Эканоміка66

Коммерсант: Фіктыўны беларускі імпарт каштаваў Расіі $15 мільярдаў

«Беларуская схема» забяспечыла больш за чвэрць адтоку капіталу з Расіі.

Упершыню апублікаваныя ЦБ дадзеныя аб’ёмах вываду сродкаў з Расіі праз схемы фіктыўнага імпарту з нашай краіны аказаліся горшымі за любыя чаканні. Толькі ў 2012 годзе такія схемы забяспечылі вывад $15 млрд — больш чым чвэрць чыстага адтоку капіталу з краіны. Барацьба з імі, анансаваная на многіх узроўнях, пакуль рэальных вынікаў не прынесла. Кіраўніцтва Мытнага саюза, ЦБ, банкіры, Расфінманіторынг і праваахоўныя органы скідваюць адказнасць адзін на аднаго, піша расійскае выданне «Коммерсант».

Афіцыйную ацэнку аб’ёмаў вываду капіталу з Расіі з дапамогай фіктыўнага імпарту тавараў з Беларусі ЦБ прывёў у апублікаваным у аўторак лісце 104-Т «Аб павышэнні ўвагі крэдытных арганізацый да асобных аперацый кліентаў». Толькі ў 2012 годзе такім чынам было выведзена з Расіі больш за $15 млрд — гэта больш чым чвэрць сукупнага чыстага адтоку капіталу з краіны. Да гэтага часу маштаб праблемы, якая існуе ўжо некалькі гадоў, афіцыйна не раскрываецца. Прадстаўнікі ЦБ толькі паказвалі, што так званы «беларускі сіндром» шмат у чым замясціў іншыя схемы, якія сталі нязручнымі або немагчымымі ў выніку дзеянняў рэгулятараў. Прычым лічба ў $15 млрд не ўлічвае вывад капіталу з Расіі з дапамогай аналагічных «казахстанскіх схем». У ЦБ іх аб’ём не раскрываюць.

Сутнасць схемы ў тым, што расійскія рэзідэнты пераводзяць сродкі па замежнагандлёвых кантрактах, па якіх «увоз» тавараў «ажыццяўляецца» з Беларусі, а сродкі пералічваюцца на рахункі «прадаўцоў» у замежных банках за межамі гэтых краін.
Праверыць такія пастаўкі на фіктыўнасць перашкаджае адсутнасць мытнага кантролю на межах Расіі, Беларусі і Казахстана. У рамках Мытнага саюза (МС) імпарт у Расію афармляецца не грузавымі мытнымі дэкларацыямі (дакладнасць і сапраўднасць якіх можна праверыць па базе ФМС), а таварна-транспартнымі накладнымі (ТТН), якія не прадугледжваюць кантролю мытні.

Уласна, само існаванне МС і правакуе з’яўленне разнастайных схем. Вясной 2012 года мытнымі службамі саюза абмяркоўвалася праблема «ценявых схем па ўхіленні ад выплаты ўскосных падаткаў». У якасці прыкладу прыводзіўся выпадак адгрузкі расійскім прадпрымальнікам набытага ў Казахстане тавару наўпрост з тэрыторыі краіны за мяжу МС без абавязковай выплаты ПДВ у бюджэт РФ. Пры гэтым барацьба з імі праз узмацненне жорсткасці заканадаўства ідзе насуперак з задачамі, дзеля якіх гэты саюз ствараўся: спрашчэнне гандлю паміж краінамі-ўдзельніцамі.

Праблему прызнаюць і ў кіраўніцтве МС.

«Дзякуючы рэжыму Мытнага саюза наш узаемны гандаль у 2011–2012 гадах рос істотна хутчэй за замежны і сусветны, але, зразумела, заўсёды ёсць удзельнікі рынку, якія хацелі б злоўжыць гэтым рэжымам», — кажа міністр па гандлі Еўразійскай эканамічнай камісіі Андрэй Сляпнёў. Таму, лічыць ён, інтэграцыйны праект патрабуе ад нацыянальных кантрольных службаў «больш цеснага і прадуктыўнага ўзаемадзеяння, каб мінімізаваць такія злоўжыванні».

Спробы такога ўзаемадзеяння рабіліся — у прыватнасці, расійскім ЦБ і беларускім Нацбанкам. Яны вялі сумесную працу над удасканаленнем адзінай беларускай базы ТТН, па якой расійскім банкам прапаноўвалі правяраць сапраўднасць накладных. Зрэшты, мяркуючы па тоне ліста ЦБ і новых рэкамендацыяў расійскім банкам па барацьбе з беларускімі схемамі, якія змяшчаюцца ў ім, прыкметнага выніку меры пакуль не прынеслі. Цяпер банкам прапануецца перайсці на татальнае інфармаванне Расфінманіторынгу аб усіх аперацыях па аплаце расійскімі кліентамі паставак тавараў з Беларусі ў карысць контрагентаў з іншых юрысдыкцый — па-за залежнасцю ад таго, сумнеўныя гэтыя аперацыі ці не. Акрамя таго, ім рэкамендавана накіроўваць у тэрупраўленні ЦБ усю наяўную інфармацыю пра кліентаў, якія праводзяць такія аперацыі, іх контрагентах, замежнагандлёвых кантрактах і іншым.

Навошта рэгулятару гэтая няпрофільная інфармацыя і як гэта дапаможа барацьбе з адмываннем, у лісце не тлумачыцца.
На аснове гэтых дадзеных ЦБ разлічвае скласці ўласнае меркаванне аб’ёме ў банка такіх аперацый і яго ўцягнутасці ў іх і рэагаваць на гэта ўзмацненнем жорсткасці нагляду ў дачыненні да канкрэтных гульцоў. «Атрымліваецца, што банкі нагружаюць дадатковай працай для ўзмацнення кантролю за імі ж», — разважае прадстаўнік службы ўнутранага кантролю банка з топ-100. Між тым, дадае кіраўнік службы фінансавага маніторынгу банка з топ-20, звестак са справаздачнасці банкаў, якія атрымлівае ЦБ, пры пэўных намаганнях хапіла б, каб вылучыць «адмывачныя» банкі.

Такія спробы рабіліся, гаворыцца ў справаздачы Расфінманіторынгу за 2012 год: «Сумесна з Банкам Расіі прааналізавана больш за 100 банкаў, з іх па 73 матэрыялы накіраваныя ў праваахоўныя органы».

Ім павінна быць адрасаванае галоўнае пытанне — аб канчатковым выніку той велізарнай працы, у якой ЦБ вымушае ўдзельнічаць банкі, лічаць банкіры. Зрэшты, у праваахоўных органах абвінавачванні ў бяздзейнасці адвяргаюць. Супрацоўнікі МУС займаюцца гэтай праблемай, паведаміла крыніца ў МУС.

«Мы цесна тут ўзаемадзейнічаем з Расфінманіторынгам, апошняя сумесная нарада на гэтую тэму прайшла літаральна днямі. Па ўсіх прадстаўленых нам фактах вядзецца праца, у тым ліку і з калегамі з Беларусі, — патлумачыў ён. — У прыватнасці, мы з іх дапамогай ужо высветлілі, што беларускія фірмы да тых махінацый з вывадам сродкаў, пра якія мы маем інфармацыю, дачынення не маюць, — іх назвы выкарыстоўваюцца для прыкрыцця». Пра канчатковыя вынікі працы казаць пакуль рана, удакладніў суразмоўца, але па гэтым кірунку яна «адназначна вядзецца, і вельмі актыўна».

Каментары6

Цяпер чытаюць

Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню правялі сустрэчу. Зяленскі запрасіў Святлану ў Кіеў14

Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню правялі сустрэчу. Зяленскі запрасіў Святлану ў Кіеў

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп прыгразіў Канадзе 100% мытамі і назваў Карні «губернатарам»4

У Мінеапалісе супрацоўнікі іміграцыйнай службы ЗША зноў забілі чалавека пры затрыманні23

«Герань-5». Каб зламаць украінскую СПА, Расія нарошчвае хуткасць дронаў1

НАТА плануе стварыць на мяжы з Беларуссю бязлюдную зону з робатамі і дронамі11

40‑гадовага мінчука, які паехаў у Табары і прапаў, знайшлі загінулым

Кітайцы прарэкламавалі, як хвацка іх электракар сам скідае з сябе снег. Беларусы праверылі2

У Дзяржынскім раёне кот уратаваў гаспадыню падчас пажару6

Падчас сустрэчы ў ААЭ ніякіх кампрамісаў дасягнута не было3

У Рэчыцкім раёне будуюць буйны вайсковы палігон

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню правялі сустрэчу. Зяленскі запрасіў Святлану ў Кіеў14

Ціханоўская і Зяленскі ўпершыню правялі сустрэчу. Зяленскі запрасіў Святлану ў Кіеў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць