Архіў

Нобэль для абаронцы Мілошавіча

Ваяўнічы пацыфіст, ціхі абсурдыст, антыізраільскі габрэй — новы выбар Нобэлеўскага камітэту. Беларускіх кандыдатаў у сьпісе не было.

Швэдзкі нобэлеўскі камітэт даказаў, што аддае перавагу перадусім яркім творцам, незалежна ад таго, якой яны веры і ідэалёгіі. Сёлета прэмія дасталася апантанаму крытыку Амэрыкі і глябалізму, абаронцу ворагаў Вашынгтону. Усё гэта напярэдадні пасьпяховага рэфэрэндуму аб канстытуцыі Іраку, на якім іракцы масава падтрымалі перамены, што адбыліся ў іхнай краіне. Лішне казаць, што такі выбар выклікаў скрыгат у правых колах. Гэтак, Сяргей Навумчык, намесьнік дырэктара радыё «Свабода», абрынуўся на нобэлеўскіх акадэмікаў, якія абралі чалавека, «імя якога нічога ня кажа». Летась у «НН» С.Навумчык крытыкаваў і выбар Елінэк — папраўдзе, яшчэ менш вядомай цэнтральнаэўрапейскай публіцы.

13 кастрычніка Гаральд Пінтэр прачнуўся самым вядомым пацыфістам сучаснасьці. Гэтаму брытанскаму драматургу 75 гадоў. Гэта ўжо адзінаццаты па ліку творца п’есаў, адзначаны Нобэлеўскай прэміяй, — дзясятым быў італьянец Дар’ё Фо (1997), раней узнагарода знаходзіла Бэкета й Пірандэла. Швэдзкая акадэмія ўзнагародзіла Пінтэра як аўтара, «які ў сваіх творах раскрывае бездань, што тоіцца за штодзённай балбатнёй, і высаджвае дзьверы ў зачыненыя падвальныя пакоі».

Гарацыё Энгдаль, сакратар Акадэміі, зазначыў, што вестка пра ўзнагароду засьпела драматурга зьнянацку: «Ён мала што мог вымавіць і быў папросту шчасьлівы». Ужо пасьля абвяшчэньня вэрдыкту Пітэр выйшаў перад журналістамі на парог свайго дому ў Лёндане. «Я ў разгубленасьці, — сказаў ён. — Я мушу ачомацца, перад тым як паеду ў Стакгольм». У Швэцыі 10 сьнежня ён атрымае ўзнагароду і чэк на 1,28 млн даляраў.

Пісьменьнік шматкроп’я

Пінтэр лічыцца прадстаўніком тэатру абсурду (поруч з Бэкетам і Іянэску), стваральнікам так званай камэдыі пагрозы («comedy of menace»), «што агаляе ілюзорнасьць кантакту паміж людзьмі і драматычную бездапаможнасьць чалавека перад абліччам як сьвету, так і ўласнай падсьвядомасьці».

Дзея Пінтэравых п’есаў часта пачынаецца са звычайнай падзеі, потым атмасфэра гусьцее, а рэчаіснасьць ператвараецца ў прывідны кашмар. Адрывістыя, шматзначныя дыялёгі ўзмацняюць адчуваньне навальніцы і напружанага чаканьня. Пінтэр па-майстэрску дазуе напружаньне, нічым не саступаючы ў гэтым кінэматаграфічным дасягненьням Хічкока. Пінтэр па-майстэрску выкарыстоўвае драматургічныя вартасьці цішыні, дыялёгі ў яго нясьпешныя, а спэцыфічнае пачуцьце гумару (ён піша: «Няма вялікай розьніцы паміж рэальным і нерэальным») спрычынілася да таго, што ў англамоўнай культуры сталася звычаем называць пэўныя сытуацыі «пінтэраўскімі», як у нас у Цэнтральнай Эўропе сытуацыі могуць называць «мрожкаўскімі». Невыпадкова Пінтэравы ўлюбёныя сцэнічныя рэмаркі — слова «паўза» або шматкроп’е (зрэшты, ён і сам займаецца тэатральнай рэжысурай).

У 1958 г. Пінтэр напісаў: «Усё, што трэба зрабіць з мастацтвам, ёсьць у мастацтве». Пра сваіх пэрсанажаў, што звычайна таўкуцца ў цеснаце аднаго пакою, ён гаворыць: «Менавіта ў цеснаце яны для мяне як на далоні».

Крытык клікі Буша

Гаральд Пінтэр нарадзіўся 10 кастрычніка 1930 г. у сям’і краўца-габрэя ў бедным лёнданскім раёне. У 1948 г. паступіў у Каралеўскую акадэмію драматычнага мастацтва, далучыўся да тэатральнай трупы «Энью Макмастэр», зь якой выступаў у 1954—1957 г. пад сцэнічным псэўданімам Дэйвід Бэйран. Першыя вершы апублікаваў у 1950 г., хоць сапраўдным дэбютам сам лічыць публікацыю ў 1957 г. аднаактоўкі «Пакой».

Сярод іншых раньніх Пінтэравых твораў — «Дзень нараджэньня», «Падстаўка для закусак», «Вяртаньне дадому». Славу прынесла п’еса «Вартаўнік», пастаўленая ў 1960 г. Да пазьнейшых п’ес належаць «Пэйзаж» (1967), «Цішыня» (1968), «Чарка аглаблёвая» (1984), «Горная мова» (1988).

«Ягоныя творы маюць прыхаваны палітычны зьмест, — мяркуе Рафаэла Рароль, крытык з газэты «Монд». На ейную думку, выбар ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі робіцца «ўсё больш радыкальным». У якасьці прыкладу называецца Дар’ё Фо, а таксама аўстрыйка Эльфрыда Елінэк (2004).

Пінтэр ня толькі пісьменьнік, але й грамадзкі дзеяч. У 1949 г. ён адмовіўся ад вайсковай службы з пацыфісцкіх перакананьняў, у 1980-я крытыкаваў урады Маргарэт Тэтчэр і Рональда Рэйгана, а ў 1996 г. адхіліў ганаровы дваранскі тытул, нададзены прэм’ерам Джонам Мэйджэрам.

Пінтэра ня любяць СМІ, ён трымаецца далёка ад істэблішмэнту.

І ў апошнія гады Пінтэр часьцей бывае на мітынгах, чым на сцэне. Ён заявіў на пасяджэньні брытанскага парлямэнту: «Буш і ягоная кліка хочуць кантраляваць увесь сьвет і яго прыродныя багацьці. І ім начхаць, колькі яны заб’юць людзей, каб дасягнуць гэтай мэты». Атаку на Ірак Пінтэр назваў «законна санкцыянаваным тэрарызмам» і «нагодай для сораму кожнаму брытанцу». Тоні Блэр у вачах нобэлеўскага ляўрэата — паскуда, а Буш — адпеты злачынец. «Тэрарызаваньне іншых — шматгадовая амэрыканская традыцыя», — сказаў Пінтэр у кастрычніку 2002 г. у Палаце грамадаў. У 2003 г. ён напісаў іранічны верш «Божа, захавай Амэрыку» ды п’есу «Новы сусьветны парадак» — 10-хвілінны сатырычны адказ на вайну ў Пэрсыдзкай затоцы.

Палічыўшы ўмяшаньне NATO ў канфлікт у Косаве процізаконным, ініцыяваны суд над Слабаданам Мілошавічам Пінтэр назваў цалкам прадузятым і неаб’ектыўным. У 2001 г. ён уключыўся ў дзейнасьць Міжнароднага камітэту па абароне Мілошавіча. У лютым Пінтэр пагражаў, што парве з кар’ерай драматурга і зоймецца выключна палітыкай: «Я напісаў 29 п’ес. Хіба гэтага ня досыць?» Тым ня менш, ён падрыхтаваў для радыё пастаноўку «Галасы», якой BBC адзначыла яго 75-гадовы юбілей.

Муж Віўен Мэрчэнт

Пінтэр усебакова сьцьвердзіў сябе ў кіно. Ён пісаў як арыгінальныя сцэнары — напрыклад, да фільмаў Джозэфа Лоўзі «Слуга» (1963) і «Здарэньне» (1967), так і адаптацыі чужых твораў — сцэнары да стужак «Пасланец» (1970) паводле Лесьлі Хартлі, «Жанчыны францускага лейтэнанта» (1981) паводле Дж.Фаўлза і «Працэс» (1992) паводле Ф.Кафкі. У 1977 г. выйшаў яго так і не ўвасоблены на экране, але знакаміты сцэнар паводле «Ў пошуках страчанага часу» Марсэля Пруста, напісаны для Лоўзі.

Пінтэр 22 разы выконваў эпізадычныя ролі ў фільмах, сярод апошніх стужак — «Парк Мэнсьфілд» (1999) і «Кравец з Панамы» (2001).

У 1956—1980 г. Пінтэр быў жанаты з актрысай Віўен Мэрчэнт, якая грала ў многіх ягоных п’есах. Ад першага шлюбу мае сына Дэніэла — літаратара і музыку.

На пачатку 1960-х ён фліртаваў з журналісткай Джаан Бэйквэл. Пра гэты трохвугольнік ён расказаў у сцэнары да фільму «Здрада» (1983). У 1980 г. ён ажаніўся зь пісьменьніцай Антоніяй Фрэйзэр, аўтаркай біяграфічнай літаратуры, у тым ліку жыцьцяпісаў Кромвэла і шматлікіх жонак Гэнрыха VIII.

Хобі ў пісьменьніка чыста ангельскае — крыкет.

Трапна, але позна

Нобэлеўская прэмія для Гаральда Пінтэра ня першая. У 1967 г. ён атрымаў брадвэйскую ўзнагароду «Тоні» (1967) за «Вяртаньне дадому», узнагароду Лоўрэнса Олівэра (1996), а таксама прэміі імя Пірандэла і Мальера.

Прысуджэньне ўзнагароды Пінтэру спадабалася леташняй ляўрэатцы Эльфрыдзе Елінэк: «Зноў пісьменьнік зь левага флянгу, і пісьменьнік выдатны». Брытанцы таксама ў захапленьні. «Мне ў галаву не прыходзіць ніхто больш варты гэтай узнагароды», — заявіў драматург Алан Аўкборн.

Прыхільна паставіўся да вэрдыкту швэдзкай акадэміі польскі крытык Марцэль Райх-Раніцкі: «Добрае, слушнае рашэньне», — хоць, на яго думку, узнагарода прыйшла да 75-гадовага пісьменьніка «трохі пазнавата».

Беларускі тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі захапляецца выбарам Акадэміі. «П’есы Г.Пінтэра надзвычай тэатральныя, яны далі штуршок для разьвіцьця эўрапейскага тэатру», — сказаў ён на хвалях радыё «Свабода». Цешыцца й самы прызнаны зь беларускіх драматургаў Аляксей Дудараў: «Драматургія — гэта самы складаны жанр, і драматургаў ня так багата. А драматургаў такога кшталту, як сёлетні Нобэлеўскі ляўрэат, яшчэ менш».

«Узнагарода для Пінтэра, даўно прызнанага клясыка тэатральнага авангардызму, зьяўляецца трохі запозьненай», — заявіў польскі драматург і празаік Томаш Любеньскі. Ён спадзяваўся на прысуджэньне прэміі больш актуальным на сёньняшні час пісьменьнікам — Амосу Озу, Варгасу Льёсу ці нашаму земляку, польскаму пісьменьніку родам зь Пінску, Рышарду Капусьціньскаму. «Пінтаравы п’есы ўжо не карыстаюцца такой папулярнасьцю і ня ставяцца так часта, як у 1960-я ці 1970-я гады», — кажа Любеньскі, але адразу падкрэсьлівае: «Пінтэр заслужыў Нобэля, бо ён «клясык сучаснасьці, майстар філіграннага дыялёгу і стварэньня напружаньня».

Ніхто зь беларусаў у шорт-лісты швэдзкіх крытыкаў ня трапіў. Чакалася, што прэмія можа дастацца сырыйска-ліванскаму паэту Адонісу або канадзкай пісьменьніцы Маргарэт Этвуд. Нашы суседзі літоўцы й латышы прапануюць на «Нобэля» сваіх паэтаў Сігітаса Гяду й Візму Бэлшавіцу, самыя вядомыя польскія кандыдатуры — рэпартажыст Капусьцінскі і фантаст Станіслаў Лем.

Беларускі ПЭН-цэнтар у верасьні падтрымаў ініцыятыву грамадзкасьці пра вылучэньне на «Нобэля» Народнага паэта Беларусі, усенародна шанаванага Рыгора Барадуліна. Бяда беларусаў у тым, што ў сьвеце амаль няма перакладчыкаў зь беларускай, і ніхто ня дбае пра іхную падрыхтоўку — справу, якая вымагае мільённых капіталаўкладаньняў. Дый папулярызацыя літаратуры стала ў нас справай энтузіязму. У адрозьненьне ад той самай Літвы, дзе праводзяцца маштабныя фэстывалі паэзіі, а літаратурныя выданьні ня душыць ніякая палітычная цэнзура. Таму нашы прэміі яшчэ наперадзе — іх здабудуць вольныя творцы, якіх будзе ўзгадоўваць вольная і сапраўды беларуская дзяржава.

Інфармацыю ў Інтэрнэце пра сёлетняга ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Гаральда Пінтэра — драматурга, паэта, актора, рэжысэра, грамадзкага дзеяча — можна знайсьці на многіх сайтах.

Афіцыйны сайт Гаральда Пінтэра — www.haroldpinter.org.

Біяграфія Гаральда Пінтэра, расказы яго біёграфа Майкла Білінгтана — www.bbc.co.uk.

Разгорнутая біяграфічная нататка на сайце, прысьвечаным Нобэлеўскай прэміі — http://nobelprize.org.

Фільмаграфія Гаральда Пінтэра — www.imdb.com.

Пінтэр у «Вікіпэдыі» — http://en.wikipedia.org.

На гэтай старонцы можна таксама пазнаёміцца зь літаратурнай крытыкай твораў Пінтэра: http://www.contemporarywriters.com.

Каментары

Цяпер чытаюць

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Усе навіны →
Усе навіны

Байдэн судзіцца з адміністрацыяй Трампа праз уласныя мемуары1

Знойдзены манускрыпт чарнакніжніка з Радашковіч, які лічылі страчаным7

Іран заявіў аб удары па амерыканскай авіябазе. ЗША нанеслі новыя ўдары па Іране7

Японія ў палоне маштабнай алергіі. У гэтым вінаваты праект 1950‑х гадоў2

«Арменія — гэта ўжо не абрабаваная вамі і вашымі партнёрамі краіна». Пашынян рашуча адказаў Лукашэнку18

У праваслаўнай парафіі на поўдні Польшчы царкоўная ўрачыстасць ператварылася ва ўслаўленне Расіі. З пратэстам выступілі лемкі33

Драма ў жывым эфіры: чорны бусел прагнаў ад гнязда арлана-белахвоста ВІДЭА

У Мінску пачалі будаваць першы аб'ект трэцяй кальцавой дарогі

На гродзенскіх пляжах з'явілася незвычайная тэхніка. Яна будзе працаваць усё лета2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць