі — «Ляпіс Трубяцкой». У той жа дзень наша этна-трыё «Троіца» бярэ ўдзел у фэстывалі «Этнастыль» у Санкт-Пецярбургу. Дарэчы, Кірчук з камандай выступяць і ў Падмаскоўі на фэстывалі «Пустыя ўзгоркі-2005».

Альтэрнатывы на «20 см» у сталіцы дададуць берасьцейцы з «Дай дарогу». Іх выступ у «Рэактары» — 3 чэрвеня. А ўжо 9-га — фэстываль «Продвижение». Працяг леташняй міжнароднай «Трэцяй пяткі» таксама пераехаў у «Рэактар» разам з «Куклами», «Нестандартным варыянтам», «IQ-48», «Нагуалем» і шмат кім яшчэ. Пачатак а 17-й.

Пасьля адмены канцэрту «Крамбамбулі» кіраўнік «БМА-груп» Віталь Супрановіч лічыць за лепшае не загадваць наперад. На чэрвень плянуецца пакуль хіба выхад новага альбому «Партызонаў» і падрыхтоўка да «Басовішча».

Поп: Навуменка і Беркут

Асноўныя менскія залі на першую палову чэрвеня пазаймаюць гастралёры з Расеі. 7-га ў Палацы Рэспублікі сьпявае Сукачоў. 8 і 9 там жа, але ў малой залі, тэатар «Ля Мікіцкай брамы» з Масквы. Першы дзень пяюць «Песьні нашага двара», у другі — граюць Міхоэлса.

Адзіныя, хто зможа пацясьніць заежджых, — Якаў Навуменка і вечарына «Бывай, школа» — 27 чэрвеня. У выпускным, што мае адбыцца 16-га там жа, бяруць

удзел Вольга Плотнікава, Саша Нэма ды «Чук і Гек».

Зь вечнасьцю — Быкаў. Эксклюзівы чэрвеня

У Менску завяршаецца рэтраспэкцыя фільмаў з удзелам італьянца Віторыё Гасмана «Анталёгія роляў. 1966—1986». У шэрагу абсалютных эксклюзіваў маеце магчымасьць прагледзець 2 чэрвеня апошнюю стужку форуму — «Мы так кахалі адно аднаго» (1974) рэжысэра Эторэ Скола. Пачатак у 18.30 у «Перамозе».

Яшчэ адна абсалютна эксклюзіўная рэч — выставы-прысьвячэньні Васілю Быкаву ў менскім Палацы мастацтваў на Казлова і ў Дольнай залі Чырвонага касьцёлу. Паказваюць графіку, жывапіс, скульптуру, прысьвечаную «залучанаму зь вечнасьцю».

У Менску «Вялікія бубны Токіё». 30 чэрвеня на «Дынама». Кошт — ад 6 да 16 тысяч.

Тэатры: парад прэм’ераў

Менавіта такая выснова прыйшла па вывучэньні рэпэртуараў менскіх тэатраў. Ці наўмысна, ці незалежна адзін ад аднаго ў чэрвені практычна ўсе паказваюць свае прэм’еры сэзону. У Купалаўскім месяц пачынаецца і заканчваецца «Чычыкавым». Густоўны, вытрыманы і цалкам клясычны спэктакль. Ня менш уражвае і п’еса паводле Тома Стопарда «Ўваходзіць свабодны чалавек». Глядзіцца як гімн марнасьці. Таксама гледзьма ў Купалаўцаў «Эрыка ХІV» і «Івону, прынцэсу Бургундзкую» паводле В.Гамбровіча. Прэм’еры каштуюць да 8 тыс.

Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі дае «Парадоксы жарсьці» К.Фрэшэта (3-га,

13-га), «Валянціну» А.Вампілава (7-га), «Містэра Розыгрышу» С.Кандрашова (9-га, 20-га), Курэйчыкавага «П’емонцкага зьвера» (21-га), макаёнкаўскі «Трыбунал» (22-га) і «Кабалу сьвятош» Мальера ў апрацоўцы М.Булгакава (23-га).

У Опэры заканчваецца 72-гі сэзон. У якасьці прэзэнтаванай прэм’еры — «Кармэн» Бізэ. Спэктакль доўжыцца 3,5 гадзіны. Для густоўных аматараў. У Музтэатры — «Казка пра заснулую прыгажуню», 14 чэрвеня.

У Тэатры-студыі кінаактора пакуль ня вызначыліся з датай, але дакладна, што ў чэрвені глядач убачыць «Вельмі простую гісторыю» М.Ладо. У тэатры імя Горкага чакаюцца «Дзядзечкаў сон» паводле Дастаеўскага і «Выпадковы вальс». Таксама варта ацаніць «Опэру жабракоў» Бэртольда Брэхта і Курта Вайля. І Шадзько, і Чэкерэс — абодва выдатна рэжуць ролю Мэкі-Нажа. Цэны горкаўскага тэатру — 4—8 тыс. рублёў.

Маманты і цырульнікі

3—4 чэрвеня ў Менску маюць адбыцца адразу дзьве падобныя падзеі. Адкрыты чэмпіянат Беларусі па цырульніцкім майстэрстве (Палац дзяцей і моладзі, Старавіленскі тракт). Больш адвязны — «Мамант-2005». Там можна ўбачыць і бодзі-арт, і татуіроўкі, і цырульніцтва.

Беласточчына ў чэрвені

3 чэрвеня на польскім баку Белавежы адбудзецца акцыя школьных і моладзевых экалягічных арганізацый «Ратуйма Белавескую пушчу!» Імпрэзу ладзяць у межах «Году зубра», што праводзіцца сёлета ў Польшчы.

Ад 9 красавіка для польскіх і замежных турыстаў, што жадаюць пазнаёміцца з наскаю Белавежаю, зрабілі спрошчаны рэжым пераходу мяжы. Па-партызанску праз пушчу з замежным пашпартам і беларускай візай група ад 4 чалавек і болей патрапіць у беларускія Камянюкі. Цэны на жытло для гасьцей — ад 17 эўра з чалавека да 215 — за пражываньне групы ў Палацы графа Тышкевіча. Беларусы ж могуць павандраваць па польскай Амазонцы — Дворку над Лукамі. Кошты для нашых — ад 40 эўра за аднамесны нумар да 100 за «люкс» на чалавека.

3—5 чэрвеня ў Чаромсе — дзясятыя «Фальклёрныя сустрэчы». А 19-га ў Беластоку — чарговае, дваццатае па ліку, «Сьвята беларускай культуры». Арганізатар — Беларускае грамадзка-культурнае таварыства. А пачынаючы з 20 чэрвеня, ледзь не па ўсёй Беласточчыне будуць сьвяткаваць Купальле. У сталіцы Падляскага ваяводзтва пачнецца дзейства «Кірмашом на Яна», якое праз чатыры дні — 24—26 чэрвеня — пяройдзе ў традыцыйныя Дні Беластоку.

Сяргей Дэнскі

ЭЎРАПЕЙСКАЯ АФІША

Аўстрыя

Сьвята Дунайскай выспы, 24—26 чэрвеня, Вена

Выспа тая — між двума венскімі мастамі. Ехаць на сьвята трэба ў спартыўным абутку: танцаваць сучасныя танцы і традыцыйны вальс трэба будзе тры дні і дзьве ночы.

http://www.donauinselfest.at/

Бэльгія

Музычныя фэстывалі ў Брусэлі

5 чэрвеня штогод 10 000 чалавек зьбіраюцца на сьвята Брусэльскага порту. Жывая музыка, купаньне, міні-круізы, далікатэсы нацыянальнай кухні. 17—20 чэрвеня — штогадовае сьвята музыкі ў цэнтры Брусэлю. Поп, джаз, хіп-хоп і любімы бэльгійцамі францускі шансон.

http://www.conseildelamusique.be/

http://www.brucity.be/

Вялікабрытанія

Фэстываль жывой гісторыі, 12—13 чэрвеня, Оксбург-хол (Норфалк)

Дакладнае ўзнаўленьне побыту, сытуацый, характараў, вопраткі эпохі Цюдораў.

http://www.nationaltrust.org.uk/scripts

nthandbook.dll?ACTION=PROPERTY&

PropertyId=54

Фэстываль ракі Мэрсі, 18—21 чэрвеня, Лівэрпуль

Парады караблёў, лодачныя гонкі, кірмашы, матроскія песьні, паказальныя выступы марскіх пэхацінцаў ды бітва на галеонах і музычны фаервэрк.

http://www.liverpool08.com/root/Events/Sea_Liverpo-ol

Германія

Фэстываль на Эльбе, чэрвень, Саксонія

Тэма фэстывалю — творчасьць Фрыдрыха Шылера, сёлета спаўняецца 200 гадоў з дня ягонай сьмерці. http://www.elbhangfest.de/

Кільскі тыдзень, 18—26 чэрвеня, Кіль

Сьвята складаецца зь дзьвюх частак — спаборніцтваў яхтсмэнаў і вулічных гуляньняў. Кільская рэгата — неафіцыйны сусьветны чэмпіянат сярод аматараў і прафэсіяналаў паруснага спорту. Завяршаецца тыдзень самым прыгожым у Эўропе фаервэркам.

http://www.kieler-woche.de/

Гішпанія

Сан-Хуан-фіеста, 23—24 чэрвеня, Мадрыд, Алікантэ, Сарагоса

Гішпанскае Купальле. Усю ноч гараць вогнішчы на плошчах і вуліцах гарадоў, цераз агонь скачуць людзі, грыміць музыка, завяршаецца ноч фаервэркам. У Алікантэ 20 ліпеня адбудзецца парад волатаў, зробленых з пап’е-машэ, якія будуць спалены ў ноч з 23 на 24 чэрвеня.

http://www.alicanteturismo.com/

«Маўры і хрысьціяне», 9—12 чэрвеня, Алікантэ

На вуліцах гораду разыгрываецца відовішчная бітва 1276 году, у якой маўры былі разгромлены гішпанцамі. Паводле легенды, атрымаць перамогу дапамог сьвяты Юры, які зьявіўся воінам і натхніў іх на перамогу словамі «З намі Бог, з намі перамога!». Назіраць лепш за ўсё з бальконаў, арандаваць якія неабходна загадзя.

http://www.alicanteturismo.com/

Грэцыя

Фэстываль антычнай драмы, 24 чэрвеня — 27 жніўня, Эпідаўр

Дзесяць спэктакляў, якія пачынаюцца на зьмярканьні і завяршаюцца бліжэй да поўначы, у тым ліку «Цар Эдып» і «Антыгона» Сафокла, «Вакханкі» Эўрыпіда ў выкананьні Нацыянальнага тэатру Грэцыі.

http://www.greekfestival.gr/

Данія

Фэстываль вікінгаў, 17 чэрвеня—3 ліпеня, Фрэдэрыксунд

Фэстываль і кірмаш вікінгаў, 21 чэрвеня — 3 ліпеня, Ольбарг

http://www.aalborg-tourist.dk/ref.aspx?id=995

Італія

Фэстываль сьвятога Іаана, 24 чэрвеня, Флярэнцыя, Турын і інш. гарады

Кожны год 24 чэрвеня Флярэнцыя надзявае карнавальныя касьцюмы. А яшчэ ў гэты дзень абавязкова будуць гуляць у «Calcio» на цэнтральнай плошчы. «Calcio» «(ад іт. сalciare — біць нагой) лічыцца папярэднікам сучаснага футболу.

http://www.enit.it/

Опэрны фэстываль, 17 чэрвеня — 31 жніўня, Вэрона

Праводзіцца ў старадаўнім амфітэатры «Арэна дзі Вэрона» (пабудаваны ў I стагодзьдзі н.э.) на 16 000 гледачоў. Сёлета даюць «Багему» і «Турандот», «Набуку» і «Аіду». Адкрыецца фэстываль опэрай «Джаконда» Амількара Панк’елі.

http://www.arena.it/eng/arenaeng.

Нідэрлянды

Фэстываль паветраных зьмеяў, 11—12 чэрвеня, Гаага

Каманды з 20 краін сьвету, некалькі соцень зьмеяў.

http://www.scheveningen.nl/

Галяндзкі фэст, 1—26 чэрвеня, Амстэрдам

Галяндзкі фэст вызначае новыя тэндэнцыі ў сучасным драматычным мастацтве, опэры, музыцы, танцы. Культывуюцца мяшаныя жанры і экспэрымэнты. Білеты на фэст — ад 50 да 70 эўра.

http://www.hollandfestival.nl/holnd_fstvl/

Польшча

Фэстываль Моцарта, 15 чэрвеня — 26 ліпеня, Варшава

http://www.wok.pol.pl

oda_eng_program.htm

Фінляндыя

Карнавал самбы, 10—12 чэрвеня, Хэльсынкі

http://www.samba.fi/

Сьвята Юханус (Іванаў дзень), 24 чэрвеня, востраў Сэўрасаары

Фінскае купальле. На востраве Сэўрасаары, у музэі драўлянага дойлідзтва пад адкрытым небам, распальваюць гіганцкае вогнішча, вакол якога будуць разгортвацца асноўныя падзеі. Кірмаш нацыянальных рамёстваў, фальклёрныя калектывы і пышныя цырымоніі вянчаньня. Лічыцца, што любая дзяўчына марыць выйсьці замуж менавіта ў гэты дзень і менавіта на востраве Сэўрасаары.

http://www.nba.fi

enseurasaari_openairmuseum

Францыя

Парыж: джазавы фэстываль, 4 чэрвеня — 24 ліпеня

Сьвята музыкі, 21 чэрвеня

Фаервэрк у дзень летняга сонцастаяньня, 24 чэрвеня

http://www.ratp.fr/index_eng.htm

Чэхія

Фэстываль «Танець Прага», 2—30 чэрвеня, Прага

Прэзэнтацыя сучаснага прафэсійнага танцу. Адкрываецца фэстываль выступленьнем Тэатру танцу з Тайваню.

http://www.tanecpha.cz/

Швайцарыя

Фэстываль швайцарскага піва, 2—5 чэрвеня, Лязана

Дэгустацыі падтрымліваюцца разнастайнымі музычнымі праграмамі, выстаўкамі і кірмашамі.

http://www.fetedelabiere.ch/photos.html

Швэцыя

Нацыянальны дзень Швэцыі, 6 чэрвеня

У Нацыянальны дзень швэды надзяваюць нацыянальныя касьцюмы, гатуюць нацыянальныя стравы і ўдзельнічаюць у агульных вулічных забавах. Галоўнае ж сьвята праходзіць у найстарэйшым горадзе Швэцыі — Сыгтуна, які называюць яшчэ «горадам у табакерцы» і які лічыцца першай сталіцай швэдзкай дзяржавы (заснаваны ў 980 годзе). Там адбудзецца невялікі парад, фальклёрнае сьвята, будуць працаваць кніжны рынак і кірмаш вырабаў ручной работы.

Каментары

Цяпер чытаюць

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Усе навіны →
Усе навіны

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

Стала вядома, хто стаў новым уладальнікам беларускіх лабараторый Synlab4

Пацяпленне робіць горы нестабільнымі. Ці пагражаюць абвалы ледавікоў Альпам?

На МТЗ гатовыя працаўладкаваць амаль паўтары тысячы работнікаў11

Германія рыхтуецца афіцыйна абвінаваціць Расію ў падрыхтоўцы атакі ў Лейпцыгу і ўвесці «маштабныя санкцыі»11

У ЗША маці застрэліла 11‑месячнага сына, каб бацька ніколі не атрымаў над ім апеку4

На Балі швейцарскі турыст напляваў на мясцовыя традыцыі. Наступны год ён правядзе ў турме10

Чаму ў Мінску ўсё часцей можна сустрэць дзікіх жывёл?1

КДБ затрымаў групу людзей, якіх вінавацяць у зборы закрытай інфармацыі пра абаронныя прадпрыемствы17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?9

Чым цяпер займаюцца дзяўчаты, якіх летась назвалі самымі прыгожымі ў Беларусі?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць