Гісторыя1010

Біскуп Ян — беларускі Рышэльё

У лютым мінае 475 гадоў ад часу смерці сына караля, мецэната Скарыны, лабіста першага святога Вялікага Княства Літоўскага, рэфарматара і інтэлектуала.

«Ян з князёў літоўскіх» — пад такім імем ён застаўся ў гісторыі. Плён працы гэтага сына сваёй эпохі, які пражыў усяго каля сарака гадоў, недаацэнены нашчадкамі. Каб не біскуп Ян, невядома, ці мелі б беларусы Скарынаў «Апостал», а Вільня — Казюка.

Ян нарадзіўся ў Кракаве 8 студзеня 1499 года. Яго маці была мараўская арыстакратка, Кацярына Охстат з Цельніцаў. А бацькам — і ні для каго гэта не было сакрэтам — Жыгімонт, сын караля і вялікага князя Казіміра. Той Жыгімонт, як сам стане каралём і вялікім князем ды атрымае мянушку Стары. Яго сувязь з Кацярынай была працяглай — апроч Яна, будучы кароль прыжыў з ёй дзвюх дачок. Пляткарылі, што і трэцяя дачка, якая нарадзілася скора па смерці законнага мужа, таксама была ад караля.

Ян нарадзіўся, калі бацьку было за трыццаць. Законных спадкаемцаў Жыгімонт яшчэ не меў.
Таму Ян ніколі не заставаўся без бацькавай апекі. Па просьбе Жыгімонта Папа Леў Х прызначыў Яна, 20-гадовага студэнта Балонскага ўніверсітэта, кіраваць віленскім біскупствам. (Праўда, усю паўнату ўлады ён атрымаў толькі праз сем гадоў, прыняўшы святарскае пасвячэнне.)

Ян быў адным з рухавікоў кананізацыі каралевіча Казіміра, які памёр у маладым веку. У гэтай справе сышліся інтарэсы дынастыі і краіны.
Ягелоны хацелі мець у родзе святога — гэта падвышала прэстыж. Мець уласнага святога апекуна Вялікаму Княству было неабходна з палітычных меркаванняў, каб процістаяць польскім уплывам.

Папа Леў Х абвясціў Казіміра святым у 1521 г. Вільня гучна святкавала гэта.

У той самы год з Прагі ў сталіцу ВКЛ пераязджае Францішак Скарына. Ці запрашаў яго Ян, ці пасля звярнуў увагу на інтэлектуала з еўрапейскай адукацыяй — невядома.
Але ў хуткім часе з дапамогай Яна Скарына заснаваў у Вільні друкарню, у якой выйшлі першыя на тэрыторыі Усходняй Еўропы друкаваныя кнігі — «Малая падарожная кніжыца» (1522) і «Апостал» (1525).

Захавалася апісанне выгляду Яна, пакінутае сучаснікамі.
Біскуп быў падобны да бацькі, гэткі ж высокі, асілак на выгляд. Бровы і бараду меў густыя і чорныя. Гэтае апісанне трохі не супадае з пасмяротнай выявай XVII стагоддзя.

Пасталеўшы, біскуп Ян стаў фактычным намеснікам бацькі ў Вялікім Княстве. Прадстаўнік сярэднявечнай палітычнай эліты,

Ян мысліў інтарэсамі дынастыі, да якой належаў. Буйным магнатам, асабліва Гаштольдам і Радзівілам, якія прывыклі, што кароль займаецца польскімі справамі, а яны — сваімі, гэта не падабалася.
Дзеля таго каб захаваць за Ягелонамі Вялікае Княства, Ян змусіў літоўскую арыстакратыю прысягнуць маладому Жыгімонту Аўгусту (свайму малодшаму зводнаму брату).
Дзеля прэстыжу дынастыі нават хацелі рэалізаваць мару Вітаўта Вялікага — зрабіць Літву каралеўствам.
Біскуп Ян разам з Юрыем Радзівілам, Геркулесам Літоўскім, спрабавалі дабіцца на гэта згоды на варшаўскім сойме 1526 г., аднак польскія паны заблакавалі рашэнне.

На Яну ляжалі і дыпламатычныя абавязкі — ён меў адносіны з прускім герцагам Альбрэхтам Гагенцолернам (у 1530 Скарына ездзіў да яго з місіяй ад біскупа),
Фердынандам Габсбургам, малдаўскім гаспадаром… Ян рабіў спробы ўмацаваць паўднёвыя межы ВКЛ ад татараў, паспяхова гаспадарыў у сваіх маёнтках, быў стваральнікам І Статута ВКЛ 1529 года.

Але атмасфера магнацкае варожасці, у якой даводзілася жыць Яну, вымотвала яго.
У 1536 г. ён папрасіў у караля пераводу і быў прызначаны біскупам у Познань.
Страціўшы апекуна, з’язджае з Вільні і Скарына.
У дарозе Ян захварэў, у яго пачылася ліхаманка, і 18 лютага 1538 года сканаў. Выконваючы перадсмяротную волю, біскупа Яна пахавалі ў Вільні, у Катэдры.

З гэтай кароткай нататкі бачны маштаб асобы біскупа Яна і ўплыў, які ён зрабіў на гісторыю нашага краю. Яго жыццё і дзейнасць вартыя і гістарычнай манаграфіі, і захапляльнага прыгодніцкага рамана.

Біяграфія вялікалітоўскага Рышэльё яшчэ чакае свайго Дзюма.

Каментары10

Цяпер чытаюць

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай7

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай

Усе навіны →
Усе навіны

Праз сітуацыю на Блізкім Усходзе Егіпет уводзіць надзвычайныя меры па эканоміі паліва і электраэнергіі

Мінскі гатэль гатовы плаціць супрацоўніку да 19 тысяч рублёў у месяц3

На экстранны збор на дапамогу вызваленым палітвязням сабрана 90 тысяч еўра7

«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць34

Анансаваныя перамовы паміж ЗША і Іранам у найбліжэйшыя дні

У Мінску 16‑гадовая дзяўчына на самакаце трапіла пад колы тралейбуса2

У Жыткавічах маладыя згулялі вяселле дома3

Бабарыка заявіў, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду9

АНТ запускае інтэлектуальнае шоу — гэта калька сусветнага хіта6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай7

Расійскі прадавец паспяховага поспеху паспрабаваў адкрыць філіял у Мінску. Рэакцыя беларусаў была паказальнай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць