Гісторыя22

«Трымайцеся, хлопцы!»

7 сакавіка Міхасю Чарняўскаму споўнілася б 75. Пра гісторыка, дзеяча нацыянальнага руху ўспамінае Анатоль Сідарэвіч.

У кнігу ўспамінаў «Асноўны тэкст і зноскі».

Гэтыя ўспаміны я павінен быў бы пачаць з Ракуцёўшчыны. І Ракуцёўшчына яшчэ будзе згаданая. А пачну я з іншага.

Пачну з таго, што за трыццаць гадоў асабістага знаёмства я аніразу не пасварыўся з Міхасём Чарняўскім.
Затое сварыўся на яго.

Было гэта ўжо пасля ягонага сямідзесяцігоддзя, калі пачаліся паважныя праблемы з яго здароўем. «Перастаньце вы ездзіць на тыя тарфянікі, на той Нёман. Няхай маладыя ездзяць. Што, у вас іншага занятку няма?» Прыблізна гэтак казаў я яму, а Міхась Міхайлавіч аджартоўвася.

Наогул, у яго была звычка такая: аджартоўвацца.
Пэўна, звычка гэтая была ад прыроды. Калі я, прыкладам, мог з нейкае прычыны выбухнуць, закаціць гнеўную тыраду, ён з тае ж прычыны мог заставацца вонкава спакойным і нават усміхацца.
Бачачы хворую амбіцыйнасць нейкага чалавека, ягонае глупства, круцельства (а такіх людзей нямала прыходзіла ў Грамаду і з яе выходзіла), Міхась Міхайлавіч пасміхаўся. Ён умеў хутка знаходзіць у чалавеку камічнае, вартае кепікаў і з’едлівай усмешкі.

Калі пад канец мінулага года хвароба зноў скруціла яго, я ўжо не сварыўся на Міхася Міхайлавіча, а ён не аджартоўваўся.

У адной з апошніх размоў ён — мусіць, у думках вярнуўшыся да тае нашае размовы, — пераконваў мяне: «Нават калі б я не ездзіў на раскопкі, сядзеў і ляжаў дома, было б тое самае».
Я не стаў з ім дыспутаваць: адчуваў, што сітуацыя аж надта паважная.

Як відаць, што Міхась Міхайлавіч верыў у прадвызначэнне, у тое, што прадвызначанага не пазбегчы.
Ведама, прычына нашай смерці (у гэта веру і я) запраграмавана ці не з моманту нашага зачацця. Чалавек сваімі паводзінамі, рэжымам, дыетай можа толькі адтэрмінаваць ці паскорыць момант сыходу ў іншы свет. Але ці заўсёды чалавек ведае або прадчувае, ад чаго канкрэтна ён памрэ? Тут шырокае поле для развагаў, для дыскусіяў з абавязковым экскурсам у багаслоўе, а я заўсёды стараюся пазбягаць дыспутаў на багаслоўскія тэмы, бо пераканаўся ў слушнасці Кантавай высновы: рацыянальнае багаслоўе немагчымае. Акром таго, я бачу, што хрысціянства цягам, бадай, усёй сваёй гісторыі шукае залатую сярэдзіну паміж аўгусцінізмам, які давёў да крайнасці Кальвін, і пелагіянствам — паміж вучэннем аб прадвызначэнні і вучэннем аб свабоднай волі чалавека. І на практыцы не заўсёды можна знайсці тую сярэдзіну.

Прадвызначэнне, свабодная воля… Надта складаныя гэта праблемы. Тут на простыя пытанні не заўсёды знойдзеш адказ.

Пайшоў ад нас Міхась Міхайлавіч — і я ўжо не даведаюся, калі і чаму яму прыйшла ідэя аб адраджэнні сацыял-дэмакратыі ў Беларусі.

Што тая ідэя была выказана мне на ганку палаца літоўскіх прафсаюзаў на Турынай гары ў Вільні — пра тое я ўжо даўно напісаў. І нават дату зафіксаваў: 24 чэрвеня 1989 года. Але

чаму тая ідэя была выказана менавіта мне і менавіта падчас устаноўчага з‘езду Беларускага народнага фронту — пра тое я ў Міхася Міхайлавіча не спытаўся.
І пра тое шкадую.

[…]

Будучым гісторыкам БСДП патлумачу: калі вы будзеце чытаць у партыйных дакументах, што БСДП была «прапісана» на вуліцы Васняцова, ведайце, што гэта кватэра Міхася Міхайлавіча і Святланы Сяргееўны Чарняўскіх.

Да свайго першага візіту на кватэру Чарняўскіх я ўжо бачыў кватэры іншых савецкіх навукоўцаў брэжнеўскай пары, але, першы раз завітаўшы да Чарняўскіх, не мог не ўстрымацца, каб у думках зноў не абмацюкаць бальшавікоў. Дзе тут, у гэтай двухпакаёўцы (а паводле еўрапейскіх стандартаў — аднапакаёўцы) было размінуцца бацькам, дарослай дачцэ і даросламу сыну?
Асабліва, калі ўзяць пад увагу, што добрую частку жыццёвай прасторы занялі кніжныя паліцы.
Самае цікавае, што я аніколі не чуў ні ад Міхася Міхайлавіча, ні ад Святланы Сяргееўны нараканняў на жыллёвыя ўмовы.
Жыллёвае пытанне, паводле маіх назіранняў, іх не сапсавала(1). Як я здагадваюся, гэтая пара вырашыла не мяняць месца жыхарства. Іншая справа — дзеці, Алеся і Максім. У будучыню, у дзяцей, унукаў Чарняўскія ўклалі нямала высілкаў. І мелі кім любавацца і ганарыцца.

Аніяк не магу згадаць, калі першы раз я ўбачыў Алесю Міхайлаўну Чарняўскую. Менавіта Алесю Міхайлаўну, бо памятаю яе ўжо дарослаю дзяўчынаю. Я і дасюль з ёю на «вы». А Максіма першы раз я ўбачыў на плошчы Перамогі. Сарамлівы падлетак, які ростам яшчэ не дагнаў бацьку. Тады я не ведаў яшчэ, што Міхась Міхайлавіч ужо заразіў сына сваёю хваробаю — археолагаманіяй. Другі раз я ўбачыў Максіма ў 1991-м — калі адчыніўся Гуманітарны ліцэй. Хлопец прыйшоў да нас на трэці курс (адпаведнік 10-га класа). Як помніцца, ростам ён тады ўжо дагнаў свайго татулю.

Гэта была цікавая група. Але пра Ліцэй і ліцэістаў я, мажліва, яшчэ напішу(2), тут жа, забягаючы наперад, адцемлю адзін факт. З тае групы, у якой вучыўся Максім Чарняўскі, выйшлі два свяшчэннаслужыцелі: грэка-каталіцкі протапрэсвітэр айцец Яўген Усошын і, як казаў мне Максім, пяцідзясятніцкі пастар Аляксей Герасімовіч. Быў бы яшчэ і рыма-каталіцкі святар, ды наш паганскі бог Уд (ці то Ярыла?) не пусціў таго выпускніка ліцэя ў семінарыю.

Так сталася, што айцец Яўген Усошын (ён разам з Максімам вучыўся і на гістарычным факультэце БДУ) прыняў апошнюю споведзь Міхася Міхайлавіча і правёў яго да месца вечнага спачыну ў Круцях.

Бацька і сын сталі калегамі. Памятаю, як я першы раз убачыў іх — Міхася Міхайлавіча і Максіма — у другім ад уваходу пакоі аддзела археалогіі каменнага і бронзавага вякоў Інстытута гісторыі. У той аддзел я прыходзіў незлічоную колькасць разоў — пераважна дзеля таго, каб абмеркаваць з Міхасём Міхайлавічам партыйныя справы. І вось ужо сын ягоны стаў ягоным калегам і працуе з бацькам у адным калектыве… Праўда,

археолаг Алена Генадзеўна Калечыц, якая тады працавала ў адным аддзеле і ў адным пакоі з Чарняўскімі, заклікала Максіма не браць прыклад з бацькі.
Нават на Максімавым вяселлі прамовіла гэты заклік(3).

У

свой час Алена Генадзеўна насядала, каб Міхась Міхайлавіч нарэшце засеў і зрабіў доктарскую дысертацыю, бо матэрыялу на дактарат было ў яго з коптурам, але Чарняўскі-старэйшы так і не прыкіпеў да крэсла.
Мабыць, махнуўшы рукой на Чарняўскага-старэйшага, Алена Генадзеўна ўсклала надзеі на Чарняўскага-малодшага. Праўду сказаўшы, і я хачу, каб Максім стаў доктарам, хоць вельмі добра разумею, што ступень не заўсёды вызначае аўтарытэт навукоўца.

Хацела каб Міхась Міхайлавіч абараніў доктарскую і Святлана Сяргееўна. Апавядала яна пра адну размову.

Ты, казала яна мужу, калі б засяродзіўся на адной археалогіі, стаў бы самым знакамітым вучоным у сваёй галіне. Калі б я займаўся адной археалогіяй, то павесіўся б, — пачула Святлана Сяргееўна ў адказ.

Ці не таму жонка з гумарам ставілася да абяцанняў свайго мужа, што ён, скончыўшы артыкул, кнігу, брашуру, пачне працаваць строга паводле графіка, захоўваючы рэжым працы і адпачынку. Аўралы і захапленні рознымі тэмамі ў яго не праходзілі. І я ўжо быў прывык, што на пачатку кожнага года Міхась Міхайлавіч кажа мне пра запарку, пра тое, што яму тэрмінова трэба пісаць і здаваць справаздачу за мінулы год. Я зразумеў, што

Міхась Міхайлавіч — чалавек натхнення: яму было вельмі цяжка сесці за рабочы стол, калі тэма яго не захапіла; затое, калі натхненне прыходзіла, ён мог працаваць, бадай, суткамі.
Хутка асвоіў кампутар і ўжо не мог без яго.
Казалі мне, што Максім дзеля таго, каб бацька не перапрацоўваўся, каб не «селі» ягоныя вочы (і такая небяспека была), запраграмаваў кампутар гэтак, што ён праз пэўны час адключаўся…

Ёсць у мяне падазрэнне, што тэхнічную кансультацыю Максіму даваў ягоны сябар Уладзіслаў Шаранговіч.

Уладзіслаў — сын Васіля Пятровіча і Галіны Андрэеўны Шаранговічаў. Бацьку асабліва рэкамендаваць не трэба (народны мастак Беларусі, прафесар). І пра Галіну Андрэеўну скажу коратка: на яе любаваўся не адзін пісьменнік, бо яна працяглы час была рэдактаркай і загадчыцай рэдакцыі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». А яшчэ ва Уладзіслава ёсць сястра-мастацтвазнаўца. Сам жа ён — інжынер-электроншчык. Памятаю, як я любаваўся ягонаю працаю на кампутары. Ён настройваў мне яго, ягоныя пальцы маланкава хадзілі па клавіятуры, вочы хутка чыталі інфармацыю на маніторы… «Ас», — падумаў я. І не памыліўся. Цяпер гэты ас працуе ў Штатах, у Сіліконавай даліне.

Сяброўства Максіма і Уладзіслава — гэта сяброўства трэцяга пакалення Чарняўскіх і Шаранговічаў. Сябравалі бацькі Міхася Міхайлавіча і Васіля Пятровіча, сябравалі яны, гісторык і мастак.
Новы год Чарняўскія і Шаранговічы сустракалі разам.
Калі пасля пагрому «Акадэмічнага асяродка» (1973–1974) Міхась Міхайлавіч застаўся без працы, Васіль Пятровіч прыйшоў на яму дапамогу. Археолаг атрымаў працу ляўкасніка ў мастацкіх майстэрнях(4).

На дапамогу Міхасю Міхайлавічу прыйшоў яшчэ адзін зямляк — Максім Танк.

Пра тое, як ён хадзіў да паэта, як паэт хадайнічаў за яго перад сакратаром ЦК КПБ Аляксандрам Кузьміным, як «хітраван стары Кузьмін» паабяцаў пасля таго, як аціхнуць жарсці, вярнуць археолага Чарняўскага на працу ў Інстытут гісторыі, — пра ўсё тое Міхась Міхайлавіч напісаў у сваіх успамінах «Пра Максіма Танка і Ларысу Геніюш».

Успаміны з’явіліся ў газеце «Новы Час» у лістападзе 2012 года. Міхась Міхайлавіч пачаў агойтвацца пасля складанай і працяглай другой аперацыі (першая была ў лютым 2009 года). Доктар Чарняўская выказвала надзею, што яе муж паправіцца (рэабілітуецца), спыніць свае экспедыцыі і будзе працаваць за сталом дома і ў БДУ. Піша ўспаміны, сказала мне Святлана Сяргееўна. Але была і няпэўнасць: медыкі ўзялі на аналіз тканку, і належала высветліць, ці няма ў Міхася Міхайлавіча анкалогіі. І ўсё-такі надзея на папраўку пераважала.

Шкада, не магу цяпер удакладніць, якога чысла Міхась Міхайлавіч даслаў мне па электроннай пошце «Згадкі пра Міхася Недасеку» — пра тое, як яны, маладыя Міхась Чарняўскі ды Міхась Ткачоў, працавалі на раскопках у Бранскай вобласці.
Была радасць за аўтара. Тыя ўспаміны я адразу ж пераслаў Аляксандру Фядуту — у пяты выпуск біяграфічнага альманаха «Асоба і час». Аляксандр Іосіфавіч з задавальненнем прыняў гэты тэкст. Захавалася пазнейшая перапіска. 27 снежня Фядута пісаў вярстальшчыку альманаха: «Цяжка з Чарняўскім: ён пасля аперацыі. Прадублюйце яго вёрстку Сідарэвічу». А вярстальшчык, Вадзім Нога, яму адказаў: «… атрымаў праўкі да артыкула Міхася Чарняўскага „Згадкі пра Міхася Недасеку“. Ці трэба іх цяпер дубляваць?».

Думалася: вось і добранька, Міхась Міхайлавіч у працоўнай форме, дасць Бог — усё наладзіцца. Чарняўскаму ёсць пра што і пра каго пісаць, а пісаць ён умее.
І вусна апавядаць — таксама. Публікацыі, што з’явіліся ў 2011 годзе(5) і пасля яго сыходу(6), добра сведчаць пра гэта і паказваюць тыя тэмы, на якія ён збіраўся і мог напісаць успаміны. Ды ўсё ж згадкі пра Міхася Ткачова былі апошнім тэкстам, які Міхась Міхайлавіч даслаў сваім сябрам-рэдактарам. Ужо да яго саракавінаў Максім знайшоў сюжэт з бацькавых згадак пра ваеннае маленства. Гэты тэкст — «Пабяжым, дзеткі, каб нас забілі» — апублікаваў 22 лютага «Новы Час».
На жаль, у яго было вобмаль часу, каб рэалізаваць задумы.

Настроіўшыся на добры лад, я нейк забыў, што хваробы, як правіла, падступныя. А я ж зусім нядаўна — на самым пачатку снежня — ездзіў у сваё Задуб’е на пахаванне сваяка. Яшчэ ў чэрвені, калі я быў у вёсцы, анішто не паказвала на блізкі сыход дзядзькі Валодзі. Як гром з яснага неба прагучала вестка, што яго паклалі ў Брэсцкую абласную бальніцу на аперацыю. Потым прыйшлі добрыя весткі: дзядзька папраўляецца, добра выглядае. Адале, ужо ў лістападзе, мусілі зноў везці дзядзьку ў больніцу — у Ганцавічы… Вось і ў Міхася Міхайлавіча было гэтак: амаль на два месяцы хвароба як быццам выпусціла яго са сваіх учэпістых абдымкаў. І ўжо калі з’явілася надзея на лепшае, калі чалавек вярнуўся ў рабочы стан, сама пачаў пісаць задуманае, яна зноў паклала яго.

15 студзеня Святлана Сяргееўна сказала мне, што Міхась Міхайлавіч наўрад ці дажыве да канца тыдня.
Такое было заключэнне спецыялістаў. Я вырашыў на наступны дзень паехаць у пятую гарадскую больніцу, каб развітацца з Міхасём Міхайлавічам. Але спазніўся. 16 студзеня ў 9 гадзін 55 хвілін Святлана Сяргееўна патэлефанавала з палаты, дзе знаходзіўся ён, і сказала, што прыязджаць не трэба. Святлана Сяргееўна толькі што дапамагла свайму мужу сесці і дала яму ў руку тэлефон.

— Вось такое жыццё, — пачуў я кволы голас Міхася Чарняўскага. — Дрэнна сябе адчуваю.

Я нешта казаў. Дакладна памятаю, што казаў і пра маю нязменную сімпатыю да яго як да чалавека і таварыша. І былі словы ў адказ.

Не ўсё я пачуў, але ўлавіў словы «…для Бацькаўшчыны». І развітальнае: «Трымайцеся, хлопцы!».

У той дзень я згадаў Ракуцёўшыну. У якім годзе тое было? Хто падкажа? Здаецца, у 1982-м.

Ці не ўпершыню у Ракуцёўшыне ладзілася свята ў гонар Максіма Багдановіча. Народу з’ехалася — дай бог.
На зялёнай маладой траве была разасланая вялікая настольніца, з сумак, торбаў і бавулаў людзі дасталі тое, што прывезлі з сабой.
Калі налілі ў шкляначкі і шклянкі, адзін мужчына сказаў тост:

— Армяне, дзе б яны не сустрэліся, першую чарку п’юць за маці Арменію. Вып’ем за Беларусь!

— За Беларусь! — адгукнуліся мы на гэты заклік.

Тост прамаўляў Міхась Чарняўскі.
Там, у Ракуцёўшчыне, якая памятае і Максіма, і братоў Луцкевічаў, адбылося маё асабістае знаёмства з ім.

5–7 сакавіка 2013 г., друкуецца з скарачэннямі

--------

1 — Лекара-педыятра Святлану Чарняўскую жыхары Заводскага раёна (ужо за Лукашэнкам, але тады яшчэ лічылі галасы) абралі дэпутатам Мінскага гарадскога савета. Тады ў гарадскім «парламенце» засядалі чатыры сацыял-дэмакраты: сама Святлана Сяргееўна, Георгі Таразевіч, Алег Волчак ды Ігар Радзюкевіч (пазней выйшаў з партыі). Да іх была далучылася адна бепартыйная дырэктарка школы. Магла б Святлана Сяргееўна дзеля паляпшэння жыллёвых умоваў пахадзіць па ўладных кабінетах, але і не падумала таго рабіць.

2 — Што-колечы ўжо напісаў на пачатку 2011 г., калі «праславілася» выпускніца 1995 года, суддзя Вольга Комар (да замуства Канойка).

3 — Апавядала Святлана Сяргееўна. Першы раз убачыўшы Алесю ў нейкай кампаніі, яна падумала: вось каб гэтая дзяўчына стала маёй нявесткай. І так сталася, што Алеся выйшла замуж за Максіма. Цяпер у клане Чарняўскіх дзве Алесі — дачка і нявестка.

4 — Старшыня Заводскай арганізацыі БСДП Мікола Лавіцкі казаў мне, што пэўны час кандыдат гістарычных навук Чарняўскі працаваў на Мінскім аўтамабільным заводзе. Пераказваў пачутае ад Міхася Міхайлавіча: як яго супакойвалі ў аддзеле кадраў завода, што, маўляў, усё будзе добра, трэба толькі пачакаць, пацярпець.

Мусіць, Мікола няўважліва слухаў Міхася Міхайлавіча.

Звальняючы Чарняўскага з працы, партыйныя бонзы, мусіць, успомніўшы практыку 1920-х і 1930-х гадоў, а мо і прыгледзеўшыся да мааісцкай практыкі ў Кітаі, парэкамендавалі яму прайсці перавыхаванне ў рабочым калектыве.
Маўляў, папрацуйце на заводзе-фабрыцы, прынясіце станоўчую характарыстку — мо і адновім вас на працы ў Інстытуце гісторыі. І Міхась Міхайлавіч прайшоў аддзелы кадраў трактарнага, шарыкападшыпнікавага, аўтамабільнага заводаў.
Усюды яго прывячалі, усюды казалі, што работнікі патрэбныя, але калі бралі ў рукі ягоную працоўную кніжку і чыталі запісы ў ёй, дык разводзілі рукамі: куды ж, на якую працу мы вас, кандыдата навук, накіруем?
Ці вы хочаце, каб з нас смяяліся?

Цяжка сказаць, што тут спрацоўвала насамрэч: каманда зверху, каб Чарняўскага не бралі на працу ці шчырае нежаданне кадравікоў сарамаціцца.
А што ў аддзеле кадраў МАЗа Міхася Міхайлавіча супакойвалі (усё будзе добра, трэба толькі пачакаць, пацярпець), такое — цалкам імаверна — магло быць.

5 — Гл.: Міхась Чарняўскі: «…У Зянона таксама пацяклі з вачэй слёзы»

6 — Нас было нямнога. Успаміны Міхася Чарняўскага, якія ніколі не публікаваліся / Запісалі Паўліна Купрысь, Рыгор Шкурынаў; Шапран С. Міхась Чарняўскі: «Нібыта мы зніклі з белага свету…» // Новы Час. 2013. 25 студзеня, 1 лютага.

Каментары2

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →