Улада5757

Малады салдат трапіў пад следства за супраціў «дзядам»

Акім Бенеш набіў фінгал крыўдзіцелю. Бацька распавядае пра прычыны сыновага бунту: начныя пад’ёмы, адцісканні, «кандагарскія масты», збіццё.

У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся Алег Бенеш ― бацька салдата, які праходзіць тэрміновую службу. Сын Акім набіў сіняк іншаму саcлужбоўцу. Распачалі крымінальную справу. Перад гэтым Акім меў шматлікія канфлікты з «дзядамі» і вырашыў ім супрацьстаяць.

«Салдацкія хваляванні» здарыліся ў часці 30151 неўзабаве пасля «плюшавага дэсанта». Хоць, па ідэі, у такі час дысцыпліна мусіла быць жалезнай.

«У нас у сям’і заведзена па традыцыі служыць у войску, ― распавядае Алег Бенеш, бацька салдата. ―

Акім рыхтаваўся да войска ― бегаў кросы, займаўся боксам, барацьбой. Рыхтаваўся быць добрым салдатам.
Спачатку, падчас курса маладога байца, усё было нармальна. Пасля, па словах сына, пачалося, як у кіно: начныя пад’ёмы, адцісканні, „кандагарскія масты“.
Праз пяць месяцаў яго службы я зразумеў, што сітуацыя абвастраецца: бачыў, што ў сына разбітыя вусны, яго маці заўважыла аднойчы, што пабітая галава.
Акім пачаў казаць пра сітуацыю толькі праз пяць месяцаў службы. Аказалася, што ў вайсковай часці былі два прызывы. У старшым ― быў пляменнік высокапастаўленага афіцэра, ён і задаваў тон службы. Усім рулілі салдаты.
Спачатку патрабавалі дзяліцца кавай, цыгарэтамі, цукеркамі. Потым пачаліся начныя пад’ёмы. І мой сын спачатку паддаваўся і не ведаў, як дзейнічаць. А ў адзін дзень вырашыў супрацьстаяць і адмовіўся выконваць каманды сяржантаў.
Ён хлопец з гонарам: паэт і спартсмен».

Вайна з «дзядамі», па словах Алега Бенеша, скончылася крымінальнай справай, якую распачалі… на яго сына.

«Некаторыя салдаты малодшага прызыву пачалі аб’ядноўвацца з Акімам. Гэта здарылася прыкладна ў кастрычніку мінулага года.

Іх збіваюць ― яны супраціўляюцца, ― працягвае бацька салдата. — Біліся кожны дзень.
Аднойчы ў майго сына забралі гадзіннік. Ён нічога не заяўляў, але праз нейкі час падышоў да аднаго з крыўдзіцеляў і запатрабаваў вярнуць рэч. У выніку яны пабіліся. Падчас бойкі мой сын пасадзіў апаненту фінгал.
У выніку маёр, які адказваў за выхаваўчую работу, паабяцаў: калі будзеш даваць „патрэбныя“ звесткі, то атрымаеш толькі пракурорскае папярэджанне і нядоўга пасядзіш на гаўптвахце.
Але нечакана распачалі крымінальную справу. Пасля гэтага Акім рэзаў праўду-матку і расказваў, што насамрэч адбывалася у часці 30151. Яго пачалі цкаваць. Напрыклад,
Акіма выводзілі на пляц перад усімі салдатамі і ганьбілі. Салдаты баяліся з ім размаўляць. Было такое ўражанне, што сына хацелі давесці да самагубства ці падштурхнуць да дэзерцірства».

«Салдат трапляе ў мясарубку, і не можа паскардзіцца, атрымаць параду»

Акіма Бенеша абвінавачваюць па артыкуле 443 частка 1 Крымінальнага кодэксу («Парушэнне статутных правіл узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі, якія не з’яўляюцца падначаленымі»).

Бацька салдата быў абураны вядзеннем следства. Ён лічыць, што дапытвалі толькі «зручных» сведак і шанцаў абараніцца Акіму не пакінулі.

«Тады я накіраваў скаргі ў Адміністрацыю прэзідэнта і Генпракуратуру, ― працягвае Алег Бенеш. ― Пасля гэтага ў тэрміновым парадку дапыталі некаторых салдат. У прыватнасці, разглядалася справа, калі адзін з „маладых“ адмовіўся выконваць загад „дзядоў“, пачаў сябе абараняць. Мой сын і іншыя салдаты з малодшага прызыву аказалі яму падтрымку. У выніку ўсім удзельнікам сітуацыі ― і пацярпеламу, і пляменніку высокапастаўленага афіцэра, і Акіму ― вынеслі пракурорскія папярэджанні. Майму сыну ― за тое, што не даклаў пра сітуацыю кіраўніцтву часці і абараняў „слабага“. Пасля таго, як некаторыя сітуацыі павылазілі, многіх афіцэраў з вайсковай часці перавялі на больш нізкія пасады».

Еўрарадыё: Дзе цяпер ваш сын?

Алег Бенеш: «Яго перавялі ў іншую часць. Там сітуацыя іншая. Служыцца параўнальна добра. Я разумею, што даказаць невінаватасць Акіма ў судзе будзе няпроста. Але асноўная мая мэта ― іншая. На сайце Генштаба ёсць гарачая лінія. Але атрымаць там нейкую кансультацыю салдату складана. Ад тэлефонаў Камітэта салдацкіх мацярок і прыёмнай міністра таксама мала сэнсу. Датэлефанавацца туды складана, цяжка разлічваць і на аб’ектыўнасць.

Паскардзіцца ваенным ― амаль немагчыма. Салдат не мае з кім параіцца наконт таго, як сябе паводзіць у крытычнай сітуацыі.
Я хачу дабіцца таго, каб кожны ваеннаслужачы меў права карыстацца тэлефонам і ў вольны час звяртацца на нармальную гарачую лінію, паведаміць пра бяспраўе ў часці. Салдат у войску можа трапіць у мясарубку і не мае магчымасці звярнуцца па дапамогу.
Неабходная нармальная арганізацыя, якая б абараняла правы салдата. У ваенных часцях павінны быць усталяваныя відэакамеры, каб тое, што адбываецца ў казармах, фіксавалася».

Колькасць крымінальных спраў па нестатутных узаемаадносінах скарачаецца?

Спрабуем даведацца пазіцыю праваахоўных органаў па «справе салдата Бенеша».

«Расследаванне па гэтай справе завершанае, ― паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. ― Матэрыялы накіраваныя ў суд. СК у цяперашні час крымінальнага працэсу не мае права каментаваць гэтую справу. Пытанні вы павінны задаваць суду».

«Да разгляду справы нічога патлумачыць не можам, ― кажа Дзяніс Малевіч, суддзя Мінскага міжгарнізоннага ваеннага суда. ― Звяртайцеся ў Мінскую міжгарнізонную ваенную пракуратуру, якая справу накіроўвала».

Пракурору Аляксандру Васілюку распавядаем, што у рэдакцыю звярнуўся бацька салдата Акіма Бенеша, падаў дакументы. Цікавімся асаблівасцямі артыкула, па якім абвінавачваюць салдата.

Аляксандр Васілюк: Артыкул 443… Стоп, пачакайце, там жа тата дакументы паказваў. Вось няхай ён вам прынясе пастанову аб прыцягненні сына ў якасці абвінавачанага, там усё будзе напісана.

Еўрарадыё: А ў вас мы можам некаторыя нюансы ўдакладніць?

Аляксандр Васілюк: А навошта, калі вам чалавек дакументы прыносіць?

Еўрарадыё: Добра, гэта не прынцыпова. Цікавіць вось якое пытанне: паведамляецца, што ў вайсковай часці 30151 быў шэраг выпадкаў нестатутных узаемаадносінаў. Многія людзі атрымалі пракурорскія папярэджанні. Гэта праўда?

Аляксандр Васілюк: А давайце гэта без каментарыяў пакінем.

Еўрарадыё: Чаму?

Аляксандр Васілюк: А проста не будзем закранаць сферы пракурорскай дзейнасці.

Еўрарадыё: Вынясенні пракурорскіх папярэджанняў ― у вашай кампетэнцыі. Апроч вас ніхто гэтую інфармацыю не паведаміць.

Аляксандр Васілюк: Зразумела, так. Гэта акт пракурорскага нагляду. Каму я іх выношу, навошта я іх выношу ― гэта крыху не ваша справа.

Еўрарадыё: Як не наша? Мы ж сродак масавай інфармацыі.

Аляксандр Васілюк: У таты пытайцеся, раз ён столькі ведае.

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў не меў магчымасці патлумачыць дэталі крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да салдата Акіма Бенеша. Але падаў афіцыйную інфармацыю, ці часта ў беларускай арміі здараюцца нестатутныя ўзаемаадносіны.

Уладзімір Макараў: «У цяперашні момант праводзяцца адпаведныя следчыя дзеянні Следчым камітэтам. Гэта ўжо не прэрагатыва ваеннага ведамства. Мы не маем права даваць каментарыі да суда».

Еўрарадыё: Ці часта бываюць выпадкі нестатутных узаемаадносінаў, як гэта здаралася ў вайсковай часці 30151?

Уладзімір Макараў:

У мінулым годзе ў Беларусі разглядалася 20 крымінальных спраў па нестатутных узаемаадносінах. Для параўнання, у 2003-м было 99.
Адбылося скарачэнне такіх выпадкаў ў пяць разоў.

Каментары57

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі10

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заявіў, што Пуцін не пачаў бы вайну, каб Расію не выключылі з «Вялікай васьмёркі»12

У Віцебску двухгадовы хлопчык упаў з дзясятага паверха

Паліна з Салігорска набрала 400 балаў на экзаменах. Вось куды яна будзе паступаць7

У Кіраўску брат забіў сястру, хочучы абараніць яе ад мужчын са сваіх галюцынацый

На Заслаўскім замку спрабуюць раскрыць таямніцу падземнага ходу2

Іран прыпыніў здабычу газу на найбуйнейшым у свеце радовішчы

Пасля разносу Лукашэнкі «Беларусьфільм» бярэцца ствараць «лінейку сваіх серыялаў»5

«Гэта не самы прывабны варыянт». Што думаюць беларусы пра ўвядзенне Грузіяй трохгадовага ДНЖ для айцішнікаў3

Трамп не збіраецца падпісваць заяву G7 па пытанні ізраільска-іранскага канфлікту

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі10

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць