Чым « лупаты» электрамабіль лепшы за прэміум-брэнд, ці выгадна гандляваць палівам на АЗС і ці мае рацыю Біл Гейтс, распавядае старшыня праўлення групы кампаній «А-100» Аляксандр Цэнцер.
Вокны кабінета Аляксандра Цэнцера — бізнэсмэна, які заняў 51 месца ў спісе «200 самых паспяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў Беларусі — 2011», паводле версіі «Ежедневніка» — выходзяць на АЗС «А-100», Віцебскую трасу і аўтамабільную паркоўку са старэнькім бензавозам савецкай вытворчасці. Сёння гэты ГАЗ — частка гісторыі найбуйнейшай прыватнай кампаніі па гандлі нафтапрадуктамі.
— Скончыўшы БДПА, наваяўлены інжынер-механік даволі хутка сышоў у бізнэс. Адчуў, што ў «ліхія 90-я « можна зарабіць?
— Я інжынер ў трэцім пакаленні — пасля бацькі і дзеда — і лічу сябе інжынерам да гэтага часу. У 90-я многія мянялі працу — настаўнікі, дактары. Прапрацаваўшы год у канструктарскім бюро, я зразумеў, што гэтая дзейнасць не запатрабаваная і азірнуўся паглядзець, што адбываецца навокал.
— Запраўкі сталі першым з трох напрамкаў дзейнасці групы кампаній «А-100»: сетка з 28 АЗС «Астратрэйдынг», інвестыцыі ў нерухомасць «А-100 Дэвелапмент», сетка кафэ «Асторэс». На продажы паліва лягчэй за ўсё зарабіць?
— Не, выбар звязаны з інжынернай адукацыяй, акрамя таго я з дзяцінства цікавіўся палівам. Добра памятаю кнігу, падораную бацькам, — «Хімматалогія паліваў і змазачных вадкасцяў», якую чытаў падлеткам. І калі разам з набыццём незалежнасці ў краіне пачаліся праблемы з палівам, аказалася, што тэма гэтая мне цікавая — не столькі выгадная, колькі цікавая.
— Давялося пачуць меркаванне, быццам бы назва групы кампаній «А- 100» утворана ад першай літары вашага імя і трансфармаванага прозвішча (цэнтнер — 100 кг?). Гэта праўда?
— Не. А-100 — назва ідэальнага бензіну. Мы тады яшчэ не ведалі, што бензін з актанавай колькасцю 100 існуе, проста імкнуліся да ідэалу. Цяпер кампанія прадае авіяцыйнае паліва з актанавым лікам 100.
— Атрымаўшы ў пачатку 2013 года крэдыт у 10 мільёнаў даляраў у Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, група кампаній «А-100» пачала актыўна набываць запраўкі, узяць хаця б брэсцкую сетку «Галон». У пачатку бізнесу, калі грошай было менш, АЗС бралі ў арэнду?
— Мы пачалі з продажу паліва праз перасоўную заправачную станцыю — бензавоз ГАЗ-53 выпуску пачатку 80-х, празваны «Зінка». Аўтамабіль з цыстэрнай ў 4620 л штораніцу запраўлялі на нафтабазе, а потым гандлявалі палівам. Сёння гэты бензавоз стаіць на пляцоўцы каля офіснага будынка кампаніі, ён — адзін з экспанатаў нашага будучага музея.
-— Гандаль нафтапрадуктамі знаходзіцца пад пільным кантролем дзяржавы, якая не надта ахвотна пускае сюды прыватнікаў. А ў вас атрымалася не толькі ўвайсці ў запраўны бізнэс, але яшчэ і стаць першым прыватнікам. Складаная гэта справа?
— Напрамкаў ў тыя гады было некалькі, займаліся ўсім, што падвернецца. Памятаю, мае партнёры запэўнівалі, што гандаль палівам нерэнтабельны і неперспектыўны, прапаноўвалі заняцца тэлевізарамі або мясам. Знаёмыя, якія гандлявалі снікерсамі, багацелі на вачах, куплялі новыя дарагія машыны. А ў нас — гайкі, змазкі, капейкі.
— Затое сёння ўсё змянілася…
— Толькі прайшло 20 гадоў. Не думаю, што гандаль нафтапрадуктамі ўваходзіць у дзясятку найбольш прыбытковых бізнэсаў. Калі б пытанне, брацца за гэтую справу ці не, стаяла сёння, не думаю, што ўзяліся б.
— Але на першы аўтамабіль зарабілі менавіта дзякуючы паліўнаму бізнэсу?
— На «Масквіч 2141» збіраў пачынаючы з шабашак і будатрадаў. Каштаваў ён 3000 савецкіх рублёў, быў доўгім, цяжкім і вельмі павольна разганяўся. Кожны раз, калі на шашы трэба было абагнаць грузавік, я доўга думаў, ці варта гэта рабіць. Даходы ў тыя часы былі невялікімі і часам меншымі, чым у супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў. Памятаю свой першы буйны заробак — 250 даляраў.
«Масквіч» прадаў, каб купіць бензавоз. Наступную машыну — VW Golf сам прыгнаў з Германіі. Ледзь не 20-гадовы, ён быў з аўтаматычнай каробкай перадач — вялікая рэдкасць па тых часах. Паездзіўшы год-паўтара, купіў новую Toyota Corolla залацістага колеру ў кузаве ўніверсал. Гэта была падзея: у сярэдзіне 90- х у нас яшчэ не было салонаў, а машыны ганялі, калі не памыляюся, з Фінляндыі.
-— І вы тут жа сталі паважаным чалавекам у краіне, дзе новыя іншамаркі лічыліся рэдкасцю?
— Не. «Правільныя пацаны» ездзілі на BMW і Mercedes, Toyota мая каціравалася на ўзроўні цяперашняй KIA. Аднак тыя, хто шануе грошы і мае патрэбу ў надзейных аўтамабілях, купляюць, у першую чаргу, працоўнага коніка. Я аддаю перавагу японскім машынам.
-— Ці лічыце Toyota самай надзейнай?
— Я фанат гэтай маркі і лічу яе найлепшай. За ўвесь час у мяне было 5—6 аўтамабіляў Toyota.
-— Ваш цяперашні аўтамабіль — Toyota таксама?
— Не,Infinity.
-— Чалавек, які трапіў у топ-200 па версіі «Ежедневніка», вырашыў, нарэшце, перасесці на прэміум-клас?
— Не. Куды часцей я езджу на службовым электрамабілі Nissan Leaf, які лічу і самым прэстыжным, і прыемным. Меркаванняў, быццам машына павінна быць статуснай, не прытрымліваюся. Але Infinity патрэбны, паколькі ў сям’і чацвёра дзяцей. Калі я купляў гэты аўтамабіль, у Toyota не было неабходнай колькасці месцаў.
— Ці бачыце дзяцей у сваім бізнэсе?
— Яны павінны вызначыцца і самастойна знайсці месца, на якім пачуваюцца камфортна. А для гэтага адзін шлях — вучыцца. Сёння ў нашым бізнэсе хапае таленавітых людзей, стратэгічнай мэты ўвесці ў яго сваіх дзяцей не стаўлю.
— Але ж, напэўна, хтосьці з іх ужо цікавіцца машынамі або запраўкамі?
— Ні ў кога няма вадзіцельскага пасведчання — старэйшай дачцэ хутка 18 гадоў, і я не ўпэўнены, што, нягледзячы на навыкі кіравання аўтамабілем, у іх ёсць нейкія перавагі. Першы аўтамабіль, калі стане пытанне куплі, будзе патрыманым і бюджэтным, суразмерным з тымі, на якіх пачынаў я.
— А вось мне здавалася, што заможныя людзі дораць дзецям новыя і дарагія аўтамабілі не толькі з-за статусу, але яшчэ і надзейнасці…
— Дарыць дзецям машыны не збіраюся. Ведаеце, як у Бібліі: « Я дам вам не рыбу, але вудзільна». Так, сям’я павінна ездзіць на надзейных і бяспечных аўтамабілях. Але любая машына — кансервавая бляшанка, бяспека якой вызначаецца, у першую чаргу, паводзінамі кіроўцы. Дарэчы, больш сціплая машына і правакуе на дарозе менш.
— « Я ўпэўнены, што аддаць грошы маім дзецям —— не лепшая ідэя. Гэта не было б карысна ні для саміх дзяцей, ні для грамадства», — сказаў Біл Гейтс. Ці падтрымліваеце гэтага і іншых вядомых багатых людзей, якія заявілі, што не пакінуць дзецям спадчыну?
— Я на гэтую тэму яшчэ не думаў — грошай не так шмат, як у Біла Гейтса, іх пастаянна не хапае для развіцця. Ці даваць дзецям грошы — пытанне педагагічнае, мяркую, што іх трэба навучыцца зарабляць, усё роўна — шмат ці мала, галоўнае, каб цябе за гэта паважалі. І трэба крыху пачакаць, каб даведацца, што за людзі вырастуць з дзяцей Гейтса.
— Якога ўзроўню павінен дасягнуць кіраўнік кампаніі, які кіруе аўтамабілем самастойна, каб саромецца перад партнёрамі, якіх на дзелавую сустрэчу прывёз кіроўца?
— Мне падабаецца чытаць навіны, скажам, пра дырэктара буйнога банка Амстэрдама, які прыязджае на працу на ровары. Я сам езджу на працу на ровары і лічу, што прыехаць на сустрэчу на аўтамабілі перадавых тэхналогій, электрамабілі, значна круцей, чым сядзець на пасажырскім месцы дарагой машыны.
— Іншымі словамі, NissanLeaf лепшы за Infinity?
— Infinity і побач не стаяў у параўнанні з лупаценькім NissanLeaf! З аднаго боку — вялікі матор, які спажывае 16 літраў на 100 км, з другога — перадавыя тэхналогіі, экалагічнасць і ментальны эфект. Гэта як паляцець па турпуцёўцы ў космас, зрабіць гучны выклік. Падчас перамяшчэння на NissanLeaf па горадзе прыкладна 1—2 кіроўцы з сотні звяртаюць на яго ўвагу і ўхвальна паказваюць вялікі палец. Яны разумеюць, што гэта будучыня, экалогія.
— БДПА, дзе вы вучыліся, лічыцца рэкардсменам па ліку выпускнікоў, якія сталі бізнэсмэнамі. Прычына поспеху — у вывучэнні дакладных навук?
— Не, гэта проста самая вялікая ВНУ. Акрамя таго, лічыцца, што найбольш прагматычныя людзі не выдатнікі, а троечнікі. Выдатнікі ішлі ў БДУ, а прыземленыя людзі, рэалісты — у РТІ і палітэх.
— Няўжо ў школе вы былі троечнікам?
— Не, у маім атэстаце толькі пяцёркі, хоць залатога медаля я не атрымаў. У інстытуце было па-рознаму: цікавыя мне тэхнічныя прадметы і інжынерныя навукі вучыў, палітэканомію і марксізм-ленінізм — не. Шкадую, што не займаўся мовамі — пазней давялося наганяць.
— Сярод выпускнікоў БДПА такія людзі, як Юры Чыж (Трайпл), Віталь Арбузаў (Fenox Global Group), Сяргей Савіцкі (Атлант -М), Упендра Махата (Амкадор). Ці былі знаёмыя з імі падчас вучобы і ці падтрымліваеце адносіны цяпер?
— З Арбузавым знаёмы, з Чыжом сустракаўся, Савіцкага не ведаю. У лік маіх сяброў гэтыя людзі не ўваходзяць. Падтрымліваю стасункі з тымі, хто падзяляе мае захапленні — авіяцыю і ровары. Нам цікава размаўляць, а гэта ні ад статусу, ні ад брэнду гадзінніка на тваёй руцэ не залежыць. Названыя вамі — работнікі і ў вельмі добрым сэнсе прадпрымальнікі. Веру, што такія, як яны, куюць будучыню нашай краіны.
Каментары