Толькі праз шэсьцьдзесят гадоў ацалелыя жыхары беларускай вёскі Дражна Старадароскага раёну вырашылі распавесьці пра страшныя падзеі, перажытыя імі ў 1943 годзе. Іх гісторыі ў сваёй кнізе “Кроў і попел Дражна” сабраў краязнаўца Віктар Хурсік.
Толькі праз шэсьцьдзесят гадоў ацалелыя жыхары беларускай вёскі Дражна Старадароскага раёну вырашылі распавесьці пра страшныя падзеі, перажытыя імі ў 1943 годзе. Іх гісторыі ў сваёй кнізе “Кроў і попел Дражна” сабраў краязнаўца Віктар Хурсік.
Аўтар сьцьвярджае, што 14 красавіка 1943 г. партызаны напалі на Дражна і без разбору стралялі, рэзалі і жывымі палілі мірных жыхароў. Паказаньні ацалелых дражненцаў аўтар пацьвярджае дакумэнтамі з Нацыянальнага архіву.
Адзін з тых, хто выжыў падчас спаленьня вёскі Мікалай Пятроўскі пасьля вайны перабраўся жыць у Менск, дзе да пэнсіі прапрацаваў электрыкам на дзяржпрадпрыемстве. Сёньня вэтэрану 79 гадоў, ён цяжка хворы.
Мікалай Пятроўскі паказаў месца, дзе расстралялі людзей.
— Пэўна, апошні раз наведваю Дражна, — павольна, спахмурнеўшы, казаў спадар Мікалай, калі мы ўяжджалі ў вёску. — Больш за шасьцьдзесят гадоў я кожны дзень згадваю той жах, кожны дзень. І хачу, каб людзі даведаліся праўду. Бо партызаны, якія забілі сваіх землякоў, так і засталіся героямі. Гэтая трагедыя страшнейшая за Хатынь.
«Стрэлы абудзілі нас каля чацьвертай ранку»
— Калі ў 1941 г. прышлі фашысты, паліцэйскі гарнізон, на нашу бяду, сфармавалі ў Дражна. Паліцаі, а іх было 79 чалавек, уладкаваліся ў школе, якую агарадзілі дзотамі. Месца гэта было стратэгічным. Вёска стаяла на перакрыжаваньні дарог, на ўзвышшы. Паліцаі маглі ідэальна прастрэльваць мясцовасьць, ды і лясы стаялі далёка — за тры кілямэтры ад Дражна.
Яшчэ да прыходу немцаў мой бацька, старшыня сельпо, член партыі, пасьпеў сысьці ў лес разам з старшынём калгасу і маёрам Чырвонай арміі. І своечасова. Паліцаі пачалі зьвярэць: арыштавалі вэтэрынара Шаплыка і расстралялі. Палявалі за маім бацькам. Яму наладзілі засаду каля дому.
“Усю нашу сям’ю — мяне, маму, трох братоў і сястру Кацю амаль голымі пагналі ў калгаснае гумно. Бацьку катавалі на нашых вачах, білі, прымушалі капаць магілу. Але чамусьці не расстралялі і празь некалькі дзён адправілі ў канцлягер, — спадар Мікалай стараецца казаць суха, без эмоцый. Але здаецца, што стары вось-вось сарвецца. — Так мы і жылі: бяз бацькі, зь нянавісьцю да акупантаў, чакалі вызваленьня, — працягвае Мікалай Іванавіч. — І вось у студзені 1943 г. партызаны правялі апэрацыю па захопе паліцэйскага гарнізону.
Сёньня відавочна, што апэрацыя была сплянаваная бяздарна, партызаны атакавалі ў лоб, амаль усіх іх паклалі з кулямёту. Вяскоўцаў прымусілі хаваць забітых. Памятаю, як мама перажывала, плакала. Бо ж партызанаў мы лічылі нашай надзеяй...”
Але празь некалькі месяцаў гэтыя “абаронцы” зладзілі неймавернае зьверства! — стары на хвіліну спыніўся, акінуў поглядам вёску, доўга глядзеў у бок лесу. — Стрэлы абудзілі нас каля чатырох ранку 14 красавіка 1943 г.
Мама крычала: “Дзеткі, гарым!” Голымі выскачылі на двор, глядзім: усе хаты гараць, страляніна, крыкі...
Мы пабеглі ратавацца на гарод, а мама вярнулася ў дом, хацела нешта вынесьці. Саламяная страха хаты да таго часу ўжо палыхала. Я ляжаў, ня рухаўся, доўга не вярталася мама. Павярнуўся, а яе чалавек дзесяць, нават жанчыны, колюць штыкамі, крычаць: “Атрымай, сволач фашысцкая!” Бачыў, як ёй перарэзалі горла, — стары зноў зрабіў паўзу, яго вочы былі спустошаныя, здавалася, спадар Мікалай зноў перажываў тыя жахлівыя хвіліны. — Каця, сястра мая, выскачыла, прасіла: “Не страляйце!”, дастала камсамольскі білет. Да вайны яна была піянэрважатай, перакананай камуністкай. Білет і партыйнае пасьведчаньне бацькі падчас вайны зашыла ў паліто і насіла з сабою. Але высокі партызан, у скураных чаравіках, абмундзіраваньні пачаў цэліцца ў Кацю. Я закрычаў: “Дзядзечка, не забівайце маю сястру!” Але раздаўся стрэл. Паліто сястры ў тую ж хвіліну набрыняла крывёю. Яна памерла на маіх руках. Я назаўжды запомніў твар забойцы.
Памятаю, як я адпаўзаў. Гляджу, суседку Тэклю Субцельную разам з дачкой-немаўлём тры партызаны кінулі жывымі ў агонь. Сваю малую цётка Тэкля трымала на руках. Далей, ля дзьвярэй палаючай хаты, ляжала старая Грынявічыха, абгарэлая, у крыві...
— Як жа вы ўратаваліся? — пытаю ў амаль плачучага старога.
— Гародамі мы з братамі дапаўзьлі да дзядзькі. Дом яго спалілі, а ён цудам выжыў. Выкапалі зямлянку, у ёй і жылі.
Пазьней мы даведаліся, што ні аднаго паліцая партызаны не застрэлілі. Дамы, што знаходзіліся за іх умацаваньнямі, таксама ацалелі. У вёску прыехалі гітлераўцы, аказалі ахвярам мэдычную дапамогу, некага адвезьлі ў шпіталь, у Старыя Дарогі. У 1944 г. ужо паліцаі пачалі зьдзекавацца, адправілі мяне і яшчэ некалькіх падлеткаў на працы ў канцлягер гораду Уніген, пад Штутгарт. Нас вызвалілі амэрыканскія ваенныя.
Пасьля вайны я даведаўся, што непасрэдна палілі і забівалі дражненцаў партызаны з атраду імя Кутузава, якім камандаваў Ізраіль Лапідус. Іншыя атрады з брыгады Іванова “кутузаўцаў” прыкрывалі. Я знайшоў Лапідуса, калі мне было 18 гадоў. Ён жыў у Менску, у раёне Камароўкі, працаваў у абкаме партыі. Лапідус спусьціў на мяне сабак... Ведаю, што гэты чалавек пражыў нядрэннае жыцьцё, так і памёр героем.
На дражненскіх могілках пахаваныя забітыя 14 красавіка 1943 г. жыхары. Некаторыя сем’і тым фатальным ранкам партызаны зьнішчылі поўнасьцю. Ставіць помнікі на іх магілках не было каму. Многія пахаваньні амаль зраўняліся зь зямлёю і хутка зусім зьнікнуць.
Не шкадавалі нават сем’і франтавікоў
Сёньня Дражна — акуратная вёска, з добрай дарогай, са старымі, але дагледжанымі дамкамі.
У вясковай краме мы сустрэліся з іншымі жывымі сьведкамі партызанскага злачынства. Да дому Эвы Сіраты (бабулі ідзе 86-ы год) партызаны не дабраліся.
— Дзетачкі, ня дай Бог каму-небудзь даведацца тае вайны, — хапалася за галаву Эва Мятодаўна. — Мы выжылі, а маю сяброўку Кацю застрэлілі, хаця крычала: “Я свая!” Застрэлілі нявестку і сьвякроў, іх маленькага хлопчыка кінулі паміраць. А ж бацька іх сям’і ваяваў на фронце.
— Людзі хаваліся ў ямах з-пад бульбы, так адну сям’ю проста там і расстралялі, не пашкадавалі, — з роспаччу казаў 80-гадовы Уладзімер Апанасавіч. Дзядуля ня вытрымаў і расплакаўся. — Мяне лёс выратаваў, але ж некаторых падлеткаў партызаны адмыслова адводзілі за паўкілямэтру ў поле і расстрэльвалі. Нядаўна да нас прыяжджалі з райвыканкаму, чалавек восем. Пыталі пра спаленьне Дражна партызанамі, ці гэта праўда. Больш маўчалі, пахітвалі галовамі. Так моўчкі і зьехалі.
Аляксандар Апанасавіч, сын дзядулі Ўладзімера, паказаў пашпарт забітай партызанамі Валянціны Шматко. На фатаздымку — дзяўчынка, мілая, з наіўным паглядам, безабаронная.
— Гэта мая цётка. Мама распавядала, што ёй стрэлілі ў галаву, — са зьдзіўленьнем у голасе распавядае дзядзька Аляксандар. — Мама захоўвала прастрэленую хустку Валянціны, але цяпер знайсьці я яе не магу.
Камбрыг Іваноў: «... бой прайшоў вельмі ўдала»
А камбрыг Іваноў у справаздачы кіраўніцтву падвёў вынік баявой апэрацыі ў Дражна так (са справы №42 фонду 4057 Нацыянальнага архіву): «…бой прайшоў вельмі ўдала. Сваю задачу выканалі, гарнізон разгромлены цалкам, за выключэньнем 5 дзотаў, зь якіх увайсьці не ўдалося, астатняя паліцыя зьнішчаная, забітымі і задушанымі дымам налічваеццада 217 свалачэй…»
За гэтую “апэрацыю” многія партызаны былі прадстаўленыя да ўзнагародаў. Калі б дражненцы не распавядалі пра трагедыі далёкіх дзён Віктару Хурсіку, пра дзікае спаленьне беларускай вёскі партызанамі ніхто б ніколі не даведаўся.
Віктар Хурсік: «Партызаны хацелі выдаць мірных жыхароў за паліцаяў»
— Спадар Віктар, некаторыя людзі спрабуюць аспрэчыць зьмест вашай кнігі...
— Відаць, позна гэта рабіць. Мне здаецца, што, калі выйшла кніга, Міністэрства інфармацыі адправіла яе на закрытую рэцэнзію аўтарытэтным адмыслоўцам. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што факты, якія я прыводжу ў кнізе, адпавядаюць рэчаіснасьці. Я прадбачыў такую рэакцыю. Сваю пазыцыю я лічу дзяржаўнай, як і падыход міністэрства. У мяне была адна мэта — пошук праўды. Да палітыкі кніга “Кроў і попел Дражна” ніякага дачыненьня ня мае.
— Як вы даведаліся пра спаленьне вёскі?
— Да мяне вырашылі зьвярнуцца самі дражненцы. Спачатку я не паверыў, што партызаны маглі спаліць вёску зь мірнымі жыхарамі. Правяраў і пераправяраў. Капаўся ў архівах, ня раз сустракаўся з жыхарамі Дражна. Калі я ўсьвядоміў глыбіню трагедыі, то зразумеў, што неабходна гаварыць ня толькі пра геройства, але і пра злачынствы партызанаў, а яны былі. Інакш беларуская нацыя не адбудзецца.
— У кнізе шмат дакумэнтальнага кампрамату на партызанаў, адкуль?
— У кожным атрадзе быў чэкіст. Ён старанна фіксаваў усе выпадкі парушэньняў дысцыпліны, даносіў пра гэта вышэйшаму кіраўніцтву.
— Ці палілі партызаны вёскі ўсюды?
— Канечне, не. Большасьць партызанаў мужна змагаліся за свабоду Радзімы. Але асобныя выпадкі злачынстваў супраць мірнага насельніцтва былі. І ня толькі ў Дражна. Такая ж трагедыя адбылася ў вёсцы Старасельле Магілёўскай вобласьці, у іншых рэгіёнах. Сёньня неабходна ставіць пытаньне пра тое, каб дзяржава ўсталявала помнікі на месцах трагедый. — А які лёс камандзіра 2-й менскай партызанскай брыгады Іванова?
— Ён родам зь Ленінграду. Кіраваць брыгадай 21-гадовага Іванова накіравалі са штабу партызанскага руху. З дакумэнтаў зразумела, што празь ягоную недасьведчанасьць загінуў не адзін партызан. Тых, хто адмаўляўся ісьці ў бязглуздыя атакі, ён асабіста расстрэльваў. Іваноў, мабыць, адзін зь нямногіх партызанскіх камбрыгаў, якому не далі Героя Савецкага Саюзу. Па сьведчаньнях, атрыманых ад былых адказных працаўнікоў Пухавіцкага райкаму КПБ, у 1975 г. ён скончыў жыцьцё самагубствам.
— У галаве ня тоўпіцца, чаму партызаны пайшлі на такое жахлівае злачынства?
— Да 1943 г. яны практычна не ваявалі, адседжваліся ў лясах. Паліцаі і партызаны жылі адносна мірна, толькі пад ціскам зьверху здараліся сутычкі. Але ў 1943 годзе Сталін пачаў патрабаваць канкрэтных вынікаў. Узяць паліцэйскі гарнізон у Дражна Іванову не хапіла таленту. Тады камандаваньне брыгады пайшло злачынным шляхам. Вырашылі спаліць вёску, забіць мясцовых жыхароў і выдаць іх за паліцаяў.
«За атрадам Кутузава марадэрскіх учынкаў шмат»
Віктар Хурсік уключыў у сваю кнігу сьведчаньні яшчэ некалькіх ахвяраў спаленьня Дражна. Гэтыя людзі ўжо памерлі.
Прыводзім урыўкі з кнігі “Кроў і попел Дражна”.
Справаздачная запіска кіраўніка адмысловага аддзелу НКУС Бязуглава “Пра палітыка-маральны стан 2-й менскай партызанскай брыгады”:
“... Вяртаючыся назад, заехалі (партызаны. — Рэд.) да Гурыновіча М., выдралі яшчэ 7 сем’яў пчол, зламалі замок, улезьлі ў хату, забралі ўсе рэчы, нават чыгун, забралі таксама 4 авечкі, 2 сьвіньні і іншае.
Дадзеным марадэрскім учынкам абуранае ўсё насельніцтва і патрабуе ад камандаваньня абароны.
За атрадам Кутузава марадэрскіх учынкаў вельмі шмат, таму неабходна па дадзеным пытаньні прыняць захады ў самым жорсткім парадку...”
Аповед сьведкі спаленьня Дражна Кацярыны Гінтаўт:
“У шасьцідзясятыя прызначылі нам новага кіраўніка. Быў ён спакойны такі. Можа, на другі ці трэці дзень ягонага прыходу здарылася паміж намі наступная размова.
— Дзе былі ў вайну? — спытала я.
— На фронце і ў партызанах.
— А дзе ў партызанах? У нас жа падчас вайны яны забілі многіх, спалілі паўвёскі.
— Былі ў Старадароскім раёне, у Дражна...
Я распавяла, што ў Дражна ў мяне застрэлілі сяброўку, спалілі і забілі іншых жыхароў. Як я яму гэта сказала, гляджу — чалавеку на вачах стала блага.
— Пайду ў шпіталь, — сказаў.
Празь некалькі дзён кіраўнік памёр”.
Іншае меркаваньне
Эмануіл Ёфэ: «Пралікі бываюць ва ўсіх»
Доктар гістарычных навук Эмануіл Ёфэ — галоўны ідэйны апанэнт Віктара Хурсіка. Да падзеяў 14 красавіка 1943 г. у Дражна ён ставіцца па-іншаму.
— Партызаны ня вінныя, яны выконвалі загад зьверху, — сьцьвярджае спадар Эмануіл. — Я працаваў з дакумэнтамі. Паводле маіх дадзеных, Дражна была буйным паліцэйскім гарнізонам. Пераважная большасьць жыхароў былі паліцаямі. Канечне, і камандзіраў партызанскіх брыгад ідэалізаваць нельга, я не здымаю зь іх пэўнай віны. Я асабіста размаўляў з многімі камандзірамі, вайна ёсьць вайна, усялякае здаралася ў запале барацьбы. Ды і загады зьніштожыць ворагаў давала Масква. Да камбрыга Іванова ў мяне дваістае стаўленьне. З аднаго боку, ён добрасумленна выконваў загады, але пралікі бываюць ва ўсіх.
Каментары