Архіў

Чырвоныя макі на трыбуне ААН

Паўвеку таму нейкія мае далёкія родзічы зьехалі ў Амэрыку. Бо грошы. Сьлед прастыў. Яшчэ паўстагодзьдзя назад хтось ад’ехаў да Польшчы. Бо палякі. Бо каталікі. Сьлед згубіўся. Дзесьці ў шуфлядзе бабчынай мо і дагэтуль ляжыць паперка зь іх адрасам, ды калі мне да тае Зялёнае Гуры ехаць? І каму я там трэба? Уся гэтая мэтафізычная повязь – чаго яна вартая празь пяцьдзясят гадоў?

Дый мы — якія мы палякі? Зрэшты, як і яны. Мы ж і не з-над Нёмну. А звычайныя тутэйшыя, з-над Случы, хай сабе і шляхта. Дый якая шляхта! Толькі мянушка: «О, шляхта пайшла». Хіба што мы сякалі — то прыкмета праўдзівай крывічэсьлівасьці, а «мужыкі» сакалі — гэныя беларусы-сакуны. А з крыві ж — аднае, таго ж колеру.

Ну, прабабка мадлілася па нейкай кніжачцы з эль крэскаванымі. Ды па-руску не магла напісаць літар — як курыца лапай чыркала, дасюль на палях прадзедавых пісьмаў засталіся яе «сьляды». А так звычайныя мы людзі. А хто залучыць у палякі — то тэж не пакрыўдзімся. Як той казаў, палякі-то палякі, але «нашы».

Не такія мы, як за Бугам. Мо нашы сукрэвічы зеленагурскія і сталіся «як усе», а мы там — «яны», а тут — «нашы».

Помню, як павезьлі мяне да «мэтраполіі» ў канцы 1980-х, малога. Ё такое места, а мо і мястэчка, Плоцк. Ня той, дзе «Сафія нібы карабель», а дзе за ракой макавае поле пачынаецца. Вось яно мяне і ўразіла: у нас от такога не было, каб цэлае чырвонае мора макаў! І агулам мак — гэта наркотык, вучылі нас у школе. А яшчэ ў іх двары не такія, як у нас. Тыя ж пяціпавярховікі (гэта пасьля мне адкрылі сакрэт, што правільна іх зваць «хрушчоўкамі»), але двары не такія. У нас барабан быў заржавелы яшчэ з часу «Песьні-85», а ў іх і карусэлі, і арэлі. А пясочніца! Але не далі мне збудаваць свой замак зь пяску — дасюль шкадую, пацягнулі бацькі ў хрушчоўку.

І такія бальконы ў іх! Не такія, як у нас — акуратненькія, з дыванкамі; а ў нас — слоікі, «закаткі» зімовыя, не праступіцца. Выйшлі зь дзяўчынкай (не магу прыпомніць, як мы зь ёй разумеліся, я ж па-польску тады ня ўмеўшы) на лёджыю, а яна кліча з другой кватэры: «Цёця, цёця, патш, да нас прыехаў хлопчык з Рос’і!» «З Рос’і», — от гэта я зразумеў.

«Ня з Рос’і, а з Савецкага Саюзу», — зьбянтэжыў я цёцю. Яна ўсьміхнулася, а дзяўчынка пацягнула мяне на кухню, есьці памідаровую зупу.

Вось гэты гаўбец, дзяўчынку і зупу ўспомніў я, чытаючы ў прамове нашага прэзыдэнта перад ААН: «Прайшло 15 год ад часу распаду мае краіны — СССР».

Усе мы родам зь дзяцінства. А дзяцінства наша прайшло ў СССР. Ну хто гэтаму запярэчыць? Было такое. І сапраўды, ня ўсё там было дрэнна. Але ў Польшчы, хоць яна і курыца, — усё адно лепш.

Ну хаця б дзеля макавага поля. Там яно было, а ў нас — не. Або яго ад мяне хавалі. А я не люблю, калі ад мяне штось хаваюць. Дужа, аж занадта, я цікаўны.

…Я родам з СССР. У гэтым я з прэзыдэнтам салідарны: гэта была і мая краіна. А пасьля мая краіна стала называцца іначай, і агулам аказалася, што ёсьць вялікая розьніца між такімі паняцьцямі, як краіна, дзяржава, нацыя, народ, люд. Але гэта прыйшло пасьля — пасьля СССР. І вось цяпер я думаю: Беларусь — мая краіна, а дзяржава Беларусь — ці мая?

Краіна Польшча мне падабалася, але заставаўся патрыётам свае… дзяржавы. Маляваў на асфальце Крэмль і пісаў заклікі за мір ува ўсім сьвеце. Так мяне выхоўвалі. Маім героем быў Ленін, а ня гобліны ўсякія. Мая любімая кніжка «Дзяніскавы расказы», а ня «Гары Потэр». Я і сёньня ўпэўнены: гэта было добра.

А сёньня мая любімая кніжка «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі». Ужо паўтара месяца дзеля рознага кшталту жыцьцёвых пэртурбацыяў мне не да сур’ёзных тоўстых «клясыкаў», а каб галава «варыла», а не пакрывалася цьвільлю, як незацукраванае варэньне, я ўзяў пачытаць Васючэнкавы забаўныя гісторыі. Навярстаць упушчанае, хаванае ад мяне тады, пятнаццаць гадоў таму.

Бяз гэтага, хаванага тады, цяпер мне было б цяжка. Яны — частка Мае Краіны. Мае Рэчы Паспалітае. Многа год таму яе ня стала. Цікава, што сказалі б людзі, каб я ўспомніў пра яе, як пра маю настальгію, з трыбуны ААН?

P.S. Макавага поля ў Беларусі не спатыкаў дагэтуль. Мо хто падкажа: дзе яно ёсьць?..

Каментары

Цяпер чытаюць

Зміцер Дашкевіч сказаў, што трэба рабіць беларусам зараз, каб краіна стала свабоднай і незалежнай38

Зміцер Дашкевіч сказаў, што трэба рабіць беларусам зараз, каб краіна стала свабоднай і незалежнай

Усе навіны →
Усе навіны

Цяпер вядоўцам трэвэл-шоу «Арол і рэшка» можна стаць за грошы. Колькі трэба заплаціць?1

Сталі вядомыя трое суддзяў, якія будуць разбіраць у Гаазе сітуацыю ў Беларусі4

Віцэ-міністр замежных справаў Польшчы: Мы ніколі не пагодзімся на Беларусь як частку рускага свету14

Экс-прэм'ер Літвы: Лукашэнка ўяўляе, што злавіў Бога за бараду10

Рубіа і Калас абмяняліся рэзкімі заявамі наконт Украіны4

Спарыш пайшоў да літоўскіх радыкалаў граміць Ціханоўскую. У выніку выслухаў пра «беларускі нацызм» і «праваслаўны зброд»82

У Мінску пагрузчык-экскаватар урэзаўся ў пасажырскі аўтобус

Затрымалі членаў банды 1990‑х5

Магутная паводка накрыла Дагестан пасля моцных залеў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зміцер Дашкевіч сказаў, што трэба рабіць беларусам зараз, каб краіна стала свабоднай і незалежнай38

Зміцер Дашкевіч сказаў, што трэба рабіць беларусам зараз, каб краіна стала свабоднай і незалежнай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць