Новы фільм Алега Дашкевіча — пра адзін дзень, пражыты пры рэжыме Лукашэнкі.
Героі карціны — сам Алег Дашкевіч, трэнэр па боксе, і літаратарка Сьвятлана Курс. Кожны пражывае адзін дзень: праца, турботы, ранішняя кава. Іх штодзённыя справы становяцца люстэркам жыцьця грамадзтва й адбіткам душы.
Сьвятлана адвозіць дзіця ў садок, прымае людзей у якасьці праваабаронцы, піша. Алег навучае суайчыньнікаў боксу, ідзе па восеньскім лісьці, глядзіць тэлевізар.
Трамваем ехаць доўга — у Менску адзіны беларускамоўны садок. А вось так трэба трымаць удар — а так біць.
Героі не гавораць перад камэрай — але мы чуем іхнія галасы.
Аўтар «Маналёгаў» паставіў перад сабой складаную задачу. Перадаць «унутраны маналёг» у дакумэнтальным кіно нашмат цяжэй, чым у мастацкім («Сунічная паляна», «Восем з паловай») ці літаратуры (Іван Карамазаў, Молі Блюм). Зрэшты, аўтар працягвае традыцыі беларускай дакумэнталістыкі («У вайны не жаночае аблічча» Віктара Дашука).
У фільме Дашкевіча кожны з герояў пісаў свой роздум сам. Потым «маналёгі» здымаліся і мантажаваліся паралельна. Завязка, кульмінацыя, разьвязка не прадугледжваюцца. У выніку такой «нецэнтраванасьці» маналёгі герояў могуць быць завершаныя як хочаш і калі хочаш. Ня ўсім гэта будзе даспадобы.
Але фільм заварожвае сваёй стаічнасьцю. Маналёгі Сьвятланы і Алега — гэта маналёгі стоікаў. Беларуская рэчаіснасьць пачатку ХХІ ст. — калі роднае слова загнанае ў глыбіню душы, час і прастора захопленыя міліцэйскаю формай. Што рабіць? Звыкла й штодзённа рабіць сваю справу. Гэта не пэсымізм, гэта — «загляне сонца і ў наша аконца», назапашваньне сілаў перад рыўком.
∎
АЛЕГ ДАШКЕВІЧ(нар. у 1963 у Менску) — трэнэр па боксе, журналіст, рэжысэр. Аўтар фільмаў «Рыцары мары» (1999), «Простыя гісторыі» (2001).
Каментары