Грамадства1313

Патрабуецца дапамога маці Юрыя Захаранкі

7 мая «Народная Воля» наведала маці былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, які знік 14 гадоў таму. Да зімы ў хату маці Захаранкі трэба газ, бо бабулі ўжо цяжка тапіць печку дрывамі. Але газ на пенсію не правядзеш…

Ля дома Ульяны Рыгораўны Захаранка ў гарадку Васілевічы Рэчыцкага раёна шуміць высокая, стромкая бяроза. Усе дрэвы на невялікім бацькоўскім падворку садзіў яе малодшы сын Юрый. Зараз у старым вясковым доме жыве толькі Ульяна Рыгораўна, якой зімою споўніцца 90 гадоў. Узрост ды гора адбіраюць сілы, здароўе. Старой дапамагаюць суседзі і далёкія сваякі.

«Я не сплю начамі, зусім не сплю, — падаюць цяжкія словы. — Ён жа быў такі добры, такі працавіты… Гаспадар у мяне рана памёр, і хлопцы мае мяне дужа глядзелі. Усе казалі, якія сыны ў мяне добрыя. І садзіць, і капаць былі спрытныя. Нават калі ў людзі выбіліся, ад працы не ўцякалі. Юра, бывала, як капане, дык адразу вядро бульбы. Суседзі ідуць міма, бачаць, як ён працуе, і кожны кажа: «Юрый Мікалаевіч — наш чалавек. Разам з намі на зямлі працуе».

Успаміны ды фотаздымкі — усё, што нагадвае зараз маці пра сына. У старым альбомчыку фота апошніх гадоў — тут праваабаронцы, журналісты, палітыкі, што наведваюць Ульяну Рыгораўну.

Следства па справе Юрыя Захаранкі ідзе ўжо 14 гадоў.
Увесь гэты час Ульяна Рыгораўна чакае, шукае ў газетах звесткі, хоць і часта плача, хварэе ад такіх навін. І доўга не гасіць у хаце святло — можа, Юра будзе вяртацца і так адразу зразумее, што мама яго чакае…

«Цяжка, але не тое, што я баюся памерці, — уздыхае Ульяна Рыгораўна. — Мне так шкада, што я засталася, а іх няма. Калі б яны былі дрэнныя, дык яны ж былі залатыя дзеці. Ніхто ніколі на іх не скажа, што былі яны абы-якія».

7 мая, у чатырнаццатыя ўгодкі знікнення Юрыя Захаранкі, у яго родным доме гучалі тосты і абяцанні. Абяцанні рана ці позна знайсці тых, хто пазбавіў маці законнага права цешыцца з роднага сына.

«Я толькі не магу зразумець, за што яны так з Юрам? — шукае адказ Ульяна Рыгораўна. — Калі б мне сказалі, хто яго забраў, я запыталася б у таго чалавека, чаму ён так зрабіў і дзе мой сын».

… Перад развітаннем яшчэ доўга размаўляем на лавачцы каля плота аб справах надзённых, праблемах і радасцях. Трэба правесці да зімы ў хату газ, бо бабулі ўжо цяжка тапіць печку дрывамі. Дый і не закупіш так проста тры машыны дроў. Уся «дапамога» дзяржавы — мізэрная пенсія Ульяны Рыгораўны ў 2 мільёны 50 тысяч рублёў.

Сваячка Ульяны Рыгораўны Люба, пра жыццё якой таксама можна напісаць кніжку, сама патроху збірае грошы, каб вырашыць «газавае пытанне». Люба змагла ўжо замяніць некалькі вокнаў у старой хаце, але на газ патрэбны неверагодныя грошы — каля 20 мільёнаў.

Побач з Ульянай Рыгораўнай няма сына, які б дапамог, сагрэў і вырашыў усе пытанні. Хоць яна і не просіць дапамогі, але кожны з нас можа яе падтрымаць. Разам справа будзе зроблена.

Паштовы перавод можна адправіць на адрас:
247550, Беларусь, Гомельская вобласць, Рэчыцкі раён, горад Васілевічы, вуліца Куйбышава, 10. Ульяне Рыгораўне Захаранка.

Каментары13

Цяпер чытаюць

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку2

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска згуляла вяселле за 10 тысяч даляраў. За што такія грошы?16

Беларус за 150 рублёў спрабуе прадаць эксклюзіўную фігурку з «Кіндара»1

Літва і ЗША будуць размаўляць, каб прызнаць гібрыдныя атакі Беларусі тэрарыстычнымі дзеяннямі18

Дзмітрый Баскаў стаў суўладальнікам піваварнай кампаніі24

З'явіўся новы спосаб выманіць коды з SMS3

«Замест выратавання Еўропы цэнтрысты вядуць яе ў прорву»10

Замежны брэнд выпусціў правакацыйную лінію адзення на тэму Чарнобыля9

Карлас Алос пакідае пасаду галоўнага трэнера Беларусі1

У Казані судзілі Ісуса Хрыстоса6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку2

Каардынатара пошукавага атрада «Анёл» пасадзілі за палітыку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць