Меркаванні1414

Класічны правапіс — гэта нацыянальная каштоўнасць

Клясычны правапіс варта прыняць за ўзор дзеля таго, што сёньня менавіта ён найлепей адлюстроўвае гучаньне і лад нашае мовы.

Носьбіты мовы (прыкладам, дзеці ў вясковых школах), якіх яшчэ не да канца навучылі пісаць «наркамаўкай», пішуць менавіта так, як гавораць — зь мяккімі знакамі — «клясычным правапісам». Вось і адказ на ўсе спрэчкі, які правапіс найлепшы: канешне той, што найбліжэйшы да самое мовы.

На жаль, цяпер даводзіцца чуць крытыку, што, маўляў, носьбіты клясычнага правапісу робяць памылкі. А хто іх ня робіць? Толькі той, хто ня робіць нічога.

Носьбіты ўсіх моваў сьвету і ўсіх правапісаў таксама робяць памылкі, таму гэта не падстава адмаўляцца ад мовы ці ад правапісу. Выдумляюць словы? Калі ласка, бо гэта заўсёдны працэс, гэта праца, гэта жыцьцё, якое бяжыць наперад. У часе працы і выдумляць можна, і шукаць старыя адпаведнікі — хай будуць памылкі, але гэта шлях у сваім накірунку.

Таксама кажуць, што нібыта так мова «апалячваецца». Аднак часам гэта погляд прасьцяцкі, бо адбываецца не апалячваньне, а вяртаньне ў мову элемэнтаў, якія былі ёй уласьцівыя — сваіх беларускіх.

Пры гэтым беларускія элемэнты часта маюць аналягі ў суседніх «заходніх» мовах (латышская, польская, летувіская), або ў іншых славянскіх мовах (чэская, сэрбская і г.д.). Таму такая крытыка — нібыта пра «апалячваньне» — часам сьведчыць пра вузкую лінгвістычную абазнанасьць, пра тое, што чалавек уяўляе мову толькі ў выглядзе: або а-ля польская, або а-ля расейская. У той жа час сынтакса, фанэтыка ды і правапіс нашае мовы маюць рысы, якія ўласьцівыя ня толькі польскай, але і ангельскай, францускай, нямецкай, гішпанскай, і балтыйскім мовам. Дык што, можа кожны раз вяртаньне свайго называць «абгішпаньваньнем»? Не, проста вяртаецца сваё, на што б яно ні было падобным.

Прыкладам, у беларускай мове распаўсюджанае выкарыстаньне давальнага склону замест расейскай канструкцыі «для + назоўнік». Беларускай мове ўласьцівей: «кніга прызначаецца чытачу», а расейскай: «книга предназначается для читателя». Першы тып канструкцыі ўласьцівы і польскай, і латышскай, і летувіскай мове, як і беларускай. Дык што ж, цяпер казаць, што адбываецца «аблатышваньне»? ці «аблетувіньне»? ці «апалячваньне»? Канечне, не — адбываецца вяртаньне свайго.

Таксама недарэчна выглядаюць развагі пра тое, што нібыта «наркамаўскі» правапіс шырока прыняты, таму яму трэба аддаць перавагу. Па-першае, гэта няпраўда, бо ні адным, ні другім правапісам не карыстаецца шырокая маса жыхароў Беларусі — яны карыстаюцца іншай мовай увогуле. Па-другое, гэта было б здрадай нацыянальнай каштоўнасьці — мове. Каб абвергнуць тэзу пра «прынятасьць» наркамаўскага правапісу, прывядзем прыклад з уласнае практыкі:

За некалькі год існаваньня кампанія «Праўны пераклад» абслужыла мноства кліентаў. Кліентам не задавалі пытаньня, якім правапісам яны хочуць карыстацца, а проста перакладалі на клясычны правапіс. Перакладаліся дакумэнты самых розных роўняў — ад рэклямы і надпісаў на таварах да дакумэнтаў, якія пазьней траплялі на стол высокім чыноўнікам. За ўвесь час да кампаніі не паступіла ніводнае прэтэнзіі да правапісу.

Прычыны відавочныя: з аднаго боку, неабазнанасьць у правапісах асноўнай масы людзей, з другога — абыякавасьць да пытаньня.

Варта заўважыць, што тут людзі «галасавалі» за правапіс не «лайкамі» і не «пастамі» ў форумах, а рэальным рублём, таму вынікі такога «галасаваньня» гавораць самі за сябе: перамога будзе за тым правапісам, за якім «павядуць».

І апошняе: пра пераход на клясычны правапіс. Відавочна, што самая кароткая адлегласьць між пунктамі — гэта прамая лінія, таму пераход на клясычны правапіс мусіць быць зроблены адразу, без прамежкавых крокаў.

Некаторыя прапаноўваюць адрубаць хвост часткамі: спачатку перавесьці грамадзтва на «наркамаўскі» правапіс, а потым займацца пераводам на клясычны.

Так думаць памылкова, бо тады колькасьць прыхільнікаў «наркамаўкі» стане значна перавышаць частку колькасьць прыхільнікаў «клясыкі». Пераканаць іх будзе ўжо значна цяжэй, і вельмі імаверна, што большасьць перацягне і застанецца на зрусіфікаваным «наркамаўскім» варыянце з прычыны звычайнай чалавечай ляноты.

Сёньня, пакуль гэтае пытаньне хвалюе толькі інтэлектуальную эліту, і колькасьці прыхільнікаў клясыкі і «наркамаўкі» параўнальныя, можна прыняць і такі шлях, і такі. Далей абыякавая частка грамадзтва пойдзе за тымі, хто перамог.

Таму інтэлектуалам важна цягнуцца не да абыякавай масы, дзе пануе лянота ды баязьлівасьць, а да тае часткі грамадзтва, дзе на першым месцы нашая нацыянальная каштоўнасьць — беларуская мова, а клясычны правапіс — ейная неад’емная частка.

У такім разе эліта павядзе грамадзтва ў адным кірунку і, як можна здагадацца, грамадзтва пасьледуе — тым болей, што за клясычны правапіс стаяць носьбіты мовы — і ў Беларусі (прыгадайма вясковых дзетак), і ў эміграцыі.

Напрыканцы заўважым, што шляхоў дасягнуць адзінства ў грамадзтве можа быць шмат, але нацыянальныя каштоўнасьці — у тым ліку мова зь яе натуральным правапісам — яны для нацыі супольныя.

Каментары14

Цяпер чытаюць

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі15

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі

Усе навіны →
Усе навіны

У Кыргызстане на вышыні 4500 метраў знайшлі рэчы зніклых беларускіх альпіністаў

Наступнае «Еўрабачанне» пройдзе ў балгарскім Бургасе

Расійская пенсіянерка пераканала студэнта, што на ім смяротныя сурокі, і забрала грошы. А пасля чатыры гады хавалася ў Беларусі1

Дроны атакавалі Маскву і Ленінградскую вобласць2

Статкевіч: Чаму ў іх 80, а ў нас 205

Памёр купалавец Мікалай Кучыц2

Міліцэйскага начальніка з Ляхавічаў пакаралі за тое, што адказаў Случаку па-руску6

У Віцебску жанчына павесіла ў пад'ездзе непатрэбную карціну і не ведала, што яна шэдэўр4

Мінскае «Дынама» і «МЛ Віцебск» вылецелі з еўракубкаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі15

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць